Час чытаць!

Беларусы застаюцца нацыяй кнiгалюбаў Чалавек з кнiгай у руках — з'ява для нашай краiны звычайная. Дома, у транспарце, на прыпынку, у чарзе людзi чытаюць. Задаволiць патрэбу ўсiх, хто прагне хлеба духоўнага ў гарадах i вёсках, тым самым забяспечыўшы адукаванасць i высокую iнтэлектуальнасць беларусаў, — задача, якая стаіць перад нашымі кнігавыдаўцамі і бібліятэкарамі.

“Мая радзiма там, дзе мая бiблiятэка” Так пiсаў гадоў з пяцьсот таму Эразм Ратэрдамскi. А цi кожнаму сёння ўдасца знайсцi ў мясцовай кнiгарнi цi бiблiятэцы патрэбную яму лiтаратуру?
Сёння кнiгагандлёвая сетка Мiнiстэрства iнфармацыi налiчвае 89 кнiжных магазiнаў, якiя дзейнiчаюць у 23 населеных пунктах краiны. З кожным годам павялiчваецца колькасць выдаваемых кнiг. Летась iх было выпушчана 11 тысяч 569, а ў 2005-м гэты паказчык склаў 10 тысяч 784. Вырас i тыраж.
У мiнулым годзе кнiгавыдавецтвамi Беларусi было выдадзена кнiжнай прадукцыi тыражом 52 мiльёны экземпляраў, цi 5,3 кнiгi на аднаго жыхара. Такiм чынам, адбылося значнае павелiчэнне — на 7-8 працэнтаў па назвах i больш чым на 29 працэнтаў па тыражу.
Калi кнiгавыдаўцы робяць усё магчымае для таго, каб забяспечыць насельнiцтва лiтаратурай, то над удасканаленнем работы бiблiятэк трэба
яшчэ працаваць. Увогуле, бiблiятэчным абслугоўваннем ахоплена амаль 40 працэнтаў насельнiцтва. Як адзначыў мiнiстр культуры Беларусi Уладзiмiр Матвяйчук на апошняй калегii мiнiстэрства, гэты паказчык (адна бiблiятэка на 2 тысячы чалавек) адпавядае нарматывам ЮНЕСКА. Не можа радаваць таксама и тое, што ў минулым годзе ў 17 раёнах рэспублiкi на папаўненне кнiжных фондаў бiблiятэк мясцовымi ўладамi “не было выдаткавана нi рубля”. “Размова iдзе не проста аб камплектаваннi кнiжных фондаў, а аб захаваннi кнiгi, зацвярджэннi цiкавасцi да яе, — сказаў мiнiстр культуры. — Без кнiгi ўвогуле немагчыма развiццё культуры”.
Далёка не ўсiм бiблiятэкам краiны, якiя паставiлi ў мiнулым годзе задачу наблiзiцца да больш сучасных метадаў работы з чытачамi, удалося гэта зрабiць. Паскорыць працэс аўтаматызацыi, абнаўлення iх нарматыўнай базы, распрацавання палажэнняў аб атэстацыi спецыялiстаў, аб аказаннi паслуг будзе патрабаваць новая рэдакцыя Закона “Аб бiблiятэчнай справе ў Рэспублiцы Беларусь”, падрыхтоўка якой пачалася. Уладзiмiр Матвяйчук звярнуўся да ўсiх работнiкаў бiблiятэк Беларусi з прапановай дасылаць свае пажаданнi па ўдасканаленню гэтага закона.
А пакуль на дапамогу чытачам у выбары таго цi iншага выдання прыходзiць “сусветная павуцiна”, якая прадастаўляе кожнаму карыстальнiку камп’ютэра кнiгi на любы густ, электронную версiю якiх можна чытаць нават на экране сотавага тэлефона цi слухаць, запiсаўшы на дыск.
Беларускую кнiгу ўбачыць увесь свет!
Цi чытаюць беларускiя кнiгi за межамi нашай краiны? У Беларусi ёсць дамоўленасцi з Калiнiнградскай вобласцю Расii, Мажайскам i Масквой, а таксама з ФРГ аб распаўсюджваннi беларускiх кнiг. У мiнулым годзе, напрыклад, толькi ў Германii iх было рэалiзавана на некалькi тысяч еўра. Але пакуль што маштабамi распаўсюджвання беларускiх выданняў у Мiнiстэрстве iнфармацыi не задаволены. На жаль, “зламалася” тая традыцыя, што iснавала ў савецкiя часы. Калi праходзiла, напрыклад, Маскоўская кнiжная выстава-кiрмаш, адбываўся двухбаковы абмен выданнямi памiж краiнамi-ўдзельнiцамi. Тады дэлегацыя ЗША прапаноўвала Беларусi 250 сваiх назваў кнiг i купляла ў нас столькi ж. Зараз склаўся аднапалярны свет. Мы ж тонкай крынiчкай спрабуем прабiцца на Захад. I для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе магчымасцi. Так, у мiнулым годзе беларускiя кнiгавыдаўцы прынялi ўдзел у адзiнаццацi мiжнародных кнiжных выставах. Упершыню кнiгавыдавецкая справа Беларусi была прадстаўлена на 3-й мiжнароднай кнiжнай выставе “Рускi Захад” у Пскове, што паслужыла матывам для адкрыцця ў красавiку гэтага года чарговай выставы Цэнтра беларускай кнiгi i iнфармацыi “Славянскi свет”.
Як зазначыў намеснiк мiнiстра iнфармацыi Беларусi Iгар Лапцёнак, пытаннi, звязаныя з распаўсюджваннем кнiг памiж краiнамi блiжняга замежжа, ужо тройчы абмяркоўвалiся экспертамi груп на пасяджэннях у штаб-кватэры СНД. “На жаль, нашы прапановы натыкаюцца на непаразуменне з боку падатковых i мытных службаў, — сказаў ён. — I нават Бернская канвенцыя, якая павiнна садзейнiчаць стварэнню спрыяльных умоў для распаўсюджвання кнiг, не можа нам дапамагчы. Але мы верым, што праз некаторы час нашы выданнi будуць чытаць ва ўсiм свеце”.
Блiцапытанне Што вы зараз чытаеце?
Наталля Аўдзеева, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчным прагрэсе:
— Перачытваю творы Пушкiна. Менавiта iм аддадзена пачэснае месца ў нашай сямейнай кнiжнай шафе. Чытаю i перачытваю Чэхава, Талстога, Экзюперы. Вельмi люблю класiкаў беларускай лiтаратуры — Янку Купалу, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча. Хочацца, каб нашы дзецi, унукi таксама чыталi не менш, чым калiсьцi чыталi мы. А калi людзi перастануць чытаць, то чалавецтва страцiць сумленне, развучыцца любiць хараство, быць добрым. Веру, што гэта нiколi з намi не здарыцца.
Iгар Лапцёнак, намеснiк мiнiстра iнфармацыi Беларусi:
— “Вораг народа” Дзмiтрыя Рагозiна. У дзень прачытваю “па дыяганалi” каля 20 кнiг-навiнак. Можна сказаць, што я — сталы кнiгалюб. Памятаю, як бацька з кожнай зарплаты прыносiў мне маленькую кнiжку казак. Каштавала яна 5 капеек. Рос я — павялiчвалася i колькасць кнiг у маёй бiблiятэцы. А зараз яна змяшчае тры тысячы тамоў. Я iх усе прачытаў i ведаю кожную, што называецца, у твар. Канешне, зараз з кожным годам кнiг, што прапануюцца чытачу, становiцца ўсё больш, але толькi нямногiя з iх заслужылi, каб iх паставiлi на палiцу. Любяць чытаць i мае дзецi. Дачка — фiлолаг, таму гэта проста яе прафесiйны абавязак. Сын — эканамiст, таксама шмат чытае, але больш у электронным варыянце.
Валерый Анiсенка, мастацкi кiраўнiк Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii:
— Тры кнiгi адразу. Гэта “Улiс” Дж.Джойса, палiтычны дэтэктыў А.Хiнштэйна “Ельцын. Крэмль. Гiсторыя хваробы”, перачытваю творы А.Чэхава, успамiны яго сучаснiкаў. Як лякарства для душы на мяне дзейнiчае “Крэст бясконцы” — перапiска Вiктара Астаф’ева i Валянцiна Курбатава. Увогуле, кнiгi ў маiм жыццi маюць значную ролю. У дзяцiнстве, калi быў пастушком, проста прападаў з кнiгамi ў полi... Зараз кнiг купляю шмат. Добра, што iх выбар сёння вялiкi.
Алеся, спявачка:
— Нядаўна прачытала кнiгу Андрэя Малахава “Мае любiмыя бландзiнкi”, усе творы Пауло Каэльё, Дэна Браўна. Вельмi спадабаўся раман Барыса Акунiна “Алмазная каляснiца”. Зараз, калi сонца i так вельмi мала, хочацца пачытаць штосьцi больш вясёлае. У поездзе люблю чытаць кнiгi з серыi “Гламур”. Увогуле, чытанне для мяне не проста адпачынак, але i крынiца натхнення, жыццёвай энергii. Бывае, што чытаю i да пяцi гадзiн ранiцы, калi вельмi цiкава. У мяне нават ёсць спецыяльны кнiжны лiхтарык! Кнiгi ў асноўным набываю праз iнтэрнет-магазiн. Гэта вельмi зручна.
Сяргей Кiрпiчоў, старшы майстар аўтаматнага цэха Беларускага аўтамабiльнага завода:
— Цыкл твораў Барыса Акунiна “Пелагея”. Вельмi падабаецца творчасць гэтага аўтара! Раней, да з’яўлення ў маiм жыццi Iнтэрнету, выбар кнiг, якiя б маглi мяне зацiкавiць, быў не вельмi вялiкi. У цэнтральнай бiблiятэцы я прачытаў усё, што мне магло спадабацца i прапанавалася бясплатна. Цяпер мне дапамае “сусветная павуцiна”, Чытаю толькi на экране сотавага тэлефона.
Выстава-кiрмаш працуе да 11 лютага. Кошт бiлета — 3 тысячы рублёў. Для арганiзаваных груп вучняў школ (у суправаджэннi выкладчыкаў) i дзяцей да 12 гадоў (абавязкова з дарослымi), пенсiянераў i iнвалiдаў уваход бясплатны. З праграмай мерапрыемстваў выставы-кiрмашу можна азнаёмiцца на сайце Мiнiстэрства iнфармацыi Беларусi (www.mininform.gov.by)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter