Час прадаваць камяні

Як гісторыка-культурную спадчыну зрабіць прыбытковым турыстычным прадуктам.

Як гісторыка-культурную спадчыну зрабіць прыбытковым турыстычным прадуктам.

Пачастунак замест лекцыі

“НГ” ужо не раз ставіла праблему рубам: чаму руйнуюцца былыя шляхецкія палацы, а прыватныя прадпрымальнікі не хочуць набываць іх ва ўласнасць і аднаўляць? Як дзяржава спрыяе тым, хто бярэцца рэканструяваць і адраджаць старажытныя будынкі? Тым часам заканчваюцца работы ў Мірскім замку, дзе частка памяшканняў абсталявана пад гатэль: помнік сусветнага значэння, такім чынам, мае перспектыву ператварыцца ў эканамічна эфектыўнае прадпрыемства. Аднак пакуль што гэта ўсё толькі ідэі і надзеі. Некаторыя эксперты да перспектыў развіцця бізнесу ў сферы культурнай спадчыны ставяцца асцярожна. Генадзь Леўшын, дырэктар кампаніі “Беларустурсервіс”, якая займаецца прыёмам замежных гасцей, здзіўляецца маруднасці, з якой помнікі дойлідства ўключаюцца ў “абарот”: — Мірскі замак ужо шмат гадоў стаіць на рэстаўрацыі. Здаецца, многа зроблена, але па-ранейшаму для наведвальнікаў адкрыта ўсяго адна вежа. З пяці! Больш нікуды не пускаюць. Яшчэ адна праблема: большасць наведвальнікаў крэпасці складаюць школьнікі — зусім не тыя кліенты, якія прынясуць грошы. Хто яшчэ паедзе за сто кіламетраў ад Мінска, каб наведаць усяго адну вежу?! Таму трэба шукаць шляхі пашырэння кліентуры. Спадар Леўшын бачыць перспектыву Мірскага замка і яго прыбытковасць у стварэнні ля муроў цытадэлі забаўляльных цэнтраў — як для дарослых, так і для дзяцей. Як прыклад удалага бізнес-праекта на тэму гісторыі і культуры спецыяліст прыводзіць Дудуткі. І сапраўды, у гэтую сядзібу, якая створана ў голым полі на ўзор даўняга шляхецкага двара, выстройваюцца чэргі — не толькі з Мінска або Віцебска, а нават з Масквы. Чаму Дудуткі папулярныя і прыносяць прыбытак? — Сюды чалавек прыязджае адпачываць, — тлумачыць Генадзь Леўшын. — Тут не чытаюць манатонных лекцый. Турыст пагружаецца ў атмасферу мінулага, частуючыся беларускімі стравамі, напіткамі. Ідэя простая і эфектыўная.

Сервіс у кустах

Яшчэ адна прычына, па якой даволі цікавыя аб’екты не карыстаюцца дастатковай увагай публікі, — адсутнасць вакол іх належнай інфраструктуры. Няма дзе паесці, прыбіральня ў кустах... Такі турызм — усё роўна што адпачынак “дзікуном” у Крыме. Для кагосьці “нішто сабе”, але для масавага спажыўца такі прадукт непрымальны, нецікавы, мяркуе Галіна Патаева, дырэктар фірмы “Віяполь”. Турыстычная кампанія ўжо больш як паўтара дзесяцігоддзя ладзіць экскурсіі ў глыбінку. Аднак усё трымаецца на энтузіязме гідаў. Дзякуючы красамоўству экскурсавода людзі могуць датрываць да чарговага тэхнічнага прыпынку. — Аднак цярпець гатовы не ўсе, — падкрэслівае спадарыня Патаева. — З іншага боку, можа выклікаць толькі здзіўленне, чаму дагэтуль ні ў Крэве, ні ў Гальшанах, ні ў іншых легендарных мясцінах, якія не трэба раскручваць, якія прывабліваюць беларусаў ледзь не з дзяцінства, дагэтуль няма сувенірных лавак, прыстойных гатэляў, кавярняў. У Міры, між іншым, за апошнія гады адкрыліся некалькі кафэ. Паводле слоў Юліі Лізуновай, дырэктара рэстарана “Дарога замкаў”, завітваюць на вячэру і суайчыннікі, і замежнікі: “Праўда, пакуль што не адчуваецца падтрымкі з боку мясцовых улад. Некаторыя абывацелі глядзяць на нас з падазрэннем, як на несумленных камерсантаў”. Заўважу, што гасціны двор размешчаны ў будынку XVII стагоддзя, які новыя ўласнікі выратавалі з аварыйнага стану, прычым без ніводнай капейкі дзяржаўных сродкаў. Здавалася б, такі ўчынак можна толькі вітаць! У другой кавярні, каля самага замка і аўтобуснай стаянкі, прадаўшчыца паскардзілася, што няма спасу ад кантралюючых органаў: “Чапляюцца да кожнай пылінкі”. Настрой прыватных прадпрымальнікаў зразумелы: яны спрабуюць зарабіць грошы, задаволіць кліентаў, а ім ставяць палкі ў колы... Зрэшты, складанасць сітуацыі з сервісам заключаецца не толькі ў юрыдычных аспектах. Вось, напрыклад, Лунінецкае райспажыўтаварыства адкрыла рэстаран на трасе Гомель — Брэст. Гэта адзіны аб’ект прыдарожнага сервісу на брэсцкім Палессі, багатым здабыткамі культуры. Чаму не з’яўляюцца дадатковыя кавярні? Як сказаў кіраўнік Лунінецкага райспажыўтаварыства Максім Сумар, ствараць яшчэ больш пунктаў нерэнтабельна — не так ужо многа падарожнікаў на дарозе М10. Значыць, палка з двума канцамі: турыстаў мала, бо няма належнага сервісу, а сервісу няма, бо бракуе турыстаў?

Фактар адной ночы

Усе ўмовы для зарабляння грошай павінны быць у немалым і багатым на турыстычную экзотыку Полацку. Тут ёсць гатэль, не адно кафэ. Але... круг замыкаецца: няма ўсё тых жа забаўляльных комплексаў, якія прывабліваюць масавага турыста. Гэта значыць, што большасці падарожнікаў недастаткова атрымаць эстэтычную асалоду ад сузірання стромкіх вежаў Сафійскага сабора, адчуць трымценне ў сэрцы ад дакранання да ракі з мошчамі святой Еўфрасінні. — Для таго каб турызм стаў эфектыўнай крыніцай паступлення даходаў у мясцовы бюджэт, як мінімум патрэбна выкананне адной умовы: госць павінен хаця б раз пераначаваць у горадзе, — з цвёрдым эканамічным разлікам разважае Мікалай Ільюшонак, намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама. — У такім выпадку ў бюджэт паступяць адлічэнні за карыстанне гасцініцай, рознымі іншымі сервісамі. Што можа прымусіць вандроўніка затрымацца ў полацкім гатэлі? Паломнікі ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр спыняюцца пры царкоўных установах, у знаёмых. Школьныя экскурсіі паводле вызначэння аднадзённыя — танныя і хуткія. Але сапраўдны турыст не ставіць мэтай акінуць вокам дзівосы таго або іншага месца і рушыць хутчэй далей. Магчымасць адпачыць працяглы тэрмін у незвычайным месцы — вось што прываблівае масавага падарожніка ў Варшаву, Кіеў, Рым. Самі па сабе культурныя каштоўнасці цікавыя невялікай колькасці людзей. Але правесці нейкі час у сярэдневяковым квартале, забыцца на тое, што цяпер XXI стагоддзе, адчуць водар пэўнага месца, пакаштаваць экзатычныя стравы (хай то мідыі ці дранікі) — ад такога задавальнення, бадай, рэдка хто адмовіцца.

Крэатыў на голым месцы

Вядома, хадзіць па цудоўных вуліцах Полацка або Нясвіжа ды пазіраць на сцены будынкаў — на гэта не трэба многа часу. А як завабіць турыста ўнутр сцен і зрабіць знаходжанне там незвычайным, з элементамі мясцовай гастранамічнай або карнавальнай традыцыі — задача для піяршчыкаў і эканамістаў. Рэстаўратары ж мусяць толькі аднавіць аўтэнтычныя інтэр’еры, а турбізнесмены даставіць падарожнікаў. Некаторыя гістарычныя цэнтры, нягледзячы на складанасці, усё ж развіваюцца. Дудуткі ўзніклі з нуля і працуюць як адзін з нямногіх сапраўдных турыстычных цэнтраў. Мірскі замак — гатовая “цацка”, Полацк мае статус цэнтра Еўропы і асяродка духоўнасці. Магчыма, каб апрача школьнікаў там з’яўлялася больш дарослых і заможных падарожнікаў, трэба сапраўды падумаць пра распрацоўку арыгінальных рэкламных “фішак” ды памеркаваць з інвестарамі наконт забаўляльнай інфраструктуры. Кажучы пра забавы, разважаць даводзіцца сур’ёзна. Справа не ў тым, каб пабудаваць копію парыжскага Дыснейлэнда, куды ўжо каторы месяц заклікае адпраўляцца дзятву сваіх кліентаў адзін айчынны банк. Арыгінальных форм адпачынку можа быць безліч. Што замінае, напрыклад, адкрыць у любым мястэчку Беларусі партызанскую кавярню? А як вам прапанова паабедаць пад скляпеннямі замка Радзівілаў? Або набыць адбітак старонкі Бібліі з-пад друкарскага варштата Скарыны, Буднага? І ў Міры, і ў Полацку, і ў Нясвіжы такія рэкламныя хады карысталіся б папулярнасцю і сталі б добрай нагодай для шырокай публікі завітаць у гэтыя мясціны — за сто і больш кіламетраў ад роднага дома.

Паводле звестак упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, у 2009 годзе ў краіне рэстаўрыруецца каля 500 помнікаў дойлідства. Але нямала будынкаў па-ранейшаму ляжыць у руінах. Прычым сярод “нешчасліўцаў”, да якіх не дайшлі рукі, — Крэўскі, Навагрудскі замкі. Ад таго, ці захаваюцца гэтыя аб’екты, залежыць турыстычная перспектыва цэлых рэгіёнаў.

Аўтарытэтна

Аляксей НОВІКАЎ, намеснік генеральнага дырэктара кампаніі “Беларускі спадарожнік”: “На ўваходных білетах у музеі не заробіш” Экскурсіі па Беларусі — увогуле рэнтабельны прадукт, які ў нашай кампаніі па запатрабаванасці толькі на дзесяць працэнтаў саступае паўднёвым краінам: Турцыі, Егіпту ды іншым. Для вандровак па бацькаўшчыне мы маем уласны парк транспарту. Даход атрымліваем ад камісійных за пражыванне ў гасцініцах і працэнты з іншых паслуг. На ўваходных білетах у музеі, вядома ж, не заробіш. Што да праблем з інфраструктурай, то ў цяперашніх варунках маршруты пракладваюцца з тым разлікам, каб “чапляць” аб’екты прыдарожнага сервісу. Дзеля аптымальнага планавання падарожжа гіды ўвесь час цікавяцца пажаданнямі і заўвагамі кліентаў. За апошнія гады стала больш турыстаў з-за мяжы, якія падарожнічаюць па Беларусі, — каля 15 працэнтаў ад агульнай колькасці вандроўнікаў, пераважна гэта расіяне і грамадзяне Еўрапейскага саюза.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter