У цырку «Чароўны сон у зімовую ноч» — доўгачаканая нацыянальная праграма

Чароўны сон у зімовую ноч

rr-13_2.jpg

Дзяцінства — гэта цырк. Так было заўсёды, так ёсць і зараз. Будынак паміж плошчамі Перамогі і Кастрычніцкай ніколі не пакутваў ад недахопу гледачоў. Там і зараз што ні праграма, то аншлаг, нават нягледзячы на нятанны кошт білетаў. Што нас чаруе? Белыя тыгры, экзатычныя пінгвіны, замежныя акрабаты — да якасці і ві­до­вішчнасці ніякіх прэтэнзій. Але што тады называць беларускім цыркам? Толькі сам будынак? Амаль дваццаць гадоў мы не бачылі беларускай праграмы. Толькі асобныя нумары ды наш цудоўны цыркавы балет у запрошаных шоу. І вось яно здарылася! На працягу месяца ў цырку «Чароўны сон у зімовую ноч» — доўгачаканая нацыянальная праграма. Створана яна ў першую чаргу дзякуючы цяперашняму мастацкаму кіраўніку Белдзяржцырка Вітаўтасу Грыгалюнасу (на здымку). Тэатральны рэжысёр паставіў сапраўдны спектакль на манежы, у ім кожны нумар — гэта сюжэт адной гісторыі. Што ж непасрэдна да цыркавога майстэрства артыстаў — не бездакорна, але годна.

rr-13_2.jpg— Вітаўтас Альгердавіч, ваша назначэнне на гэтую пасаду многім падалося дзіўным. Прайшоў год, што самі думаеце на гэты конт, не памыліліся, пагадзіўшыся ўзяцца за незнаёмы від мастацтва? 

— Першы месяц я хадзіў з думкай: «Што я тут раблю?». Быў больш змрочны, чым хмара. Я ж чалавек дзяржаўны, таму не мог сысці. Стаў вывучаць новы для сябе свет, трэба сказаць, своеасаблівы. Аказалася, што гэта вельмі цікава. Ніколі б не падумаў, што ў 55 гадоў у маім жыцці здарыцца такі віраж і я з рэжысёра тэатральнага, эстраднага ператваруся ў цыркавога. Цяпер мне ўсё падабаецца, цікава мець зносіны з артыстамі, калегамі з іншых цыркаў. З упэўненасцю магу сказаць, што адчуваю сябе вельмі камфортна.

— Ад гледачоў вам вялікі дзякуй за нацыянальную праграму. Экзатычныя жывёлы — гэта добра, але людзі хацелі бачыць сапраўдны беларускі цырк.

— Я з першага дня спрабаваў адказаць на пытанне: «У чым сэнс майго прыходу сюды?». І мы з дырэктарам Уладзімірам Шабаном зразумелі, што павінны стварыць сваю нацыянальную праграму. Было складана. Збіралі яе паўгода. Прыемна, што некаторыя беларусы вярнуліся з-за мяжы, нягледзячы на больш прывабныя ганарары там. Сярод іх ёсць і тытулаваныя артысты, за плячыма якіх Монтэ-Карла. Шмат у праграме моладзі, якая робіць першыя крокі.

На мой погляд, нацыянальная праграма павінна быць беларускай яшчэ і па духу. Таму першая частка праграмы — гэта пагружэнне ў нашу міфалогію (наколькі гэта магчыма ва ўмовах цырка), другая — у гісторыю. Але прыйшлося лічыцца і з тым, што ў нас ёсць вярблюды і ламы. Так у праграме з’явілася і ўсходняя экзотыка.

— Тое, што сёння бачаць гледачы, гэта максімум, на што здольны беларускі цырк?

— Гэта патэнцыял. Напрыклад, акрабаты на падкідных дошках — гэта людзі, якія былі не запатрабаваныя тут і з`ехалі за мяжу, у іх там усё добра складвалася. Мы ўдзячныя іх кіраўніку Сяргею Васільеву, які пагадзіўся вярнуцца ў Мінск. Ці асілкі браты Казаковы? Гэта наогул дэбютанты. Яны прыйшлі, можна сказаць, з вуліцы, але якое ў іх было жаданне працаваць! Спярша яны нічога асаблівага не паказвалі, мы папрацавалі з імі, і атрымаўся добры нумар. Ёсць і вопытныя артысты, якія проста абнавілі свае нумары. Гэта, напрыклад, эквілібр на шпульках, жанглёры. Карацей кажучы, сёння мы паказваем тое, што ў нас ёсць. Заўтра можа з’явіцца яшчэ нешта.

— За апошнія гады за мяжу сап­раўды з’ехала нямала добрых артыстаў цырка. Гэта таксама рэзерв для наступных шоу ці пытанне ўжо закрыта?

— Сапраўды, не ўсіх атрымалася вярнуць. Ёсць людзі, якія не проста з`ехалі працаваць у іншую краіну, але і пусцілі там карані, такім цяжка сарвацца. Напрыклад, Аляксандравы шмат гадоў жывуць і працуюць у Маскве. Я па вачах бачыў, як чалавек хацеў выступаць дома, быў згодны прыехаць да нас на месяц. Але мы вырашыліі зрабіць выключна беларускую праграму. Будзем рады бачыць Аляксандравых у нас у будучыні ў зборных прадстаўленнях. 

Мы ж маглі зрабіць такое лакі­раванае шоу, запрасіць некалькі вядомых замежных артыстаў. Напрыклад, тую ж Ірыну Лявіцкую з козамі яшчэ на месяц пакінуць. Але гэта было б не сумленна. Да таго ж толькі так мы можам убачыць свае недахопы і працаваць над імі далей.

— Адзін з відавочных недахопаў — малая колькасць і разнастайнасць жывёл.

— Гэта пакуль. Мая мара — мядзведзі. Мы хацелі ўзяць іх яшчэ вясной, але трохі спазніліся. Іх трэба браць у пэўны час адразу з-пад мамы, калі яны яшчэ смокчуць малачко і сляпыя. Потым яны адкрываюць вочы, бачаць, што іх карміў чалавек, і тады іх прасцей дрэсіраваць. Калі прапусціў гэты момант, тады складаней. Але мы не пакідаем гэтую ідэю. Мядзведжыя ўцехі — гэта беларуская традыцыя, чым мы славіліся на ўсю Еўропу, таму проста абавязаны мець такіх жывёл у цырку. Тым больш што ў нас ёсць свой дрэсіроўшчык — Андрэй Ільін.

— Нацыянальную праграму зрабілі, паказалі і забыліся? Ці ёсць шанс, што беларускія артысты цяпер будуць пастаянна выходзіць на арэну? І ці ёсць надзея, што гэта шоу ўбачаць у іншых краінах?

— Пра чарговую аўтарскую праграму пакуль сказаць не магу, але асобныя нумары абавязкова будуць. Тым больш што цяпер мы паказалі не ўсё. Напрыклад, Андрэй Цяплыгін са сваімі малпачкамі з`ехаў на гастролі ў Гомель, і гэта здарылася толькі па той прычыне, што яны выступалі ў «Парадзе дынастый», які вось толькі скончыўся ў нас. Проста не хацелі паказваць адно і тое ж. Гэта наш рэзерв на новую праграму, таксама будзем перарабляць іншыя нумары. Думаю, калі ўсё складзецца добра і ў верасні наша праграма пае­дзе па маршруце, мы зможам яшчэ набіраць людзей, рабіць нешта новае. У сакавіку наш цырк з гэтай праграмай адправіцца на гастролі ў Баку. Ідуць перамовы па Расіі, ёсць прапановы з Еўропы, але пра гэта яшчэ рана гаварыць.

Наталля СЦЯПУРА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter