Чароўны ўсмех вясны

6 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння паэта Паўлюка Труса. У рукапісным альманаху “Нізаўское жыццё”, датаваным ліпенем 1922 года і названым яго аўтарамі “літаратурна-мастацкім органам”, які захавалі нізаўчане – родзічы мастака Уладзіміра Ткачова, ёсць выдатны алоўкавы малюнак, відаць, найбольш выразнай часткі вуліцы тагачаснага Нізка. У правым ніжнім кутку малюнка – аўтограф: “Паўлюк Трус”.
Ініцыятар і ўласнаручны “выдавец” гэтага творчага сшытка, акрамя літаратурных здольнасцей, не быў пазбаўлены і выяўленчага таленту. І хто ведае, падары лёс Паўлюку больш працяглы жыццёвы шлях, чым 25-гадовы яго адрэзак, магчыма, мы сталі б сведкамі з’яўлення з-пад рукі паэта выдатных пейзажных палотнаў. А яшчэ, расказваюць землякі, Паўлюк цудоўна спяваў, песня-сяброўка з маленства была поруч з ім. Сваёй усебаковай адоранасцю хлопец прыцягваў да сябе многіх сяброў-аднавяскоўцаў. Яшчэ да з’яўлення камсамольскай ячэйкі ў вёсцы склалася суполка творчай моладзі, душой і лідэрам якой быў Паўлюк. І пазней, калі праз год ён паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум і прыязджаў дадому, моладзь з нецярпеннем чакала яго. Бо кожнае новае з’яўленне Паўлюка ў вёсцы ператваралася ў ціхае, але запамінальнае свята, у якім былі і аповеды пра мінскае жыццё, і першае агучванне новых вершаў, і парады, што і як рабіць, каб жыць лепш і цікавей. У тэхнікуме таксама хутка ўсе змаглі адчуць прысутнасць Труса, яго таленавітыя вынаходствы на шырокіх студэнцкіх вечарынах і падчас пакаёвых сустрэч-размоў. У гэты час ён больш цесна збліжаецца з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам, з якімі пазнаёміўся і пасябраваў, калі вучыўся ў Уздзенскім вышэйша-пачатковым вучылішчы. Студэнцкае асяроддзе натхняла яго, надавала творчай смеласці. Ён вырашае адаслаць свой верш “Над возерам” у газету “Радавая рунь”. Радасць запоўніла ўсю юную істоту пачынаючага паэта, калі верш быў неўзабаве надрукаваны. Усяго шэсць гадоў адмерана было Паўлюку Трусу для творчасці. Пры жыцці выйшлі дзве яго кніжкі: “Вершы” (1925) і “Ветры буйныя” (1927). Можна сказаць, што паэтычны дар юнака, успыхнуўшы яркай бліска-віцай на літаратурным небасхіле, абарваўся не згасаючы. Бо быў сярод яго рукапісаў і трэці зборнік, які ён няспынна папаўняў, рыхтаваў да выдання і, як прызнаваўся ў лісце П.Глебку, меркаваў назваць “Чырвоныя ружы”. За гэты кароткі час знаходжання ў паэтычным віры Паўлюка прыбівала, як лічылі крытыкі, да берагоў і сімвалізму, і рэвалюцыйнага пафасу, і апявання вясковай патрыярхальнасці. Але найперш Трус, які назаўсёды застаўся ў сваёй творчасці раннім, — лірык. Яго справядліва называюць беларускім Ясеніным, хаця і папракалі ў партыйна-савецкі час, што перайманне Ясеніна, здаралася, адмоўна ўплывала на яго творчасць: маўляў, уносіла ў пераважна аптымістычную паэзію Паўлюка Труса матывы беспрычыннага суму. Хаця сумаваць лірыку было з-за чаго і без ясенінскіх “страданий”. Жыццё ў яго вёсцы не станавілася больш заможным, бацька пісаў, што не можа аддаць доўг вяскоўцу, і прасіў па магчымасці выслаць колькі рублёў. А яшчэ каб падношаныя рэчы сын прысылаў дадому. Пра нястачу напаміналі таксама сёстры Марыя, Вера, брат Міхась. У 1928 годзе захварэла маці. Мне пісала сястра: “Прыязджай па вясне, Калі хочаш пабачыць матулю”. Помню... Восень была... За бальнічным акном, За акном шалясцелі таполі, Як на грудзі твае Палажыў я вянок І заплакаў глыбока ад болю... На час заканчэння тэхнікума імя паэта з Уздзеншчыны было ўжо добра вядома прыхільнікам паэзіі з многіх куткоў Беларусі. Былая каляжанка па “Палескай праўдзе” Р.Гэльмас пісала яму: “Нашы кажуць – перад Вамі вялікая будучыня. Як мне зайздросна, Паўлюк, Вашай маладосці, Вашай будучыні. ...Ведаеце, што Вам, Паўлюк, скажу? Я раней зусім не цікавілася беларускай мовай, але ж калі паслухала, як Вы чыталі свой верш, у мяне аж жалем сэрца сціснулася: як гэта я не зразумела ўсяго хараства мастацкай беларускай літаратуры”. Край легенд, крыжоў, магіл, курганаў, край тугі – бальзам жывых крыніц... Край смугі, бялявых кос-туманаў, край палёў, краса шумлівых ніў... Край балот, нізін, азёраў наскіх, край лясоў маўклівых сосен-струн... Край паэм, адвечных песень-казак — дарагая сэрцу Беларусь... Пра паэта, які гэтаксама любоўна апавяў Беларусь, як Ясенін сярэднюю паласу Расіi, стваральнікі музея П.Труса ў Нізаўскай базавай школе напісалі ў Дзяржаўны музей-запаведнік Сяргея Ясеніна, што існуе на яго радзіме, у сяле Канстанцінава Разанскай вобласці, даслалі туды некалькі вершаў. Адтуль запыталі пераклады на рускую мову. І цяпер тамтэйшыя аматары лірыкі могуць знаёміцца з вядомымі яго радкамі ў варыянце Браніслава Спрынчана. Падают снежинки… Бриллиантов россыпь блещет на морозе за моим окном… Расчесали вишни шелковые косы и убрали землю снеговым венком. Далей аднаразовай перапіскі справа не пайшла. Можа, яшчэ і таму, што наш бок прадстаўлялі музейшчыкі-аматары са звычайнай школы, а там – вядомая ледзь не на ўвесь свет дзяржаўная ўстанова. Увогуле ж сабраны ў Нізку з найпершым удзелам энтузіяста, настаўніцы гісторыі Вольгі Міхайлаўны Суткаленка архіўны матэрыял аб Паўлюку Трусу патрабуе пэўнай сістэматызацыі. Дапамагчы ў гэтым абяцае Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей на чале з новым дырэктарам Тамарай Лухверчык, дзе таксама ёсць раздзел, прысвечаны паэту-земляку, некаторыя яго асабістыя рэчы. А 7 мая аб’яднанымі намаганнямі раённых арганізацый у Нізку будзе ладзіцца свята паэзіі, прысвечанае 100-гадоваму юбілею Паўлюка Труса. Яго светлы вобраз, чароўныя радкі неўміручай паэзіі дапамогуць землякам лепш адчуць шчырасць роднага слова, абудзіць пачуцці, якія перапаўнялі ўсю няўрымслівую істоту паэта. І зноў я там, Дзе пад акном тры клёны Маністы-наміткі Схілілі на карніз, Дзе я ў самотнасці Пад шум вясны зялёнай У смутку й радасці Правёў дзяцінства дні. І тыя думы-сны Будзіў на струнах ліры, Каб не завяў усмех, Чароўны ўсмех вясны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter