Дискотеки, бары, деревенские клубы: мы проверили, как подростки ведут себя на каникулах

Час пралiць святло

На працягу тыдня ў краіне праводзіўся спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Падлетак», накіраваны на зніжэнне колькасці правапарушэнняў непаўналетніх. Узрадаваныя першым такім адпачынкам пасля вольнага лета школьнікі часам дазваляюць сабе лішняе, прычым настолькі, што нават парушаюць закон. Каб пазбегнуць гэтага, яшчэ раз напомніць дзецям аб правілах паводзін, супрацоўнікі міліцыі наведалі месцы, дзе могуць збірацца падлеткі. Да інспектараў ІСН Пухавіцкага раёна далучылася карэспандэнт «Р».

pixabay.com

Зараз у вёсках Пухаўшчыны не так шмат месцаў, дзе праводзяць дыскатэкі. Адзін з дамоў культуры, дзе захавалася гэта традыцыя, — у вёсцы Пухавічы. Моладзь можа патанцаваць там з васьмі да дзесяці гадзін вечара: хоць на вуліцы падлеткам без бацькоў можна знаходзіцца да адзінаццаці гадзін, забаўляльныя ўстановы яны павінны пакідаць не пазней дзесяці. 

— У гэтыя дні мы наведаем месцы масавага адпачынку моладзі, у першую чаргу бары, дыскатэкі, клубы, паркі, скверы для своечасовай прафілактыкі, спынення правапарушэнняў, выяўлення асоб, схільных да іх учынення, — па дарозе расказвае Ігар Прадзільшчыкаў, участковы інспектар ІСН Пухавіцкага РАУС. — Наведаем непаўналетніх, якія пастаўлены ў нас на ўлік, паглядзім, чым яны займаюцца. Магчыма, удасца выявіць факты продажу алкагольных напояў непаўналетнім. 

На ганку Пухавіцкага сельскага Дома культуры размаўляюць і смяюцца падлеткі. Інспектары адразу заўважаюць тых, з кім даводзіцца бачыцца вельмі часта. 

— Адзін з хлопчыкаў мае судзімасць за хуліганства, другі не так даўно вярнуўся са спецыяльнай вучэбна-выхаваўчай установы закрытага тыпу, куда трапіў за шэраг адміністрацыйных правапарушэнняў і крымінальных учынкаў — хуліганствы, бойкі з аднагодкамі, — пералічвае Ігар Уладзіміравіч. 

Падлеткі сустракаюць супрацоўнікаў ІСН радасна, як добрых знаёмых, пачынаюць дзяліцца сваімі навінамі. Падчас размовы інспектар уважліва прыглядаецца — ці не патыхае ад каго алкаголем, ці не запаволены рухі, ці не блытаецца язык. Адзін з хлопчыкаў пацягвае з бутэлькі нейкі напой. Юлія Казак, старшы ўчастковы інспектар ІСН, просіць «патрымаць» яе, уваж-ліва прынюхваецца — сапраўды сок. 

Наступная кропка на маршруце — дом у вёсцы Блонь, дзе жыве юнак, з якім пастаянна праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Нядаўна ён вярнуўся з калоніі для непаўналетніх, дзе правёў паўгода. Спачатку пакаранне не было звязана з пазбаўленнем волі, але юны аматар чужых веласіпедаў парушаў вызначаны рэжым, вось і адправіўся туды на перавыхаванне. Хлопец аказваецца дома, сустракае супрацоўнікаў міліцыі ветліва, з гатоўнасцю расказвае пра сваю вучобу ў будаўнічым ліцэі. 

Нярэдка моладзь збіраецца ў скверы за Домам культуры ў Мар'інай Горцы, а таксама на стадыёне адной са школ. Надвор'е халоднае, тым не менш на ўсялякі выпадак праязджаем міма. Але там бязлюдна. 

Непагадзь, аднак, напалохала не ўсіх. Як расказаў Сяргей Патапенка, участковы інспектар ІСН Маскоўскага РУУС г. Мінска, двое падлеткаў пілі піва ў Рафіеўскім са-дзе. 14-гадоваму школьніку і 15-гадоваму навучэнцу каледжа набыў спіртны напой іх дарослы знаёмы. Занадта шумная кампанія прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў міліцыі. 

За ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны іх 18-гадовы сябар атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь і строгае папярэджанне. Складзены пратаколы за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей у дачыненні да бацькоў падлеткаў. Самі ж яны, зразумела, апынуліся на ўліку ў ІСН. 

Як паведамілі ў МУС, за 9 месяцаў бягучага года непаўналетнія дапусцілі больш за 12 000 адміністрацыйных парушэнняў, палову якіх складаюць распіванне спіртнога і з'яўленне на людзях у нецвярозым стане. Крымінальных злачынстаў здзейснілі каля 1200, у асноўным гэта крадзяжы. 

Ксенія ЯЎГЕНІЧ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter