На канцэрт этнатрыа «Троiца» гурт мае намер парадаваць сваiх прыхiльнiкаў

Чароўная «Троiца»

Каму не хацелася б апынуцца ў казцы? Такая рэдкая магчымасць ёсць у мiнчан i гасцей горада, якiя ў красавiку прыйдуць на канцэрт этнатрыа «Троiца». Гурт мае намер парадаваць сваiх прыхiльнiкаў, добра знаёмых з ягонай творчасцю, i здзiвiць тых, хто пачуе гэтую ўнiкальную музыку ўпершыню.

«Троiца» iснуе ўжо 20 гадоў (17 – як гурт узяў гэтую назву). Ведаюць яе больш па запiсах. У мiнулым годзе этнатрыа тры разы выступала ў Германіі, па два — у Польшчы i Расii, па разу — у Швейцарыi i ў нашай краіне. Сёлета ў лютым адбылася адметная вандроўка — у Чылi. 

— Так атрымалася, што нас запрасiлi на фестываль WOMAD (World of Music, Arts and Dance) у Вялiкабрытанiю, — тлумачыць гiтарыст Юрый Дзмiтрыеў. – Але туды мы даехаць не змаглi:  была  праблема з вiзамi. Раптоўна прыйшло запрашэнне на той жа музычны форум, але… у Сант’яга.

Аказваецца, фестываль WOMAD заснаваны ў 1980 годзе англiчанiнам Пiтэрам Гэбрыелам, музыкам, гуманiстам, мецэнатам i прадзюсарам выканаўцаў этнiкi, з 1982-га вандруе па свеце. I, нягледзячы на даволi сталы ўзрост, беларускiх музыкаў ён упершыню прыняў зусiм нядаўна. Гэта i было этнатрыа «Троiца». 

— Мне здаецца, што беларускiя песнi – найпрыгажэйшыя, — падтрымлiвае гутарку лiдар гурта Iван Кiрчук, — мелодыi — шыкоўныя, рытмы — завадныя, толькi пачнi — будуць адразу грукаць, танчыць. Арганiзатары па вынiках фестывалю зрабiлi фiльм, а нашу песню «Мар’я» ўзялi для гукавога афармлення. Значыць, мы спадабалiся. 

Аднак лёс непрадказальны. Пакуль беларускiя музыкi рыхтавалiся да паездкi ў Чылi, прыйшло яшчэ адно запрашэнне – зноў на WOMAD, зноў у Вялiкабрытанiю. Так што ўлетку, можа быць, «Троiца» ў другi раз за год пакажа сваё майстэрства на прэстыжным фестывалi. 

— Пасля таго як быў выдадзены альбом «Зiмачка», якi атрымаў у нашай краіне дзесяць узнагарод, у тым лiку першую Нацыянальную музычную прэмiю, «Рок-карону», Ultra-Music, хочацца, каб наступная работа была зроблена таксама з якасным гукам, –  каменціруе Iван Кiрчук. – На такiм узроўнi можна зрабiць запiс у студыi Пiтэра Гэбрыела  за  60 тысяч долараў  або ў Польшчы  за 15 тысяч. Пакуль фiнансавай падтрымкi мы не знайшлi. Нават замежжа сёння не так актыўна дапамагае, бо i там зараз складаная сiтуацыя. 

На думку суразмоўніка, грамадства страчвае вельмi каштоўныя жамчужыны са сваёй скарбонкi  — носьбiтаў аўтэнтычнай музыкi. Iх робяць папулярнымi, запрашаючы да ўдзелу ў фестывалях, буйных канцэртах, i з часам самабытныя артысты губляюць iндывiдуальнасць. 

—  Я ведаю шмат гуртоў i асобных выканаўцаў, якiя iграюць старадаўнюю музыку, якiх сапсаваў час, — шкадуе музыка. – Напрыклад, тэлебачанне (былi такiя праграмы – «Спявай, душа!», «Запрашаем на вячоркi») прапануе пэўны фармат (2—3 хвiлiны), у якi трэба ўпiсацца, i людзi перакройваюць свой матэрыял, у вынiку становячыся падобнымi да ўсiх. Я прывозiў у Мiнск мужчынскi калектыў спеваў з вёскi Гаўрыльчыцы Салiгорскага раёна, i Таццяна Песнякевiч для радыёклуба «Фальклор» запiсала гадзiны тры iх песень. А праз некалькi гадоў яны ўжо спявалi, як усе гурты, з гармонiкам, скакалi, чаго не было раней. Кудысьцi знiклi тыя мужчынскiя многагалосыя спевы. 

Пакуль што застаецца па-за ўвагай шырокай грамадскасцi вялiзны пласт народнай культуры – святочныя абрады, якiя Iван Кiрчук дэталёва вывучае i выкарыстоўвае ў сваёй творчасцi. 

— Мой падыход да беларускага фальклору i мовы – праз экспедыцыi, праз сустрэчы з людзьмi, — дадае Iван Iванавiч. — Я нарадзiўся ў Лiдзе ў каталiцкай сям’i i да школы размаўляў толькi па-польску. I мне гэтая культура была блiжэй, пакуль я не прыехаў у 1980 годзе пасля службы ў войску ў Мiнск. Тады, ужо ў Iнстытуце культуры, я пачуў гурт «Валачобнiкi» i ансамбль Дзмiтрыя Пакроўскага з Расii, якiя паказалi рэгiянальныя спевы. У мяне з’явiлася патрэба займацца гэтым, што я i раблю ўсе гады. Са студэнтамi педагагiчнага ўнiверсiтэта мы рабiлi вiдовiшчныя рэканструкцыi абрадаў, свят. Гэта было вельмi цiкава, на мой погляд. Заўсёды шмат гасцей прыходзiла на экзамены. Цяпер нават i кафедры этналогii i фалькларыстыкi ва ўнiверсiтэце няма. На працягу дзесяцi гадоў скарачалiся вучэбныя планы, потым засталiся толькi завочнiкi… I я там болей не працую — кантракт закончыўся, i я пайшоў.  Але мяне  запрасiў  Iнстытут культуры выкладаць традыцыйную народную культуру, беларускiя народныя iнструменты, манеру спеваў — тое, што спатрэбiцца. Гэта ўжо не вышэйшая адукацыя, а павышэнне квалiфiкацыi  спецыялiстаў. Зараз вось прыехалi кiраўнiкi клубаў. У iх ёсць патрэба ў сцэнарыях: Купалле, Каляды. Мы разглядаем гэтыя матэрыялы, развучваем песнi...

Знойдзецца ва ўстанове i месца для багатай калекцыi Iвана Кiрчука — музычныя iнструменты, посцiлкi, ручнiкi, батлейка, паўтары тысячы CD i 500 DVD. Магчыма, гэта будзе невялiкi музей. 

— Што да музычных iнструментаў, з сiвых стагоддзяў iх захавалася няшмат, — гаворыць Iван Iванавiч. — Каб iграць, нашы беларускiя майстры робяць iнструменты самi – акарыны, дудкi, жалейкi… Мы таксама звяртаемся да гэтых умельцаў.

Ёсць у гурта «Троiца» кампазiцыi, у час гучання якiх тройчы мяняюцца музычныя iнструменты. Гэта прынцыпова новы фармат кампазiцый. 

— Мы на канцэрце пакажам увесь наш матэрыял, якi ёсць на сёння, — расказвае Юрый Дзмiтрыеў. — Будзе адна новая песня — «Адам». Гэта фрагмент духоўнага верша, запiсаны ў  чарнобыльскай зоне: Адам размаўляе з Богам. У нас атрымаўся трошкi iншы падыход... Можа, гэтая песня стане фальклорным шлягерам. 

— Калi мы запiсвалi альбом «Зi-мачка», — дадае галоўны чарадзей, — у нас нарадзiлася песня «Сонца», якая адкрыла для нас новыя формы: фолк-сюiта, фолк-опера. Кампазiцыя «Мядзведзь» — гэта адна са жнiўных песень, калi мядзведзь прыходзiць на поле, хоча дапамагчы кабеце, у якой плача дзiця, але баiцца ўзяць малое, каб не паранiць кiпцюрамi. Але да гэтага гучыць «Камаедзiца»: мядзведзь прачынаецца, потым – кiрмаш. Так песня разрастаецца ўжо на тры часткi. «Цар Агонь» — гэта магiя купальскай ночы, ачышчэнне. Тут зноў тры музычныя часткi. Песня «А ў нядзельку выляталi журавы» — балада пра дзяцей, якiх ажанiлi, не ведаючы, што яны брат з сяс-трой, i якія не могуць быць мужам i  жонкай. Таму яны вырашылi стаць кветкамi… «Яшчар» — калядная гульня: хлопец адбiрае ў дзяўчат вяночкi, потым за танец цi за пацалунак iх вяртае. Там таксама не-калькi частак. Такi фармат нам дапамагае больш дасканала ўвайсцi ў абрад, так мы адчуваем сябе на сваiм месцы. 

Гледачы кра-савiцкага канцэрта ў гэтым пераканаюцца. Як i ў тым, што этнiчная музыка, нягледзячы на сваю даўнiну, можа гучаць не толькi самабытна, але i сучасна.

Алена ДАВЫДАВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter