«Як Каляду на дуб цягнулі»: в деревнях Минщины продолжают жить уникальные обряды

Час бараніць ураджай

Як у капыльскім Семежаве апынуліся цары і чаму ў Новінах цягнуць на дуба Каляду

Абрадавая спадчына беларусаў — унікальны культурны скарб, дзе найбольш яскрава праяўляецца менталітэт народа, яго духоўны код, імкненне да шчасця ў працы, павага да прыроды і сямейных каштоўнасцей. У савецкія часы многія традыцыі, якія стагоддзямі былі неад'емнай часткай вясковага жыцця, згубіліся. У 1990-х вучоныя-культуролагі, этнографы актыўна ўзяліся за іх адраджэнне. І гэта стала магчымым дзякуючы энтузіястам, мясцовым жыхарам, якія не згубілі сувязь з продкамі. Прапануем пазнаёміцца з найбольш адметнымі студзеньскімі абрадамі каляднага святочнага цыкла Міншчыны і людзьмі, якія паспрыялі не толькі іх адраджэнню, але і ўнясенню ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.


Вёска Семежава Капыльскага раёна атрымала сусветную вядомасць у 2009 годзе, калі абрад «Калядныя цары» ўвайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Традыцыя святкавання бярэ свае карані ў XVIII стагоддзі, калі недалёка ад Семежава стаялі войскі царскай арміі. У дні святкавання Новага года афіцэры і салдаты хадзілі па хатах, спявалі, скакалі, розным чынам бавілі гаспадароў за пачастункі і падарункі. Пасля таго як атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары захавалі і развілі завядзёнку. Вясковыя хлопцы, цары, у Шчодры вечар (з 13 на 14 студзеня) сталі пераапранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі ваенную форму. Дырэктар Семежаўскага цэнтра культуры і адпачынку Таццяна Шаура расказала пра гісторыю адраджэння абраду:

— Так сталася, што ў пасляваенны час традыцыя была пад забаронай. Камуністы палічылі такую дзею праяўленнем нейкага жабрацтва, што зневажае працоўнага селяніна савецкай вёскі. Цікаўнасць да народнай спадчыны ў час станаўлення нашай незалежнай краіны падштурхнула і вясковых работнікаў культуры да адраджэння розных самабытных традыцый. Кожнаму хацелася, каб малая радзіма стала вядомай, адметнай. Наша вёска заўжды славілася ткацтвам, і мы знайшлі парасткі аўтэнтычнага рамяства, а затым і да абрадавай спадчыны звярнуліся. Да нас тады прыязджала вядомы вучоны Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Кухаронак. І менавіта яна падказала ідэю раскруціць «Цароў», якія не маюць аналагаў у свеце. Старажылы вёскі, удзельнікі абраду, у дэталях распавялі нам, як рыхтавалася і праводзілася гэта дзея. Нават старыя фотаздымкі знайшліся. Раней вёска была вялікая, багата моладзі было, з кожнай вуліцы збіраўся свой гурт.


І вось ужо чвэрць стагоддзя «Цары» заўжды відовішчнае свята, якое прываблівае ў Семежава шмат гасцей, турыстаў. Некаторыя нават параўноўваюць яго з Венецыянскім карнавалам. У мінулым годзе з-за пандэміі яго не праводзілі. У гэтым калядны фэст атрымаў назву «У госці да цароў». Арганізатары падрыхтавалі сюрпрыз. Госці пазнаёміліся не толькі з унікальным абрадам Семежава, але і з каляднымі завядзёнкамі іншых вёсак раёна. Кожны сельсавет прадставіў сваю праграму. На свята завіталі каля ста турыстаў са сталіцы, якія таксама змаглі адведаць традыцыйных мясцовых прысмакаў і набыць сувеніры на калядным кірмашы.

Добрая навіна ёсць і для тых, хто не паспеў правесці стары Новы год з царамі ў Семежаве. Ёсць нагода завітаць у вёску Новіны Бярэзінскага раёна, дзе захавалі ўнікальны абрад «Цягнуць Каляду на дуба». У гэтай вёсцы сёння пражывае каля двухсот жыхароў, але паўдзельнічаць у апошніх калядных гуляннях па традыцыі 21 студзеня прыязджае вялікая колькасць гасцей з розных куткоў вобласці і Беларусі.

— Многія так уражаны дзеяй і атмасферай свята, што вяртаюцца да нас яшчэ неаднойчы, і мы гэтаму вельмі рады, — адзначае загадчыца Новінскага дома культуры Святлана Клімовіч. — Захавальнікам абраду з'яўляецца сямейны калектыў «Радзіна», а ўдзельнікі ўзорна-фальклорнага дзіцячага гурта «Валошкі», можна сказаць, пераемнікі, якія вучацца ў старэйшага пакалення захаванню спадчыны продкаў.

Па традыцыі раніцай жанчыны вёскі ладзяць куццю і ўпрыгожваюць зажыначны сноп саломы: робяць з яго абрадавую ляльку Каляду і ставяць яе на старое кола ад воза. А кабеты, якія награшылі летась, на ганку сякуць сякерай старыя венікі, прынесеныя з хаты, а затым пруткі рассейваюць па ветры. Жанчыну сталага ўзросту ўсаджваюць на саначкі, яна трымае Каляду і чыгун з куццёй, мужчыны цягнуць яе да дуба. Дарэчы, у бясснежныя зімы прыходзілася замяняць сані на воз. На пад'ездзе да дуба жанчыну перакульваюць у снег, каб куцця рассыпалася і ўраджай на наступны год быў багаты. Хлопцы здымаюць з дуба леташнюю Каляду і спальваюць, а на дуб зацягваюць новую ляльку і куццю ў чыгуне.

Па павер'ях, абрад прыцягвае багаты ўраджай, поспех і шчасце на ўвесь будучы год. У 2011-м абрадавая гульня ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.


Развітанне з Калядой завяршаецца вясковай вечарынай з традыцыйнымі стравамі, скокамі, песнямі, гульнямі.

Абрад амаль згубіў свае карані. Як расказала Святлана Клімовіч, зафіксаваў яго знаны навуковец Пётр Гуд, аднак адноўлены ён дзякуючы былой загадчыцы Новінскага дома культуры Ніне Клімовіч і яе родным. Ніна Дзмітрыеўна — кіраўнік народна-абрадавага сямейнага гурта «Радзіна», а Святлана яе нявестка. Упершыню цягнулі Каляду на дуба ў 1998 годзе. І з тых самых часоў у Бярэзінскім раёне гэта адно з самых чаканых і любімых зімовых свят.

— Як і большасць аднавяскоўцаў, веру, што зварот да спадчыны продкаў, дапамагае бараніць ура­джай, — упэўнена Святлана. — Колькі змагу, столькі буду цягнуць Каляду. І добра, што ёсць каму перадаць спрадвечную традыцыю. І гасцям заўжды ў нас рады, таму запрашаем усіх да нас праводзіць Каляду.

zakharov@sb.by

Фота з архіва аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter