Маршрут паштальёна вымяраецца добрымі водзывамі

Час і кіламетры

Па заканчэнні школы ў роднай вёсцы Рудкоўшчына Сенненскага раёна Валянціна Басанкова адправілася атрымліваць прафесію повара ў абласны цэнтр. Тут выйшла замуж, нарадзіла сына. Муж працаваў на пошце, часта ёй гаварыў: “Пераходзь”. Потым у яе жыцці пайшла чорная паласа: муж загінуў у аварыі і неўзабаве Валянціна даведалася, што сталовая, дзе яна працавала, зачыняецца. Вось і ўспомніла пра пошту. Як прыйшла ў студзені 1994-га ў 1-е аддзяленне, так і да гэтага дня там.

Абыход участка займае не адну гадзіну. І гэта не праменад улегцы. На плячы цяжкая сумка. Кіламетраж маршруту — 11,6 км. І гэта без уліку пад’ёмаў на паверхі і заходаў у кватэры. Але Валянціна Басанкова ніколі нікому не скардзіцца. Здаецца, гэтыя 11 кіламетраў для яе як адзін крок.

Яна ўжо прывыкла да пад’ёму ў 5.20, каб праз гадзіну быць на працы, хаця афіцыйна працоўны дзень з сямі. Трэба разабраць газеты, часопісы, лісты, аформіць пасылкі.

На ўчастку № 10, які Валянціна Басанкова таксама нязменна абслугоўвае 23 гады, ёсць і прыватныя дамы, і шматпавярховыя.

— За гэтыя гады ўжо ведаю ўсіх пайменна: бабуль, дзядуль, іх дзяцей, унукаў, многія з іх выраслі на маіх вачах. Кагосьці ў армію адпраўляла, жаніла, замуж выдавала. Я для іх проста цётка Валя. Ведаю ўсе сямейныя таямніцы. Паштальёну даводзіцца быць і псіхолагам: з кожным трэба пагаварыць або проста выслухаць, кагосьці пашкадаваць, нешта параіць. Да некаторых прыходзіш, а яны цябе чакаюць так, быццам у іх няма дзяцей, якія, праўда, часам прыходзяць радзей, чым паштальён, — распавядае Валянціна.

На сваім участку яна сустрэла і цяперашняга мужа:

— Вось ужо 10 гадоў разам, у 42 нарадзіла другога сына. Зараз старэйшаму 27 гадоў, жыве і працуе ў Мінску, а малодшаму — 8, скончыў 2-гі клас.

Муж працуе слесарам на чыгунцы. 

І гэта яго абавязак — збіраць і адвозіць у школу сына, таму што Валянціна можа гэта рабіць толькі па панядзелках, калі ёй на працу к девяці. Калегі пра Басанкову кажуць, што яна спагадная, старанная, адказная, добры таварыш, заўсёды прыйдзе на дапамогу. Аператар 1-га класа Галіна Мароз (менавіта аператарам за ўсё даюць справаздачу паштальёны) удакладняе:

— Скарг на яе няма, кліенты задаволеныя, асабліва пенсіянеры. Да кожнага падыход патрэбен, з імі і пагаварыць трэба, і ласкавае слова сказаць. У яе ўсё атрымліваецца. Каб мець прыстойную зарплату, тавару трэба прадаць на 700 рублёў у месяц. З гэтым заданнем спраўляюцца не ўсе. Валя ў нас у перадавіках і па тавары, і па падпісцы.

Праца паштальёна складаная, таму многія маладыя не вытрымліваюць. Старажылам кліенты давяраюць настолькі, што, калі ім прыносяць пенсію, нават пералічваць не хочуць — упэўненыя ў сумленнасці.

— Калі разношу пенсіі, усе ўжо чакаюць, дзверы адчыненыя. Грошы аддала, прапанавала падпіску, тавар. Аднойчы нават пліту газавую заказалі. Нікому ні ў чым не адмаўляю, — кажа Басанкова.

Усё ў руках не панясеш, таму на яе маршруце ёсць тры апорныя скрыні, куды машына развозіць неабходны тавар і карэспандэнцыю для бліжэйшых дамоў.

Паштальёны працуюць пры любым надвор’і. І калі вялікі мароз, добрыя людзі заўсёды запрашаюць папіць чаю:

— Іншы раз прыходжу, а гаспадары пякуць сырнікі, блінцы або дранікі, тады ўжо нікуды не адпусцяць, пасадзяць, накормяць.

Ёсць і непрыемныя ўспаміны. Быў на ўчастку адзін мужчына, які заўсёды адчыняў дзверы ў майцы і трусах. Спачатку жанчына бянтэжылася, хутка сыходзіла, але потым перамагла сваю сарамлівасць і папрасіла яго надалей апранаць штаны. Ён вельмі здзівіўся такой просьбе, але ўсё-такі яе выканаў.

Быў яшчэ выпадак, калі ў дзядулі, якому шмат гадоў запар яна насіла пенсію, пачаліся правалы ў памяці. Праз месяц ён прад’явіў прэтэнзіі, што ў мінулым месяцы грошай не хапала. Як потым высветлілася, памыліўся. Надалей у такіх выпадках яна стараецца аддаваць грошы пры сведках.

Дарэчы, для працы паштальёнам выдаюць “бегавыя” скураныя туфлі, курткі, газавыя балончыкі, камізэлькі для нашэння грошай — без іх тыя не маюць права выходзіць на маршрут. Калі, да прыкладу, у паштальёна ўкралі грошы, а ён быў без камізэлькі, значыць, сам вінаваты. Але пакуль, на шчасце, ва ўсім аддзяленні такіх выпадкаў не было:

— Людзі на маім участку добрыя, яны мяне таксама аберагаюць: калі бачаць кагосьці падазронага, заўсёды папярэдзяць, каб туды не хадзіла.


У адну з субот я адправілася з паштальёнам па яе звыклым маршруце. Даведалася, што ў знаёмых мне месцах Віцебска, аказваецца, ёсць такія сцежкі, пра існаванне якіх я нават не падазравала.

Падышлі да дзевяціпавярховага дома і — наперад, дакладней, наверх, спачатку на дзявяты паверх, там раздалі пенсіі і пошту, потым усё ніжэй і ніжэй. Давялося мне пачуць і такія словы:

— Валюша — добры чалавек, уважлівы. Зробіць усё, пра што папросіш. Прыносіць мне алей, рыс, грэчку, печыва, тушонку, іншыя прадукты. Я ў яе выпісваю кулінарныя часопісы — люблю што-небудзь новенькае гатаваць.

Валянціна Басанкова ведае пра ўсе прыхільнасці сваіх кліентаў, у тым ліку і па перыёдыцы. Ёсць на ўчастку падпісчыкі, якія гадамі выпісваюць адны і тыя ж газеты і часопісы, а ёсць і тыя, хто ў пастаянным пошуку.

Дар’я Даўгажданая

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter