Учора пачалі ўключаць ацяпленне ў сацыяльных аб’ектах Мінска — дзіцячых садках, школах, бальніцах. Зусім хутка — з 1 кастрычніка — пацяплее і ў жылых дамах горада. Такое рашэнне прыняў гарвыканкам з улікам неспрыяльнага прагнозу надвор’я. Карэспандэнт «Р» даведалася, у якую суму абыдзецца ацяпленне ў гэтым сезоне.

Святлана Цімошкіна, намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зазначыла, што да заўтрашняга дня праверку да ацяпляльнага сезона пройдуць усе аб’екты на абслугоў-ванні арганізацый ЖКГ:
— Мы ўжо атрымалі 99 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці жылых дамоў, план па рамонце дахаў выкананы на 99,8 працэнта, а стыкаў сценавых панэляў — на 108,9 працэнта. Таксама мы правялі прафілактычны рамонт сістэм ацяплення. Пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц атрымалі 99,7 працэнта кацельняў на балансе ЖКГ.

Начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Літвінчук назвала прыблізны кошт ацяплення двухпакаёвай тыпавой кватэры. Паводле яе слоў, па цяперашніх тарыфах ён складзе 22,1 рубля.
matuzova@sb.by