Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ёсць на што паглядзець ва ўнікальным каталозе “Тутэйшы дызайн. Асобы і рэчы”, праца над якім доўжылася больш за чатыры гады

Чароўнасць рэчаў

Летась напрыканцы года пабачыў свет каталог, прысвечаны праблемам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў сферы дызайну. Тыя, хто над выданнем працаваў, здолелі стварыць сапраўдную кнігу-энцыклапедыю, якая ілюструе дасягненні сучаснага беларускага дызайну ды знаёміць з яго творцамі. Тут ёсць як працы вядомых майстроў, так і навічкоў. Пададзена шмат мастацкіх стыляў. Зрэшты, пры такой разнастайнасці ўдзельнікаў іначай і быць не можа.

Прэзентацыя каталога ў мінскім Палацы мастацтва

Асаблівую ўвагу прыцягвае раздзел “Рэчы”, дзе гаворка йдзе пра здабыткі матэрыяльнай культуры Беларусі ды беларусаў. Можна пабачыць: у чым нашы нацыянальныя спецыфіка і каштоўнасць. Тут нават на тыя рэчы, якія падаваліся не вартымі ўвагі, пачынаеш глядзець з новых пазіцый. Некаторыя з рэчаў даўно не ва ўжытку, ёсць экзэмпляры як з канвеераў, так і з саматужных майстэрняў. І такія матэрыяльныя артэфакты можна ўспрымаць як “паказальнікі” пэўнай традыцыі: як эстэтычнай, так і функцыянальнай. Болей за тое: у каталозе кожны з пададзеных прадметаў мае назву менавіта беларускую, часцей без аналагічных варыянтаў у мове рускай.

У каталозе — больш за сотню рэчаў з розных сфер жыцця беларускай супольнасці, з розных часоў. Сярод іх і абрус. У старадаўнія часы на Беларусі ім не толькі накрывалі стол па святах: ён быў важным атрыбутам на вяселлі. Ды й цяпер беларускі абрус запатрабаваны як у нас, так і ў замежжы.

А вы ведаеце, што такое бабачнік? Форма для запякання бабкі, традыцыйнай беларускай стравы. Кажуць, з’явілася ў продкаў на сталах даўно, і была страваю Велікоднай. А форма для бабкі мела таксама назвы бабачніца, пасачнік, стаўчык — у залежнасці ад рэгіёну.

Вось барацінка. Сапраўд­ны рарытэт, бо гэта — манета ВКЛ, якая выраблялася на Берасцейскім манетным двары з 1659 па 1666 гады і ў Гародні з 1706 па 1708 гады. На жаль, з тых часоў на Беларусі манетных двароў і не было... Хоць з металамі нашы продкі хораша працавалі. У прыватнасці, у каталозе можна пабачыць і гармату-фальканет “Хімера”, зробленую ў 1603 годзе па замове М.-К. Радзівіла Сіроткі. Адліў яе майстар Г. Мольцфельд у Нясвіжы.

А што вядома нам пра вадапомпавую вежу ў Барысаве? Каталог падкажа: яна вышынёй 27 метраў, яе спраектаваў сусветна вядомы інжынер У. Шухаў. Вежа ўзведзена на чыгуначнай станцыі для запраўкі паравозных катлоў. Адметнасць вежы ў тым, што ёмістасць для вады трымаецца на канструкцыі з просталінейных механічных дэталяў, створана ў выглядзе крывалінейнай фігуры. Карацей — гэта трэба бачыць!

Цікава распавядае каталог і пра жабкі. Ведаеце такія? Чапляліся на абутак узімку, каб не паслізнуцца на лёдзе. Тыя прыстасаванні, кажуць, пратрымаліся на Беларусі… з часоў Сярэднявечча і былі ва ўжытку амаль да ХХ стагоддзя.

Вельмі трапна сказана ў каталозе і пра тое, што “Беларусь — краіна не толькі замкаў, але і замкоў”. Апошнім таксама прысвечаны старонкі. Замкамі карыстаюцца на Беларусі з Х стагоддзя, цяпер іх робяць на заводах аўтаматычных ліній у Мінску і Баранавічах. Каталог не абышоў увагай ігральныя карты з выявамі валадароў Рэчы Паспалітай. Зробленыя ў Гародні ў 1930-я гады, яны, пэўна ж, прыдуцца даспадобы прыхільнікам гістарычных рарытэтаў. І кавярнік, зроблены ў Гомелі ў 1956-м, гэта рэч вытанчаная. Формаю нагадвае еўрапейскія кавярнікі пачатку ХХ стагоддзя, аднак не копія з іх: айчынны выраб.

Цікава разглядаць канапу, а таксама й крэсла. Першая рэч вядома на Беларусі з Сярэднявечча, і сустракалася, натуральна, не ў вясковых хацінах: у палацах і сядзібах. Потым канапа замяніла сабою традыцыйную лаву ў некаторых сялянскіх хатах. Усе канапы спачатку былі драўляныя, потым сталі з’яўляцца й мяккія: іх да ХХ стагоддзя рабілі саматужна. Цяпер жа розныя канапы выпускаюць многія прадпрыемствы Беларусі. А што да крэсла, то ў каталозе прадстаўлены ягоны легендарны варыянт, створаны Э. Шубертам, галоўным архітэктарам (з 1963 года) мэблевай прамысловасці Беларусі. Якраз Крэсла Шуберта справядліва можна назваць знакавым узорам беларускага дызайну. І дадаць: менавіта яно стала першым у нашай гісторыі крэслам з выгнутай спінкай.

Цікава будзе пачытаць і пра маляванку. Апошняя — добры прыклад прадмета масавай культуры беларускіх сялян першай паловы ХХ стагоддзя. Наіўны і мілы дэкаратыўны жывапіс клеявымі фарбамі па палатне адлюстроўваў прагу простых людзей да прыгажосці. Вядома, што маляванкі стваралі й такія выдатныя майстры, як Алена Кіш ды Язэп Драздовіч.

А што нам вядома пра пазнамок? З каталогу даведаемся: гэта жэтон, які шырока выкарыстоўваўся ў Беларусі з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Гардэробы шматлікіх грамадскіх і культурных устаноў, паркі, таксафоны — шмат дзе была патрэбна гэтая маленькая, але такая неабходная рэч.

  Прадстаўлены ў каталозе і прас. Яны выкарыстоўваюцца на Беларусі з часоў Вялікага Княства Літоўскага, але раней былі прадметам раскошы. Па першым часе прасы рабілі рамеснікі, а з пачатку ХХ стагоддзя іх выпускам заняліся й арцелі. Першыя прасы былі чыгунныя і награваліся пры дапамозе агню ці гарачага вуголля. З цягам часу з’явіліся электрычныя варыянты.

Агледзім яшчэ спарыш: гэта беларуская гліняная пасудзіна з 2-3 гаршкоў з сумеснай ручкай. У такіх насілі ежу на поле. Акрамя таго, у беларускай традыцыі спарыш сімвалізуе каханне: аб’яднанне дваіх у адно цэлае. А вось і спецыфічная і адначасова міленькая рэч: драўляныя лялькі “Якім і пан Быкоўскі” — персанажы п’есы “Паўлінка” Янкі Купалы. Лялькі створаны ў 1970-х, па ўсёй бачнасці, на Фабрыцы мастацкіх вырабаў у Маладзечне. Сувенірная рэч накшталт матрошкі мае нацыянальны каларыт. І яшчэ шмат дзівосных беларускіх рэчаў прапануе разгледзець каталог. Таму больш цеснае знаёмства з ім будзе цікавым, пазнавальным. А можа каго й падахвоціць да стварэння новых узораў ці на збіранне адметных рэчаў з мінулага.

Летась у Мінску ў Палацы мастацтва прайшла цудоўная прэзентацыя выдання. Яе адкрываў складальнік каталога, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітры Сурскі. Прэзентацыя пераўтварылася ў незабыўную творчую вечарыну. Бо сабраліся там найцікавейшыя людзі: хто працаваў над каталогам, хто ў ім прадстаўлены, а таксама спонсары, эксперты, аматары мастацтва… Фуршэт арганізатары зладзілі з традыцыйным беларускім “меню”: сала, цыбуля, печаная бульба, гуркі з бочкі, мочаныя яблыкі, самагон… На вясёлым аўкцыёне, які праводзіў вядомы бард і актор Віктар Шалкевіч, можна было набыць як VIP-экзэмпляры каталога, так і некалькі рарытэтных рэчаў. Дапаўняліся ж усе тыя незабыўныя моманты ігрой на валынцы. І ўрэшце ўтварылася такая свойская, душэўная атмасфера.

Так што гэта была сапраўдная Падзея. Яна, як таксама й каталог “Тутэйшы дызайн. Асобы і рэчы”, прыгожа нагадваюць беларусам пра нашу самабытнасць, унікальнасць. Пра тое, як важна не забываць пра сваю культуру, мову, гісторыю і традыцыі.

Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter