Час поспеху

«Драўляны народ» узяў прыз у Германіі, а «Піліпка» — у Маскве

«Драўляны народ» пакарыў гледачоў кінафестываля ў Германіі, а ў Маскве лепшым сярод усіх стаў «Піліпка»

Дакументальная стужка «Драўляны народ» беларускага рэжысёра Віктара Аслюка ўдастоена прыза глядацкіх сімпатый у катэгорыі фільмаў працягласцю да 45 хвілін на X Міжнародным кінафестывалі «Eberswalde» ў Германіі. Усяго на кінафоруме было прадстаўлена 65 конкурсных дакументальных, кароткаметражных і анімацыйных фільмаў з больш чым 50 краін свету.

Карціна «Драўляны народ» распавядае пра адзінокага старога — разьбяра па дрэве Мікалая Васільевіча Тарасюка. Яму каля 80 гадоў. Ён адзіны карэнны жыхар апусцелай вёскі ў Пружанскім раёне, што на ўскрайку Белавежскай пушчы. Мікалай Тарасюк выразае з дрэва і размяшчае ў сябе ў двары копію вёскі, дзе ўжо даўно, акрамя яго, ніхто не жыве. За некалькі дзесяцігоддзяў з выразаных з дрэва чалавечых фігурак майстар стварыў вакол сябе цэлае грамадства драўляных людзей. У гэтай драўлянай вёсачцы па-ранейшаму ткуць, збіраюць ураджай, жэняцца, хаваюць памерлых, ходзяць у царкву драўляныя двайнікі тых, каго ведаў Мікалай Тарасюк.

Стужка «Драўляны народ» знята на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у 2011 годзе і ўжо была прадстаўлена на кінафестывалях дакументальнага кіно ў Таронта і Парыжы, адзначана прызамі ў Італіі.

Нагадаем, Віктар Аслюк — аўтар каля двух дзясяткаў дакументальных фільмаў, уладальнік многіх прэстыжных еўрапейскіх кінапрэмій, ён — адзін з самых вядомых і тытулаваных айчынных рэжысёраў неігравога кіно, з’яўляецца правадзейным членам Еўрапейскай кінаакадэміі.

---------------------------------------------

Дарэчы

Днямі скарбонку сваіх узнагарод папоўніў і беларускі мультфільм «Піліпка» рэжысёра Таццяны Кубліцкай, зняты паводле беларускай народнай казкі пра маленькага хлопчыка, які сваёй дабрынёй здолеў перамагчы злосную Бабу-Ягу. Стужка заваявала Гран-пры ў Маскве ў конкурсе анімацыйных карцін X Міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю «Прамяністы анёл».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter