Познаем Беларусь: почему на Благовещение девушкам запрещалось плести косы, а мужчинам — городить заборы

Час адмыкаць зямлю

На Благавешчанне дзяўчатам забаранялася плесці косы, а мужчынам — платы гарадзіць


Благавешчанне — адно з вялікіх хрысціянскіх свят. Праваслаўныя вернікі адзначаюць яго штогод 7 красавіка, а католікі — 25 сакавіка. Карані гэтага свята сыходзяць у даўнія часы, калі архангел Гаўрыіл з’явіўся Дзеве Марыі і паведаміў ёй, што яна народзіць Ісуса Хрыста.

І ў сялянскім побыце Благавешчанне таксама лічылася вялікім святам, бо апека Божай Маці распаўсюджвалася на ўсе працы, якія пачыналіся з гэтага часу. Але ж менавіта ў гэты дзень гаспадары прытрымліваліся забарон і абрадаў: не працавалі, нічога не прыносілі з лесу, паляўнічыя не чапалі зброю. Асабліва нельга было кранаць зямлю — убіваць коллі, гарадзіць плот, месці вуліцу. Існуе мноства прыкмет і павер’яў, звязаных з Благавешчаннем. Адно з іх пра тое, што ў гэты дзень нельга першы раз выганяць жывёлу ў поле, пачынаць ворыва, сяўбу.

Шматлікія забароны на працу вобразна ўвасобіліся ў вядомай прымаўцы: «На Благаве­шчанне дзеўка касу не пляце, птушка гнязда не ўе». Лічылася, што калі забарона будзе парушана, то куры разграбуць увесь сад і агарод. Каб гэтага не здарылася, гаспадары рабілі крыж і прыбівалі яго да дзвярэй куратніка.

Разам з зямлёй чалавеку ад Благавешчання адкрывалася і вада. Па павер’ях у гэты дзень Бог кідае ў ваду цёплыя камяні, і яна таксама становіцца цёплай.

Лічылася, што ў гэтую пару буслы вяртаюцца з выраю. Бачыць гэтых птушак, якія лётаюць парамі, было прыметай шчасця на ўвесь год. Паводле легенды буслы прыносілі дзецям з сабой чырвоныя чаравічкі. На Палессі да іх прылёту пяклі пячэнне ў выглядзе птушыных лапак. З гэтым пачастункам звярталіся да буслоў і прасілі падарыць людзям добры ўраджай.

А ў вёсцы Забалаць Любанскага раёна захаваўся старадаўні звычай адзначаць Благавешчанне з карагодамі, перагукваннем, абыходам двароў з чырвонаю хусткаю, «птушачкамі» на дубчыках, таптаннем снегу, развітаннем з прадзівам, кіданнем сыру на бярозу. Яшчэ тут «грэюць» каля вогнішча «жаваранкаў» і «адмыкаюць» зямлю. І кожнае з гэтых абрадавых дзеянняў суправаджаецца песнямі-вяснянкамі.

ДАРЭЧЫ

Благавешчанне лічылася днём, калі змеі выходзілі з зімовай спячкі.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

Каб захаваць дабрабыт і багацце ў сваёй сям’і, у святочны дзень забаранялася што-небудзь пазычаць іншым.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter