Чарэя - багаты на спадчыну куток Віцебшчыны

Чарэя: тут сэрца кранаюць бары і азёры


З крутых пагоркаў сінявокай Віцебшчыны вякамі ўглядаецца мястэчка Чарэя ў блакітнае люстэрка аднайменнага возера. Паселішча мае старажытныя карані. Праз яго пралёг шлях з «вараг у грэкі». Пісьмова яно ўпершыню ўзгадваецца ў актах Літоўскай метрыкі 1454 года.

На беразе возера Галаўль, якое пазней атрымала назву Чарэйскае, быў заснаваны базыльянскі манастыр. На азёрным востраве паўстала мураваная Траецкая царква, сцены якой захаваліся як помнік архітэктуры ранняга барока.

Развіваўся горад Чарэя — сталіца ўдзельнага княства, што належала Паструцкім. Пазней яно стала графствам, якім валодалі Сапегі і Мілашы. І праіснавала больш як два вякі.

Мясцоваму храму цар Іван Грозны падараваў абраз. Пётр Першы прывёз у расійскую сталіцу копію гэтай іконы Чарэйскай Богамацеры.

З сярэдзіны ХVІ стагоддзя мясцовасць увайшла ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Чарэя — цэнтр часткі Віцебскага ваяводства, якая засталася ў Вялікім Княстве Літоўскім. А пасля другога падзелу — валасны горад Сенненскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Потым статус паселішча панізілі да мястэчка.

З лета да восені 1812 года ў Чарэі стаялі французскія фарміраванні маршалаў Легарнэ і Віктора.

Не абмінулі мястэчка ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Пасля ўсталявання савецкай улады з 1919 па 1924 год паселішча — у складзе Расійскай Федэрацыі. Пасля вяртання ў БССР да 1931-га — райцэнтр, а потым да 2004-га — цэнтр сельсавета. З 2010 года — аграгарадок Лукомльскага сельсавета Чашніцкага раёна.

На брацкай магіле ўсталяваны помнік 70 савецкім воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны.


Маршруткай зручна дабірацца са сталіцы ці Віцебска да чашніцкага аграгарадка Чарэя, куды прывяла мяне чарговая вандроўка. Сялянскія сядзібы раскіданы па пагорках, акружаных перакатнымі лугамі, палямі і люстэркамі блакітных азёр. Мікрааўтобус прыпыніўся ў старажытным паселішчы, каля перакрыжавання вуліц-дарог. Тут, у цэнтры аграгарадка, прыгажосць прыродных пейзажаў дапаўняюць сучасны будынак Дома культуры, прадуктовы магазін, Дом рыбака і паляўнічага, гістарычны мур з чырвонай цэглы і патанаючыя ў садах падворкі. За шатамі высокіх векавых дрэў упіраюцца ў неба крыжы адноўленай Свята-Міхайлаўскай царквы.

Са старшынёю Лукомльскага сельвыканкама Нэлі Гамбаран пачалі вандроўку па цэнтральнай плошчы. Чашніцкі раён — радзіма Нэлі Леанідаўны. У час вучобы на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі вый­шла замуж за армянскага юнака, які таксама атрымліваў сельгас­адукацыю ў Горках. З гадавалай дачушкай Ганначкай паехалі працаваць у сонечную Арменію. Пасля разбуральнага землятрусу ў 1988 годзе вярнуліся ў Беларусь. Нэлі Леанідаўна была намеснікам кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства «Лукамль» Чашніцкага раёна. Як аўдавела, перайшла працаваць спецыялістам у сельвыканкам. Шосты год узначальвае мясцовую ўладу ў аграгарадку Лукамль. 29 вёсак і вёсачак на тэрыторыі сельсавета. Да самых аддаленых больш за два дзясяткі кіламетраў. Выручае сельсавецкі легкавік. На ім і пачалі вандроўку па Чарэі.

Старшыня Лукомльскага сельвыканкама Нэлі ГАМБАРАН. 

Завіталі да брыгадзіра Чарэйскага вытворчага аддзялення ААТ «Палац працы-Агра» Леаніда Казункі. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі больш як за паўсотні кіламетраў у другім баку раёна. У Чарэі толькі невялікая жывёлагадоўчая ферма. На перыяд сельгасработ сюды прысылаюць тэхніку. Хутка пачнецца жніво, і камбайны выйдуць на хлебныя нівы. Увесь чэрвень на навакольных лугах шчыраваў корманарыхтоўчы атрад. Сянажную масу закладвалі ў траншэю каля фермы. Назапашвалі і сена. Начавала тэхніка на пляцоўцы каля брыгадзірскага падворка. Механізатары дапамагалі касіць травы і для свойскай жывёлы. У Чарэі амаль 60 дойных кароў у насельніцтва. Лішкі малака жыхары прадаюць малаказборшчыку.

Шэсць кароў было на падворку брыгадзіра Леаніда Казункі. Жонка Таццяна Аляксееўна ўручную іх даіла. Малако здавалі і значна папаўнялі сямейны бюджэт. Чацвёра дзяцей выхавалі. Старэйшы Аляксей працуе на Лукомльскай ДРЭС. Міхаіл і Святлана — медыкі. Пераманіў горад і малодшага Андрэя. У водпуск прыехаў да бацькоў. У Чарэі моладзі мала. Дыскатэкі ў Доме культуры — вялікая рэдкасць. Леанід Мікалаевіч і Таццяна Аляксееўна ў адзін голас выказаліся, што сумнавата сыну дома. Не трэба ўжо з бацькам сена касіць. Як дзеці раз’ехаліся, кароў прадалі. Толькі свінні ды куры засталіся.

Брыгадзір Чарэйскага аддзялення ААТ «Палац працы-Агра» Леанід КАЗУНКА і яго жонка Таццяна Аляксееўна.

Прадаў карову і жывёлавод Аляксей Амбросаў. З ім сустрэліся на жывёлагадоўчай ферме. Разам з Віктарам Ляўшуновым яны даглядаюць 170 кормнікаў. Паўсотні адкормленых бычкоў адправілі на мясакамбінат. Чакаецца папаўненне маладняка.

Жывёлаводы Віктар ЛЯЎШУНОЎ і Аляксей АМБРОСАЎ. 

У старэйшыны аграгарадка Валерыя Прыгуна пацікавіўся, чаму менш стала жывёлы на чарэйскіх падворках. Навокал столькі лугоў і выпасаў. Няма праблемы з нарыхтоўкай сена. Пры гэтым усё ж многія гаспадары адмаўляюцца трымаць кароў. Валерый Іванавіч па адукацыі заатэхнік. Пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута працаваў галоўным спецыялістам у гаспадарках Чашніцкага раёна. Паспытаў і хлеб лясніка. Цяпер на заслужаным адпачынку. І сам ён з-за хваробы жонкі замест каровы завёў казу. Раней на вёсцы карова была асноўнай карміцелькай. Матэрыяльна людзі сталі жыць лепш, і для многіх адпала неабходнасць трымаць іх. У магазіне аграгарадка пастаянна багаты выбар малочных, іншых прадуктаў. Мы зазірнулі ў краму. На прылаўку кінуліся ў вочы духмяныя боханы пшанічнага хлеба. Загадчыца магазіна Раіса Шушкевіч паведаміла, што пастаянна асартымент харчовых тавараў папаўняецца.

Старэйшына Чарэі Валерый ПРЫГУН. 

Падмацавацца смачным абедам можна ў бары Дома паляўнічага і рыбалова. Адміністратар-бармен Інеса Радашкевіч адзначыла, што да восені ўсе 11 гасцінічных нумароў забраніраваны. Адпачываць на чарэйскія азёры едуць не толькі жыхары рэспублікі, але і шмат замежных гасцей. Акрамя непаўторных па прыгажосці краявідаў, вандроўнікаў вабіць і багатая гісторыя гэтых мясцін.

Адміністратар Дома паляўнічага і рыбалова Інеса РАДАШКЕВІЧ.

Бібліятэкар Таццяна Казлоўская гатова гадзінамі расказваць пра мінулае чарэйскай зямлі. Захапляўся прыгажосцю мястэчка бацька Максіма Багдановіча. Ён прыязджаў на кірмашы з суседніх Халопеніч. Любіў частавацца мясцовым півам. Бровар дзейнічаў да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Былі ў Чарэі свае малаказавод і пякарня. А чаго вартая Белая царква, што стагоддзямі ўзвышаецца на азёрным паўвостраве. Узводзіць яе пачалі ў часы Фларэнційскай уніі, якую заключылі ў 1439 годзе з цэглы, якую тут і выраблялі. Цаглінкі з кляймом «БЦ» можна сустрэць на сценах многіх збудаванняў эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Сцены і звод святыні, выкананыя ў стылі барока, уцалелі. У падзямеллі пакоіцца прах прадстаўнікоў магнацкага роду Сапегаў.

Бібліятэкар Таццяна КАЗЛОЎСКАЯ.

Летась на пачатку жніўня на паўвостраве ў другі раз ладзіўся міжнародны фестываль сучаснага мастацтва і музыкі SPRAVA. Арганізатары рыхтуюць яго і сёлета. А восенню тут будуць прымаць удзельнікаў і гасцей фестывалю «Чарэйскія зоры». Адзін з ініцыятараў творчых імпрэз — Кацярына Аверкава. Ёй належыць аўтарства ў пастаноўцы спектакляў на тэатральных сцэнах Беларусі, Германіі, Швейцарыі.

Самадзейныя артысты Людміла КЛЁС і Ірына ВЯЦІОРАЦ.

Ад Таццяны Казлоўскай пачулі і пра Макавееву крынічку, якая цурчыць ля старажытнага гарадзішча. Таццяна Міхайлаўна прывяла нас да гаючага вытока. Многія пакаленні тутэйшых праводзілі тут свае абрады. Мясцовыя энтузіясты намераны абуладзіць святы куточак.

Непадалёку ад крынічкі захаваўся курган Татарка. Як сведчыць паданне, у старажытнасці два суседнія племені татараў і шалаватаў не надта ладзілі паміж сабою. Пасля адной з крывавых сутычак узніклі два курганы, у якіх пахаваны загінуўшыя. Застаўся курган Татарка, а другі — Шалаватка знесены.

Таццяна Міхайлаўна заўзята распавядае пра гісторыю былой сталіцы графства — Чарэю. Некалькі гадоў таму аднавіла дзейнасць царква Святога Архангела Міхаіла. Узведзена яна на пачатку ХVII стагоддзя па ініцыятыве вядомага гістарычнага дзеяча Льва Сапегі пасля таго, як яму Іван Грозны падараваў абраз Міхаіла Архангела візанційскага пісьма.

Шматдзетная сям’я Таццяны і Аляксея КУПРЭЕВЫХ.

За ваколіцай аграгарадка цудоўна захавалася ліпавая алея. Энтузіястамі беражліва захоўваецца бэзавая алея, дзе збераглося каля 20 сартоў бэзу.

З пагорка вокнамі на сядзібы глядзяцца два школьныя будынкі. Узведзены яны на месцы маёнтка Мілашаў. Оскар Мілаш стаў французскім літаратарам. А яго пляменнік Чэслаў Мілаш — Нобелеўскім лаўрэатам. Свой чарэйскі куточак яны ніколі не забывалі і цёпла адзываліся аб ім.

Старшыня сельвыканкама, гледзячы на мураваныя сцены былой школы, адзначыла, што некаторыя турысты прымаюць іх за гістарычную спадчыну Мілашаў. Побач пустуе сучасны школьны будынак. Яго выставілі на аўкцыён. Вучняў з Чарэі аўтобусам возяць на заняткі ў Лукомльскую сярэднюю школу.

Некалькі пакаленняў дзяцей выхоўвала педагог Дзіяна Акімава. Яе мы засталі на ганку драўлянага дома. Над дахам узвышаюцца густыя шаты векавых дрэў. Дзіяна Сяргееўна гасцінна запрасіла ў дом. Пачаліся ўспаміны пра перажытае. Узгадала гаспадыня пра першую сустрэчу з будучым мужам. Ён з братам прыехаў пасля інстытута настаўнічаць у іх вёску Цяпіна. Маладзенькая Дзіяна толькі скончыла два курсы Лепельскага педвучылішча і была ў бацькоў на канікулах. Пажаніліся. Маладую сям’ю педагогаў накіравалі працаваць у Чарэю. Збудавалі дом. Муж Іван Пятровіч стаў дырэктарам школы. Чацвёра дзяцей выхавалі. Дзіяне Сяргееўне давялося перанесці трагічную смерць сыноў Аляксандра і Уладзіміра. Дачка Ала, сын Мікалай, нявесткі, зяць, унукі і праўнукі прыязджаюць у Чарэю.

90-гадовая заслужаная настаўніца БССР Дзіяна АКІМАВА.

На сцяне ў прасторным пакоі сярод партрэтаў, здымкаў зіхацяць новенькія медалі з прыгожымі стужкамі. На адным з іх прачытаў: «За самае вернае сэрца». Дзіяна Сяргееўна з цеплынёю адзначыла, што ўнукі медаль на 90-годдзе падарылі. У акно дома заглядаюць галінкі яблынь, пасаджаных некалі мужам. Дванаццаць гадоў таму яго не стала.

Новыя пакаленні працягваюць гісторыю багатага на спадчыну мястэчка, дзе для нашчадкаў шаноўна захоўваецца мінулае.

Чашніцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter