Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чароўнасць слова

У кнізе вершаў і перакладаў Юліі Алейчанкі “Пад чароўным шкельцам”, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”, пададзены творы мастакоў слова з Эквадора, Непала, расійскай Удмурціі, Туркменістана, Кітая
Юлія Алейчанка.
Восем перакладных вершаў у зборніку маладога аўтара — гэта знаёмства беларускага чытача з вобразамі кітайскіх мастакоў слова Лі Хэ і Ван Гачжэня. “Да Заходняй гары дзень за днём/ Апускаецца белае сонца./ У палацы бязмежных нябёс/ Падымаецца месяц бясконца./ І сівой даўніны доўгі шлях/ Адбіваецца болем у скронях./ Сотні год — як раса ў траве,/ Як пясчынка ў ветра далонях”, — паўтарае Юлія Алейчанка следам за Лі Хэ. Паэт канца VІІІ — пачатку ІХ стагоддзя, ён пражыў зусім няшмат: крыху болей за 25 гадоў. Ды след як мастак слова пакінуў за сабой на стагоддзі. Пра Лі Бо некалі казалі: “Бессмяротны небажыхар паэзіі”. А пра Лі Хэ казалі так: ён жа ёсць “дух-дэман паэзіі”. Захопленасць беларускай перакладчыцы паэтам эпохі Тан, які паспеў за кароткае жыццё напісаць 200 вершаў, адчуваецца ў кожным радку. Чытаем верш “Думы ў пакоях”: “Перарыўныя гукі званочка —/ У павозцы месяц імчыць./ І ціхмяная сіняя ночка/ У абдоймах сваіх халадзіць./ Як жа вытрымаць мне самоту?/ Плача конік пяшчотнай нотай…”

Ван Гачжэнь, другі кітайскі паэт, прадстаўлены ў кнізе Юліі Алейчанкі, — наш сучаснік. Нядаўна ён, не дасягнуўшы і шасцідзесяці гадоў фізічнай прысутнасці ў свеце, памёр. Але засталіся вершы, якія ўжо ведаюць у многіх краінах. У Беларусі ў перакладзе на мову Купалы і Коласа выдадзена кніга Ван Гачжэня “Мелодыі адкрытага сэрца”. Там і 6 перакладзеных Юліяй Алейчанкай вершаў (у зборніку “Пад чароўным шкельцам” змешчаны чатыры).

Юлія Алейчанка пераклала на беларускую мову і вершы іншых кітайскіх паэтаў — Лі Цінчжаа, Мэн Хаажаня, Сюй Чжымо. Цяпер працуе над перакладамі твораў Вэнь Ідо. Несумненна, увага да паэзіі Кітая розных стагоддзяў становіцца адным з выразных кірункаў у працы маладой беларускай пісьменніцы. Яна, дарэчы, уваходзіць у склад міжнароднага рэдсавета серыі “Светлыя знакі. Паэты Кітая”. Усяго выдадзены 8 паэтычных зборнікаў.

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter