Над Свіслаччу з’явіцца прыгожая прагулачная зона

Час наводзiць масты

У Мінску рэканструююць і добраўпарадкуюць адзін з мастоў цераз Свіслач.

Гутарка ідзе пра мост, які з’яўляецца ўчасткам праспекта Машэрава ў раёне галоўнага офіса Банка развіцця. Ён пабудаваны ў 1992 годзе і зараз патрабуе абнаўлення. Паводле вынікаў абследавання, мост не знаходзіцца ў аварыйным стане і цалкам спраўляецца з нагрузкай, рамонт яму патрэбны планавы, па прадугледжаных нарматывах.

Мост над Свіслаччу не толькі адрамантуюць, але і ўпрыгожаць.

Праект капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй моста падрыхтаваны па заказе УП «Гардарбуд» напрыканцы мінулага года, зараз ён знаходзіцца на экспертызе. Прадугледжаны аднаўленне, а пры неабходнасці і замена апорных канструкцый, арганізацыя водаадліву з верхняй часткі, а таксама аднаўленне швоў і дарожнага палатна. 

— Акрамя існуючых тратуараў на мосце была пакінута зона пад трамвайны рух, — напомніў дырэктар УП «Мінскінжпраект» Аляксей Гаварко. — Але ў бліжэйшыя планы горада не ўваходзіць запуск трамвая на гэтым участку праспекта Машэрава. Таму рэзервовая зона будзе абсталявана малымі архітэктурнымі формамі, элементамі добраўпарадкавання, падсветкай і перапрафіліравана для руху пешаходаў і веласіпедыстаў. Гэта павінна ўдала дапоўніць прагулачную зону каля Свіслачы. Захаваецца і перспектыўная магчымасць пропуску трамвайнай лініі.

Пад капітальны рамонт адводзіцца прыкладна паўгода. Аляксей Пятровіч запэўніў, што праспект Машэрава на гэты тэрмін перакрываць не будуць — праектам прадугледжана паэтапнае выкананне работ. Абавязкова будзе захавана магчымасць руху па дзвюх паласах у абодвух напрамках. 

Масты — гэта складаныя інжынерныя збудаванні, якія маюць патрэбу ў рэгулярным абследаванні і перыядычным капітальным рамонце. Пацвярджэннем таму стала сітуацыя, якая склалася з некаторымі мастамі ў краіне. Нагадаем, сёння ўвогуле забаронены рух па аўтамабільным мосце праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, які трэснуў і правіс. Аўтамабільныя зносіны там пакуль ажыццяўляюцца праз пантонную пераправу. Акрамя таго, забаронены рух грузавога аўтатранспарту па мосце цераз раку Ула ў Чашніках Віцебскай вобласці, на якім прасела бетонная пліта, а таксама па мосце цераз Сож на трасе М-8 — з-за карозіі ў адным з блокаў прыйшла ў непрыдатнасць арматура. Для пешаходаў і легкавушак рызыкі няма. 

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter