Час пошукаў i адкрыццяў

Сярод туманнай сакавiцкай слаты цяжка ўгледзець штосьцi дзiвоснае,каб ажно дух захапiла.Але раптам праблiсне прамень вясновага ўпартага сонца-i свет здаецца прыўкрасным i стракатым,i нават прывычныя з дзяцiнства воку рэчы,будынкi,пейзажы ззяюць новымi,дагэтуль нязнанымi фарбамi i адценнямi.А ад усведамлення таго,што ўсё гэта побач з табой,ты можаш дакрануцца,разгледзець,адчуць еднасць з усiм,што бачыш вакол,што ведаеш з нараджэння,сапраўды перахоплiвае дыханне i хочацца спяваць на ўвесь голас... Знаёмае адчуванне,цi не так? I прыходзiць яно,хоць на хвiлю,да ўсiх,iменна напрадвеснi,калi праз густую пялюшку туману ўпарта прабiваецца халаднаватае яшчэ сакавiцкае сонца. Гэта я,уласна да чаго?Сакавiк,самы што нi ёсць час для пошуку цудаў.Вашы апошнiя лiсты-таму сведчанне.I своеасаблiвае запрашэнне далучацца да нашай кагорты няўрымслiвых краязнаўцаў,якiя шукаюць цуды ў сваёй Айчыне i спяшаюцца падзялiцца сваiм шчырым захапленняем ад адкрыцця“найлепшай у свеце Амерыкi”-сваёй роднай зямлi.
Крычаўская суднаверф

“З цiкавасцю пазнаёмiўся з пiсьмамi чытачоў наконт “Сямi цудаў  Беларусi” — пiша пiсьменнiк Анатоль Бутэвiч, iнтэрв’ю з якiм мы  змяшчалi ў мiнулым выпуску праекта. — Не хлушу, што з цiкавасцю, бо слова чытача заўсёды цанiў асаблiва, меў да яго асаблiвыя адносiны. Чытач, якi жыве ў пэўным куточку нашай Радзiмы, ведае пра гэты куточак, пра яго жыхароў, пра гiстарычныя падзеi, з’явы, помнiкi i легенды сваёй зямлi больш за любога журналiста...
Анатоль Iванавiч прапанаваў таксама паводле вашых лiстоў скласцi вынiковы спiс менавiта з сямi цудаў, абраных чытачамi (у якi ўвойдуць тыя сем аб’ектаў, якiя найчасцей будуць на працягу года сустракацца ў вашых пiсьмах). Тым чытачам, найбольшая  колькасць прапаноў якiх супадзе з вынiковым спiсам, спадар Анатоль падпiша i падаруе свае кнiгi з серыi “Сем цудаў Беларусi”.
Так што пiшыце, прапануйце свае цуды. Узнагарода, слава i прызнанне чакаюць вас у “Народнай газеце”.
Як  прыклад таго, што цуды зусiм побач, варта толькi прыгледзецца i захацець iх убачыць i пра iх расказаць, мы змяшчаем эсэ Анатоля Бутэвiча пра Крычаў. Дакладней, пра Крычаўскую суднаверф. Вы пра такую i не чулi? Тады — чытайце.

Беларусы сапраўды маюць непасрэднае дачыненне да марскiх традыцый. I не толькi таму, што многiя нашы продкi былi адмысловымi мараходамi. 3 iхняга асяроддзя часта вылучалiся кемныя i таленавiтыя суднабудаўнiкi, праектанты, вынаходнiкi, аўтары нязвыклых iдэй.
Ды з усiх марскiх старонак беларускай гiсторыi найбольш значнай з’яўляецца крычаўская. Дагэтуль здзiўляе факт iснавання ў Крычаве суднаверфi, якая спрыяла запачаткаванню расiйскага Чарнаморскага ваеннага флоту. Спрычынiўся да гэтай справы вядомы расiйскi дзяржаўны i ваенны дзеяч граф Рыгор Пацёмкiн. Пасля ўдзелу ў палацавым перавароце, у вынiку якога на царскi трон узышла Кацярына II, Пацёмкiн стаў фаварытам iмператрыцы, атрымаў у валоданне шмат беларускiх зямель. 3 1776 года яму належала i Крычаўская воласць.
Як чалавек кемлiвы i з вялiкiмi грашыма, граф iмкнуўся з выгадай скарыстаць багаццi. Вось i заманулася яму ператварыць заштатны Крычаў у прамысловы i гандлёвы цэнтр заходнееўрапейскага кшталту. Ён запрасiў у графства вядомага англiйскага фiлосафа, сацыёлага i юрыста I. Бентама, якi дапамог у пабудове Крычаўскай суднаверфi.
Сам жа Пацёмкiн у гэты час займаўся прамысловым асваеннем Паўночнага Прычарнамор’я. Ён кiраваў будаўнiцтвам ваеннага i гандлёвага флатоў на Чорным моры, узвядзеннем новых рускiх гарадоў. Вось тады граф звярнуў пiльную ўвагу на Крычаў. Незадоўга да гэтага звыклы рытм жыцця быў парушаны тут неверагодным здарэннем: у 1743 — 1744 гадах адбылося антыфеадальнае паўстанне сялян, на чале якога стаяў Васiль Вашчыла. Аднак гаспадары Крычаўскага староства Радзiвiлы задушылi ваяўнiчы дух бунтаўшчыкоў. Разважны розум Пацёмкiна прывёў да высновы, што сяляне, звыш галавы загружаныя працай, не будуць мець часу на вольналюбiвыя памкненнi.
Калi ў 1778 годзе пачыналася будаўнiцтва Херсонскага адмiралцейства, там працавалi каля тысячы беларусаў з уладанняў графа Пацёмкiна. А ў 1785 годзе паводле ягонага загаду ў Крычаве была збудавана суднаверф, якая мела заняць працай практычна ўсiх сялян воласцi. Яна прызначалася для забеспячэння ваеннага флоту на Чорным моры i будаўнiцтва рачных суднаў. Было створана нават Крычаўскае аддзяленне Херсонскага адмiралцейства. Тут узвялi высокую стромую вежу з варотамi, са шпiлем i абавязковым караблiкам на iм. Такой адметнасцi не меў нi адзiн беларускi горад.
Крычаўская суднаверф знаходзiлася на рацэ Сож, якая праз Днепр была звязана з Херсонам i Краменчугом. Даследчык крычаўскай даўнiны Андрэй Меер зазначаў, што “Крычаў тым хутчэй здабудзе сабе славу, калi на такой рацэ мець будзе ў сябе верф, якая не толькi Чарнаморскi флот забяспечваць будзе дваццацiгарматнымi i iншымi ваеннымi караблямi, але i вырабляць у сябе розныя карабельныя прыпасы, прадаваць iх чужым, а жадаючым скарыстацца з чарнаморскага гандлю гандлёвыя караблi за грошы дастаўляць здолее”.
Практычна так i сталася. Беларускiя вытворцы пастаўлялi для Чарнаморскага ваеннага флоту парусiну i канаты, мачтавы i будаўнiчы лес. Неўзабаве Крычаўскае графства стала галоўным экспарцёрам драўнiны для патрэб флоту. Нават жыхары Рагачова i Чэрыкава нарыхтоўвалi мачтавы лес, якi на плытах i барках адпраўляўся ў далёкае чарнаморскае падарожжа.
Крычаўскiя майстры дбайна шчыравалi на паруснай i канатнай мануфактурах. Сяляне-ткачы выраблялi тканiну для карабельных ветразяў, а майстры канатнай мануфактуры прадукавалi 13 вiдаў канатаў. Крычаўскае графства неўзабаве заняло першае месца па забеспячэннi Херсонскага адмiралцейства канатамi, парусiнай i такелажам. Аднак самым значным прадпрыемствам лiчылася суднаверф. На беразе Сожа быў збудаваны док, мелiся вялiкiя вытворчыя памяшканнi, чарцёжныя i прамысловыя майстэрнi.
Выключная майстравiтасць i ўвiшнасць тутэйшых працаўнiкоў спрыялi таму, што Пацёмкiн не баяўся даручыць iм самыя складаныя заданнi. Лiтаральна праз год пасля адкрыцця верфi крычаўскiя майстры збудавалi першую рачную флатылiю з 13 яхтаў i 12 ластавых суднаў. Прызначалася яна для самой Кацярыны II, якая праз год павiнна была падарожнiчаць у Наваросiю. Судны маглi плысцi як пад ветразямi, так i на вёслах.
У 1787 годзе iмператрыца наведала Беларусь. Па дарозе ў Крым яна мела гонар “ашчаслiвiць” сваёй прысутнасцю Мсцiслаў, Крычаў, Прапойск, Чачэрск, Гомель. У Крычаве высокая асоба з’явiлася 19 студзеня i “изволила” абедаць i начаваць у палацы свайго даўняга фаварыта графа Пацёмкiна.
У тым жа годзе намаганнямi Пацёмкiна закончылася будаўнiцтва ваеннага Чарнаморскага флоту. Быў ён драўляны, з беларускага лесу таксама, з крычаўскiмi мачтамi, канатамi, ветразямi. Камандаваць iм даверылi вядомаму рускаму флатаводцу, будучаму адмiралу Ф.Ушакову. Увайшла туды i флатылiя, збудаваная для Кацярыны. Крычаўская суднаверф спынiла сваё iснаванне на пачатку XIX стагоддзя.

Анатоль БУТЭВIЧ

13m.jpgТаццяна Рабко з Мазыра даслала выразаны з нашай жа газеты фотаздымак яе роднага горада з вышынi птушынага палёту. “Мазыр — адзiн з самых незвычайных гарадоў не толькi Беларусi. Яго без перабольшвання называюць i беларускай Швейцарыяй, i жамчужынай Палесся. Дом, у якiм мы жывём, знаходзiцца на вулiцы Савецкай, непадалёк ад цэнтральнай плошчы. Якi прыгожы краявiд адкрываецца з нашых вокнаў! Левы бераг Прыпяцi, дзе да самага далягляду рассыпана вялiкая колькасць вялiкiх i малых азёр, а ў пойме ракi размешчаны затокi — старыцы. Самая вялiкая i рыбная з iх Мерлявiца. А з другога боку нашага дома знаходзiцца схiл пагорка, на якiм стаiць педунiверсiтэт. Схiл пакрыты дрэвамi, i вясной мы засынаем пад найлепшую калыханку — салаўiныя спевы... Такая велiчная прыгажосць — у кожным куточку Мазыра. Горад наш размешчаны на ўзгорках, яго вулiцы iмклiва збягаюць унiз, да ракi. Мазыране i госцi нашага горада лiчаць, што Мазыр — самы прыгожы, чысты, сонечны i з’яўляецца адным з сямi цудаў Беларусi, а калi адкiнуць сцiпласць — дык i ўсяго свету”.
Што дадаць да пiсьма Таццяны Мiтрафанаўны? Бадай што толькi тое, што кожны жыхар Беларусi павiнен пабываць у Мазыры хоць аднойчы. Бо гэта сапраўды горад на ўскраiне Неба. Здаецца, калi Усявышнi можа чуць нашы лiтаннi, то iменна з мазырскiх пагоркаў  яны даходзяць да Яго хутчэй за iншыя. Не верыце? Паедзьце ў сталiцу Палесся (без перабольшвання, Мазыр быў калiсьцi цэнтрам Палескай вобласцi) — i самi ў тым пераканаецеся.

13p.jpg
Пётр Сушко з Салiгорска прапануе ўключыць у разрад беларускiх цудаў слуцкiя паясы. “Замест персiдскага ўзору узор радзiмы васiлька”... Хто яшчэ са школьных гадоў не памятае гэтыя багдановiчавы радкi. На тканых з залачонага шоўку паясах, якiмi ў васемнаццатым стагоддзi падпяразвалiся беларускiя магнаты, i праўда — васiлькi ды мальвы... У свой час яны былi прадметам раскошы, прыкметай багацця ўладара. Сёння яны — наша агульная каштоўнасць, прыкмета багацця спадчыны народа, якi гэты цуд захаваў.

 

13.jpgVasily з Мiнска, госць нашага сайта www.ng.by прапануе ў спiс сямi цудаў нашай краiны ўключыць Браслаўскiя азёры. Яны на самай справе таго вартыя. А калi  да дзiвосных краявiдаў дадаць дзiвосныя паданнi, амаль з кожным возерам звязаныя. Як, напрыклад, легенда пра ўзнiкненне азёраў Дрывяты, Навяты i Снуды, што вакол Браслава, ды i самога горада. Яна распавядае пра трох братоў  Браса, Нова i Снуда, якiя кахалi князёўну Дрыву. Капрызная паненка заявiла, што выйдзе замуж за самага моцнага з братоў. Самы дужы з iх быў Брас, таму малодшыя вырашылi забiць яго. Але памылiлiся — забiлi слугу. Самi ж не ведаючы пра памылку, пачалi двухбой — жывым павiнен быў застацца толькi адзiн, Дрыва не змянiла сваёй умовы. Урэшце браты забiлi адно аднаго, князёўна з раскаяння кiнулася ў возера, а цудам выратаваны Брас заснаваў горад i назваў яго сваiм iменем. А азёры вакол паселiшча атрымалi назвы ў памяць яго няшчасных братоў ды прыгажунi, якая давяла iх да смерцi... На Замкавай гары сучаснага горада — а замчышча ў Браславе адно з самых высокiх i прыгожых у Беларусi — сёння стаяць выразаныя з дрэва на поўны рост фiгуры герояў гэтай легенды.

Рука сама пацягнулася да ручкi i паперы пасля ўсяго вышэйпрачытанага, бо вы ведаеце пра нейкi iншы цуд i можаце не горш пра яго расказаць? Не ганiце ад сябе гэтага высакароднага жадання, падзялiцеся сваiм адкрыццём з “Народнай газетай”. Мы чакаем  вашых новых допiсаў i верым у тое, што яны абавязкова будуць, бо верым у вас — свайго кемлiвага нераўнадушнага чытача.
Чакаем вашых лiстоў  з пазнакай “Сем цудаў Беларусi” на адрас рэдакцыi.

Алена ЛЯЎКОВIЧ, “НГ”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter