Национальная библиотека запустила книжный челлендж

Час чытаць

Праект BelBookChallenge прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча і ўключае 12 пунктаў ад Нацыянальнай бібліятэкі, якія трэба выканаць да 6 лютага наступнага года.

nlb.by

— У гэтых пунктах няма пэўных твораў — толькі тэмы, пад якія могуць падыходзіць дзясяткі кніг, — тлумачаць арганізатары чэленджу. — Проза, паэзія, пераклады і, вядома ж, творы Караткевіча — у нашых тэмах любы знойдзе сабе кнігі па гусце.

Сярод пунктаў, да прыкладу, «кніга, намінаваная на літаратурную прэмію», «антыўтопія ў беларускіх дэкарацыях», «зборнік паэзіі, які складаецца з верлібраў». Галоўнае, каб усе кнігі са спіса належалі беларускім аўтарам або былі перакла­дзены на беларускую мову. Пачаць чэлендж можна ў любы дзень, а выконваць пункты — у любой паслядоўнасці. Пасля прачытання кожнай кнігі неабходна пакінуць водгук на яе ў адной з сацсетак — «ВКонтакте», Facebook або Instagram — з хэштэгам #BelBookChallenge і ўказаннем пункта, якому адпавядае кніга. Гэта могуць быць кароткая рэцэнзія, проста чытацкія ўражанні ці штосьці іншае, што пакажа — кнігу вы сапраўды прачыталі.

Арганізатары праекта абяцаюць, што рэцэнзіі чытачоў будуць актыўна рэпосціцца на старонках Нацыянальнай бібліятэкі ў сацсетках, а лепшыя водгукі ў канцы чэленджу з’явяцца на сайце ў выглядзе асобнай падборкі. Тых, хто адолее няпросты кніжны шлях цалкам, паведамляе nlb.by, чакаюць прызы ад партнёраў BelBookChallenge. Літаратурны музей Петруся Броўкі падорыць рамантычны вечар «Музей для дваіх», Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» — квіткі на любы спектакль з рэпертуару, а літаратурны часопіс «Маладосць» — падборку выдання за 2020 год. Спецыяльны прыз рыхтуе і Нацыянальная бібліятэка. Праўда, пакуль не раскрывае, які менавіта.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter