Час патрабуе новых падыходаў

Да 2015-га Міншчына плануе мадэрнізаваць усе сельгасаб’екты

Да 2015 года на Міншчыне плануюць мадэрнізаваць усе сельскагаспадарчыя аб’екты

Кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй прэс-канферэнцыі для айчынных і замежных СМІ падкрэсліў, што мадэрнізацыі ў Беларусі зараз надаецца агульнадзяржаўнае значэнне. Яна дасць магчымасць айчынным вытворцам упэўнена адчуваць сябе ва ўмовах канкурэнтнай барацьбы.

Аграпрамысловы комплекс сталічнага рэгіёна ўжо ўключыўся ў працэс комплекснай тэхнічнай і эканамічнай мадэрнізацыі. Такі падыход павінен вывесці АПК Міншчыны на якасна новы ўзровень развіцця. У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю 24 сучасныя малочнатаварныя фермы, рэканструяваны і мадэрнізаваны 323. «Будучае жывёлагадоўлі — за рабатызаванымі МТФ. Ужо ў бліжэйшай перспектыве яны з’явяцца ў кожным раёне Мінскай вобласці. Таксама будзе працягнута будаўніцтва сямі свінагадоўчых комплексаў з замкнутым цыклам вытворчасці агульнай магутнасцю 300 тысяч галоў», — адзначае старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура.

Усяго ў планах на рэканструкцыю — 323 МТФ з абсталяваннем іх сучаснымі даільнымі і халадзільнымі ўстаноўкамі. «Увядзенне ў эксплуатацыю малочнатаварных ферм з такім абсталяваннем будзе садзейнічаць выкананню ў 2013 годзе задання па валавым надоі малака 1,7 млн. л. А да 2015 года мы павінны выйсці на гадавы паказчык у 2,5 млн. л», — дзеліцца планамі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Віталь Грышанаў.

На будаўніцтве і рэканструкцыі МТФ работа не спыняецца, і да канца 2015 года на Міншчыне маюць намер мадэрнізаваць усе сельскагаспадарчыя аб’екты.

«На першы план пастаўлена задача забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, павышэння эканамічнай эфектыўнасці яе вытворчасці і рэалізацыі. А гэта значыць, што прыбытак і самафінансаванне закліканы стаць галоўнымі крытэрыямі перспектыўнага развіцця галіны», — лічыць Барыс Батура. Зараз вобласць скіравана на стварэнне ў АПК буйных інтэграцыйных структур — аграпрамысловых холдынгаў, дзе перапрацоўчыя прадпрыемствы і сельгасарганізацыі будуць працаваць у цеснай кааперацыі. На Міншчыне ўжо ёсць добры вопыт у гэтым накірунку. Поўны цыкл вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі ўкаранёны ў агракамбінатах «Сноў» і «Дзяржынскі», а ў перспектыве холдынгавыя групы плануецца стварыць у кожным раёне вобласці.

Выніковай стала работа па тэхнічным перааснашчэнні і мадэрнізацыі прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. Гэта дало магчымасць істотна пашырыць асартымент цвёрдых сычужных сыроў, мягкіх сыроў, павялічыць выпрацоўку сухіх малочных прадуктаў. А мясакамбінаты асвоілі і вырабілі каля 800 найменняў новых відаў мясных прадуктаў.

Зараз у вобласці завяршаецца рэканструкцыя на Бярэзінскім філіяле ААТ «Здравушка-мілк», рэалізуецца праект па вытворчасці сыру «Мацарэла» ў ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат».

У цэлым жа комплексная мадэрнізацыя накіравана на паглыбленне спецыялізацыі вытворчасці, больш поўнае выкарыстанне ўнутраных рэсурсаў і рэзерваў, канцэнтрацыю сродкаў на прыярытэтных накірунках гаспадарання, інтэнсіфікацыю вытворчасці, зніжэнне сабекошту і павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter