Час бяжыць, а Паўлінка маладзее

Легендарнай «Паўлінцы» — брэнду Купалаўскага тэатра — 70!

Легендарнай «Паўлінцы», якая стала нацыянальным брэндам і візітоўкай Купалаўскага тэатра, споўнілася 70 гадоў. Адлік — ад 23 мая 1944 года, калі камедыя ўпершыню была паказана ў Томску, куды была эвакуіравана трупа, якую вайна застала на гастролях у Адэсе.

З таго часу спектакль ігралі больш за дзве тысячы разоў. 

Ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. На ім выраслі чатыры пакаленні выдатных акцёраў. А ролю Паўлінкі ў розныя гады выконвалі каля двух дзясяткаў актрыс.

З 1965-га па 1983 год галоўную гераіню іграла Ала Долгая.

— Першай Паўлінкай была Раіса Кашэльнікава, пасля — Бірута Дакальская, а потым ёй на змену прыйшла я. Гэта было вельмі хвалююча і адказна, бо на сцэне я ўвесь час была на вачах у папярэдніх Паўлінак. Яшчэ жывая была і Паўліна Мядзёлка. Памятаю, як яна падышла да мяне пасля аднаго са спектакляў і сказала: «Я цябе прызнаю». Гэта было для мяне самым вялікім падарункам.

Пана Быкоўскага са мной ігралі спачатку Тадэвуш Кін-Камінскі, пасля — Арнольд Памазан. А вось Якімаў было многа. Прыгадваецца такі выпадак. У той час мы часта выяз-джалі са спектаклямі ў вёскі, калгасы. «Паўлінка» заўсёды мела вялікі поспех, камедыю глядзелі па некалькі разоў. У адной вёсцы сыгралі спектакль, да мяне падыходзяць гледачы і пытаюцца: «У цябе ж другі Якімка быў, мы бачылі. Дык чаго ж, дзетка, ты яго кінула?» — з усмешкай успамінала ў час юбілейнай вечарыны ў Купалаўскім тэатры Ала Долгая, якая, дарэчы, і сама днямі адзначыла 75-годдзе.

Між іншым, на ролю Паўлінкі актрыса трапіла па конкурсе. Цікава, што нязменным патрабаваннем да кожнай прэтэндэнткі на галоўную ролю і сёння застаецца ўменне добра спяваць і браць соль другой актавы — самую высокую ноту ў вакальнай партыі гераіні. З гэтым выдатна спраўляліся і папярэднія, і дзве сённяшнія Паўлінкі — маладыя актрысы Кацярына Алейнікава і Марта Голубева.

Камедыю «Паўлінка» Янка Купала напісаў у 1912 годзе ў фальварку Акопы, куды прыехаў пагасцяваць да маці з Санкт-Пецярбурга. Вядома, што п’еса нарадзілася з апавядання «А вербы шумелі».

Першая пастаноўка «Паўлінкі» адбылася 27 студзеня 1913 года ў Вільні і прайшла з вялікім поспехам. Ролю галоўнай гераіні выконвала пані Маркавічанка, як называла яе ў водгуку на спектакль тагачасная газета «Наша ніва». Усхваляваны аўтар п’есы, які прысутнічаў на прэм’еры, у фінале перадаў актрысе на сцэну букет жывых кветак. Самому ж яму ўдзячныя гледачы падарылі залаты гадзіннік з памятным надпісам.

Літаральна праз дзесяць дзён «Паўлінка» ўжо ў Пецярбургу, і галоўную ролю ў спектаклі ўпершыню выконвае Паўліна Мядзёлка.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі камедыю паставілі ў жніўні 1913 года. Спектакль прайшоў у Радашковічах і быў створаны намаганнямі рэжысёра Фларыяна Ждановіча, чыя трупа праз некалькі гадоў стане асновай Беларускага дзяржаўнага тэатра, будучага Купалаўскага.

У 1944-м новае гучанне «Паўлінка» набыла ў пастаноўцы Льва Ліцвінава. Менавіта з той пары спектакль, створаны ў эвакуацыі, захоўваецца ў тэатры ў нязменным выглядзе, карыстаючыся вялікай любоўю гледачоў. Менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім штогод адкрываецца новы сезон.

Сёлетні юбілей неўміручая «Паўлінка» адзначыць і ў горадзе, дзе нара-дзілася. У верасні спектакль-легенду чакаюць у Томску.

На здымку: Кацярына АЛЕЙНIКАВА іграе Паўлінку з 2013 года.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter