“Дударскі рэй” сабраў у Глыбокім гасцей з розных куткоў Еўропы

Чары музычнага меха

Турысты сёння распешчаныя. Іх трэба здзіўляць і захапляць. Адмысловыя фестывалі маленькіх гарадоў — вось што апошнім часам прыцягвае і абуджае іх інтарэс. Глыбокае ў гэтым кірунку задае тон. Вішнёвы фестываль упадабалі аматары кісла-салодкіх “рубінаў”, а фестываль дудароў — прыхільнікі магічнай старажытнай музыкі.


Музыканты з Партугаліі, сыходзячы са сцэны, усміхаюцца: “Обрігадо, обрігадо!” Гэта вам дзякуй! Пакуль многія імкнуліся ў самую заходнюю краіну Еўропы (прычына зразумелая — “Еўрабачанне”), тры дудары з капэлы Gaiteiros de Freiria прыляцелі на Віцебшчыну, каб пазнаёміць беларусаў з меладычным гучаннем свайго інструмента.

“Дударскі рэй” у Глыбокім праходзіў пад міжнародны акампанемент гасцей з розных дударскіх рэгіёнаў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Латвіі, Партугаліі. Што такое рэй? Кароткае, але ёмістае слова азначае “быць на чале важнай справы, задаваць імпэт”. Узгадайце купалаўскі верш: “Важна рэй Ігнат Буйніцкі ў танцах нашых водзіць, аж здаецца ўсё чыста хадыром з ім ходзіць...”

Дарэчы, дзядзька Ігнат нарадзіўся на Глыбоччыне. Тут пачалося зараджэнне першай беларускай тэатральнай групы, у складзе якой, між іншым, быў дудар Адам Шульга. Нездарма старажытны горад другі год запар становіцца месцам прыцягнення дудароў са шматлікіх рэгіёнаў Еўропы.

Ідэйны натхняльнік фестывалю Віталь Воранаў упэўнены: менавіта Паазер’е — эпіцэнтр дударскай спадчыны. У пацвярджэнне сваіх слоў ён разгортвае карту, дзе пазначаны дзясяткі мясцін, звязаных са старадаўнім інструментам. Спампаваць яе можна ў інтэрнэце і ўключыць у сваю вандроўку новыя “музычныя” маршруты.

Безумоўна, дуда распаўсюджана ў традыцыях шматлікіх народаў Еўропы. Але ў кожнай краіне яна “спявае” і выглядае па-свойму. Фэст — выдатная магчымасць пазнаёміцца з непаўторнай аўтэнтычнай музыкай.

Адзін з самых экзатычных інструментаў — у гасцей з заходняй Польшчы, з рэгіёну Козла. Вялікі выцягнуты мех зроблены з казінай скуры, ды яшчэ футрам наверх. Музыкант з бялюткай лахматай дудой здаўна быў пачэсным госцем на вяселлі. Дарэчы, у інструмента ёсць “хвосцік”, а пад ім (ніколі не здагадаецеся) — маленькае люстэрка, каб маладая, удосталь натанцаваўшыся, магла хуценька прыхарашыцца. Цікава, што на вяселле бралі дуду з белага футра, а ў час вянчання гралі на чорным інструменце.

Госць са Славакіі Лукаш Лацко прыехаў у Беларусь з маляўнічага Нітранскага краю невысокіх гор, дзе жыла найбольшая колькасць дудароў, захаваўшы і даўшы працяг багатай музычнай традыцыі. Ён з гонарам паведаміў, што славацкую дуду гайду, гісторыя якой пачала свой адлік яшчэ ў XIV стагоддзі, тры гады таму ўнеслі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Віталь Воранаў не сумняваецца — старадаўні беларускі інструмент з цягам часу зойме пачэснае месца ў знакамітым спісе. Бо дуда не проста мех з трубкамі. Гэта містыка, таямніца, сакральнасць. Нібы ў адным гуку пераклікаюцца вясновыя грымоты, гул старадаўніх танцаў, звон келіхаў у карчме. Здаўна інструмент быў неразрыўна звязаны з нашымі традыцыямі. Гукі “музычнага меха” суправаджалі сумныя і вясёлыя падзеі вірлівага жыцця — хрэсьбіны, вяселле, Купалле ці Каляды.

— Форма ражкоў, дэкор, выгляд меха — у кожнага рэгіёну асаблівыя дэталі. Але галоўнае адрозненне шатландскай валынкі, славацкай гайды, беларускай дуды стварае адметная манера ігры, — упэўнены майстар дуд, музыкант Сяргей Чубрык. — У традыцыі кожнага народа яна яскравая і непаўторная. Напрыклад, на гайдзе нашы меладычныя матывы папросту не загучаць, не раскрыюцца ў сваёй прыгажосці.

Быў час, калі чары беларускай дуды аслаблі — яе выцеснілі цымбалы і гармонік. Актыўнае адраджэнне інструмента пачалося ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Сёння цікавасць да яго ўзрастае. І не без дапамогі “Дударскага рэю”.

— Фестываль — добрая нагода для знаёмстваў, абмену вопытам паміж беларускімі і замежнымі дударамі, — расстаўляе кропкі над “і” Віталь Воранаў. — На шматлікіх сустрэчах і вечарынах за мяжой я заўжды з гонарам прэзентую беларускую дуду. Мы павінны паварочвацца да сваёй культуры, цаніць і берагчы традыцыі сваіх продкаў.
Дуда — старажытны сімвал беларускай культуры. Фэст “Дударскі рэй” пацвярджае: праслаўлены ў песнях і міфалагізаваны ў вершах, легендах і паданнях, гэты народны інструмент прыцягвае да сябе ўсё большую цікавасць.
Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter