Аляксандр Кашпераў зняўся ў новым серыяле Уладзіміра Краснапольскага “Экспрапрыятар”

Час Герастратаў

С зоркай мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандрам Кашперавым ніколі не разумееш, калі ён кажа сур’ёзна, а калі жартуе. Ёсць такія людзі, у вуснах якіх нават самая жартаўлівая бязглуздзіца будзе выглядаць пераканаўча. Аляксандр Барысавіч заўсёды шмат здымаўся ў кіно, іграў у любімым тэатры, займаўся дубляжом. Ён і сёння не страціў ні сваёй харызмы, ні энергетыкі. Прагне працы, і яна яго знаходзіць. На яго спектаклях “...Забыць Герастрата!”, “Хто смяецца апошнім”, “Дзве стралы” і іншых заўсёды аншлаг. Быццам бы глядач хоча зарадзіцца ад Кашперава аптымізмам і станоўчым светапоглядам.


mediapsart.ru
— Прыемна, калі цябе хваляць. Вось кажуць, што Герастрат у мяне добры атрымаўся. Яго ж такім зрабіла само жыццё: яму нават у карты не шанцавала. Гэта, вядома, не апраўдвае зло, але ён вырашыў здабыць славу такім чынам. Я лічу, што зараз у нас час Герастратаў: кожны сам сябе піярыць, як можа. Асабліва гэта распаўсюджана сярод спевакоў, зорак шоу-бізнесу.

— Вас ведаюць дзякуючы напружанай працы. У адным інтэрв’ю вы казалі, што “свайго” рэжысёра ў тэатры сустрэлі бліжэй да шасцідзесяці...

— Так, з Алегам Кірэевым працуем зараз з задавальненнем. Спачатку быў “Майстар і Маргарыта”, дзе ў мяне была маленечкая роля Берліёза. Потым — “...Забыць Герастрата!”, “Рамэа і Джульета”, “Хто смяецца апошнім”, “Дзве стралы”. Зараз працуем над Чэхавым. Здаецца, увогуле ў Тэатры-студыі кінаакцёра мы ўпершыню іграем Чэхава. Астроўскі ў нас быў, а вось Антона Паўлавіча неяк абмінулі. Вельмі разумны аўтар і вельмі сучасны.

— Аляксандр Барысавіч, мне шкада, што пасля “Масакры” Андрэя Кудзіненкі ў вас не было яркіх роляў у кіно. Колькі ж гадоў ужо прайшло...

— А стужку “Бабу” вы глядзелі?

— Не.

— Абавязкова паглядзіце. Мы там разам з Тамарай Міронавай здымаліся. Добра зробленая карціна.

— Хто рэжысёр?

— Вось па рэжысёру якраз і былі пытанні. Мы там амаль усё рабілі самі.

А яшчэ Дзяніс Скварцоў зняў вельмі добрую казку “Неверагодныя прыгоды Арбузіка і Бебешкі”. Я таксама там здымаўся. Аднак яна нешта ніяк не выйдзе ў пракат. Паўдзельнічаў і ў карціне вялікага, на мой погляд, Уладзіміра Аркадзьевіча Краснапольскага. Ён зняў першыя знакамітыя савецкія серыялы “Вечны кліч” і “Цені знікаюць апоўдні”. Я здымаўся і ў іншых яго серыялах, у прыватнасці, у нядаўнім 16-серыйным “Экспрапрыятары”. У мяне там маленькая роля, але Краснапольскі выклікаў мяне на агучванне ў Маскву. Сказаў: “Я хачу, каб вы сябе агучвалі”.

Зняўся ў серыяле Валодзі Янкоўскага “Нераскрыты талент”. Ёсць мой эпізод у карціне “Сляды на вадзе” нашага “Беларусьфільма”... Вядома, хочацца, каб добрыя серыялы і стужкі пачалі здымаць і ў нас. Але неяк паступова сітуацыя прыйшла да поўнага разладу. Зараз калі нешта і здымаюць, потым гэтыя карціны невядома куды знікаюць. І калі раней дырэктар стужкі мог дазволіць сабе пасля заканчэння здымак купіць скрыню каньяку, то зараз прадзюсары на грошы для карціны купляюць кватэры, машыны. Хочуць урваць усё разам. Гэта сумна.

І новае пакаленне акцёраў больш думае, як зарабіць. Мы, сталае пакаленне, яшчэ нешта абмяркоўваем пасля спектакля, а малады акцёр, ледзь паспеўшы пераапрануцца, ужо пабег кудысьці на здымкі. Раней казалі: “Я служу ў тэатры”, а зараз кажуць: “Я працую ў тэатры”.

Я зразумеў, што праз столькі гадоў у прафесіі ўсё яшчэ трошкі хвалююся перад выхадам. Не сказаў бы, што гэта прафесіяналізм, трэба ўсё ж такі валодаць сабой. Але я хвалююся — і потым працую на сцэне. А ёсць тыя, хто хвалюецца — і не працуе.

— Як вам здаецца, спектакль “Дзве стралы” атрымаўся?

— Я лічу, што гэта вельмі сур’ёзны спектакль. І яго форма, якую знайшоў Алег Кірэеў, мне падабаецца. Там цікавыя танцы, пластыка.

“Дзве стралы”: трагікамедыя аб супрацьстаянні асобы і грамадства, у якой Аляксандр Кашпераў таленавіта выканаў ролю Галавы Роду.
Фота Віталія Піваварчыка

— Вам калі-небудзь даводзілася адчуваць сябе ў ролі героя Вушастага, супраць якога паўстае амаль увесь калектыў, усё племя?

— А ўвесь час! Сур’ёзна. З мастацкай рады я ў свой час выйшаў, таму што заўсёды большасць і рэжысёр кажуць адно, а я — другое. Памятаю, як усе партбілетамі махалі, а потым пакідалі іх. Зараз, наадварот, я падтрымліваю тых, хто не змяніў свае погляды.

Памятаю, як маю маці, якая скончыла кансерваторыю па класе фартэпіяна і спачатку канцэртавала, а потым працавала педагогам у кансерваторыі, настойліва запрашалі ўступіць у партыю. Яна заўсёды адказвала: “Я не дастойная...”

— У вас жа і бацька быў акцёрам, працаваў у знакамітым Вахтангаўскім тэатры ў Маскве?

— Там ён пачынаў, а потым працаваў у тэатры “Беларуская аперэта”, які, як я памятаю, базіраваўся ў Магілёве. Мне Галіна Арлова, жонка Мікалая Яроменкі, казала: “Я бачыла твайго бацьку на сцэне! Ён быў вельмі добры камедыйны акцёр!” Мне было вельмі прыемна гэта чуць.

— Вы казалі, што адчуваеце сябе сёння не “мінчанінам”, а “мінчуком” і для вас гэта прынцыповая розніца.

— Так. Мінчук — карэнны жыхар, а мінчанін — той, хто сюды прыехаў. І яму на самой справе да лямпачкі, куды ехаць — сюды ці яшчэ ў які горад.

ДАВЕДКА “НГ”

У паслужным спісе акцёра Аляксандра Кашперава больш за 160 роляў у фільмах кінастудыі “Беларусьфільм” і замежных кінакампаній. Сярод іх — “Руіны страляюць”, “Полымя” і “Чорная бяроза” (рэж. В. Чацвяракоў); “Апошняе лета дзяцінства” і “Вянок санетаў” (рэж. В. Рубінчык); “Сустрэча ў канцы зімы” (рэж. І. Шульман); “Пагаворым, брат” (рэж. Ю. Чулюкін); “Дзяржаўная граніца” (рэж. Б. Сцяпанаў); “Наш чалавек у Сан-Рэма” і “Павадыр” (рэж. А. Яфрэмаў); “Паміж жыццём і смерцю” і “Зграя” (рэж. Д. Зайцаў); “Чаклун і Румба” (рэж. А. Голубеў); “Дняпроўскі рубеж” (рэж. Д. Скварцоў); “Масакра” (рэж. А. Кудзіненка) і шэраг іншых.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter