Час чытаць!

Шэсцьсот экспанентаў з дваццаці краін свету сабрала пад сваім дахам ХІХ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая ўчора адкрылася ў Мінску.  

Нацыянальны выставачны павільён “БелЭКСПА”, дзе размясціліся стэнды з кніжнымі шэдэўрамі, нагадвае ў гэтыя дні адзін вялікі храм кнігі і чытання. Кніжны форум, менавіта ў Год кнігі падступаючы да свайго дваццацігадовага юбілею, набывае яшчэ большую значнасць, пераацаніць якую немагчыма. Бо, згодна з класікам, усюды, дзе ёсць розум, павінна быць кніга. Каб заахвоціць сучаснага чалавека да чытання, зрабіць кнігу больш запатрабаванай, і арганізуюць у свеце такія міжнародныя форумы. Прывітанне кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі гасцям і ўдзельнікам кніжнай выставы- кірмашу зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў.

Міністр інфармацыі Беларусі Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Амерыка Дзіас НУНЬЕС і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр РАДЗЬКОЎ у час адкрыцця кніжнага форуму.

Па сутнасці, мы знаходзімся ў пачатку вялікага шляху, шырокая папулярызацыя кнігі і чытання яшчэ наперадзе, адзначыў у час адкрыцця кніжнага форуму міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. “Сумесныя высілкі ўдзельнікаў мінскай кніжнай выставы-кірмашу будуць спрыяць узаемаразуменню паміж нашымі краінамі, — адзначыў ён. — Мінскі кніжны форум — адно з буйнейшых і найбольш знакавых мерапрыемстваў, запланаваных на год. Яно роўна па сваёй значнасці толькі Дню пісьменства, які сёлета пройдзе ў Глыбокім, што на Віцебшчыне”.
Цэнтральнае месца ў павільёне займае стэнд Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. Пачэсны госць на 240 квадратных метрах плошчы прадстаўляе свае апошнія кніжныя навінкі — ад дзіцячай казкі да гістарычнага рамана. Адну з іх, дарэчы, спецыяльна падрыхтаваную да мінскай кніжнай выставы, прадэманстраваў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Амерыка Дзіас Нуньес. “Аб’яўленне Года кнігі ў краіне — гэта вялікі гонар для яе культуры, — адзначыў ён. — Гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паказаў адпаведны напрамак палітыкі дзяржавы, якая жадае дабра свайму народу. Тое, што Венесуэла атрымала статус пачэснага госця на мінскім кніжным форуме, — для нас таксама гонар, можа, і не зусім заслужаны. Мы толькі пачынаем распаўсюджваць мільёны экзэмпляраў бясплатных кніг для павышэння культурнага ўзроўню бедных слаёў насельніцтва, якія дагэтуль не мелі да іх доступу”.
Значнае месца на кніжным форуме аддадзена сёлетняй сусветнай сталіцы кнігі — Ерэвану. Гэты тытул старажытнай армянскай сталіцы перадасць у красавіку Буэнас-Айрэс.
Складана застацца раўнадушным і да мноства цікавых кніг, выдадзеных летась айчыннымі выдавецтвамі. Каб не разгубіцца ў моры кніг на кірмашы, трэба загадзя падумаць, на якіх з іх варта было б засяродзіць сваю ўвагу ў першую чаргу.
 “Для мяне энцыклапедыяй чалавечай душы і пачуццяў з’яўляюцца творы Фёдара Дастаеўскага, асабліва яго “Браты Карамазавы”, — прызнаецца народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Фалькларыст, педагог, заснавальнік этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук раіць кожнаму ў сваёй хатняй бібліятэцы мець Кнігу Кніг — Біблію. “Увогуле, кожны павінен выбіраць кнігу па сабе, — гаворыць Іван Іванавіч. — Калі хто пачынае цікавіцца, напрыклад, музыкай, карысна было б пазнаёміцца з творчым шляхам класікаў”. Драматург Аляксей Дудараў адзначыў, што свой светапогляд немагчыма сфарміраваць без ведання твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Антона Чэхава, Мікалая Гогаля, Аляксандра Пушкіна.
“Максім Багдановіч. Энцыклапедыя” — гэта кніга, якая ўвабрала ў сябе артыкулы, прысвечаныя лірычным творам паэта, перакладам, крытыцы, публіцыстыцы, будзе карыснай усім, хто цікавіцца літаратурай, — упэўнены рэдактар галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Аляксееў. — Да 120-гадовага юбілею з дня нараджэння паэта мы знялі чатырохсерыйны дакументальны фільм, які яшчэ раз пацвердзіў, што асоба Багдановіча ў беларускай літаратуры не менш значная, чым, напрыклад, постаць Пушкіна ў расійскай”.
Старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ларыса Мятлеўская раіць кожнаму беларусу вывучаць гісторыю свайго краю. У гэтым, упэўнена яна, абавязкова дапамогуць кнігі Міколы Ермаловіча, Генрыха Далідовіча. І дадае: “Вялікае задавальненне атрымала апошнім часам, прачытаўшы “Сакральную геаграфію Беларусі” Людмілы Дучыц і Ірыны Клімковіч”.
Выстава-кірмаш працягне сваю работу да 12 лютага. Так што знайсці кнігу, блізкую па душы, яшчэ ёсць час.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter