Послание архиепископа Иосифа Станевского, митрополита Минско-Могилевского, на праздник Рождества Христова

Час асаблiвай радасцi

Пасланне на свята Божага Нараджэння 2022 года

Напярэдаднi Раства Хрыстовага арцыбiскуп Юзаф Станеўскi, мiтрапалiт Мiнска‑Магiлёўскi, звярнуўся з пастырскiм пасланнем «Бог прынiзiў сябе, каб узвысiць чалавека» да вернiкаў Рымска‑каталiцкага касцёла Беларусi. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца:

Фото БЕЛТА

«Калi Езус прыйшоў у свет, многiя не пазналi Яго, таму што ў iх былi зацвярдзелыя сэрцы. Яго ўласны народ адкiнуў Яго i ўкрыжаваў як найгоршага злачынца. Аднак знайшлiся тыя, хто прыняў Хрыста, таму што яны адкрылi свае сэрцы на ласку i праўду Божую. Тым, хто паверыў, Езус даў моц стаць дзецьмi Божымi праз веру i сакраманты».

Пасланне нагадвае: «Праз Езуса мы пазналi любоў i дабрыню Бога. Мы пазналi прабачэнне i мiласэрнасць Бога, Якi нiколi не забываўся пра свой народ. Мы пазналi Бога, Якi чакае ўсiх нас, каб быць Яго ўсыноўленымi дзецьмi праз настойлiвасць нашай веры».

Падкрэслiваецца, што «чалавек праз пыху захацеў быць роўным Богу. Таму Бог праз пакору i ўбоства Нованароджанага выпраўляе зло. Бог сышоў на зямлю, каб чалавек мог трапiць на неба. Ён стаў бедным, каб мы былi духоўна багатымi». Таму 25 снежня называецца днём вялiкай радасцi! Гаворыцца так: «У Нованароджаным Хрысце мы бачым праяўленне Божай любовi да кожнага чалавека. Нiчога не трэба рабiць, каб заслужыць Божую любоў». А таксама нагадваецца: «Каб Божая любоў магла дакрануцца да нас не толькi ў нашых фантазiях, Хрыстус запрашае нас дазволiць Богу любiць нас i дазволiць нам з любоўю адказваць на патрэбы iншых людзей, трымаць дзверы свайго сэрца адкрытымi, асаблiва на тых, хто церпiць».

У пасланнi даецца парада: «Мы адчуваем блiзкасць i моц Бога, якой бы складанай нi здавалася сiтуацыя, у якой мы знаходзiмся. Няхай радасць i супакой Пана Езуса заўсёды будуць у вашых сэрцах так, як сёння». Звяртаецца ўвага, што, нягледзячы на разнастайныя цяжкасцi i праблемы, «будзем старацца даручаць нашу будучыню Божаму провiду».

Завяршаецца пастырскае пасланне шчырым вiншаваннем i пажаданнем для вернiкаў: «Будзем жа абвяшчаць сучаснаму свету дар бэтлеемскай весткi супакою i справядлiвасцi, салiдарнасцi i прабачэння. Няхай у нашых сэрцах запануе дабрыня да блiжнiх i надзея на штодзённую блiзкасць Збаўцы. Жадаю кожнаму, каб Езус Хрыстус нарадзiўся ў глыбiнi сэрца». Таксама гучыць благаславенне: «Свае пажаданнi на радаснае святкаванне Божага Нараджэння i ўвесь новы, 2023 год падмацоўваю благаславеннем у iмя Айца, i Сына, i Духа Святога. Амэн».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter