Чарадзей — не вядзьмак

Чарадзей, чараўнік — чалавек, які, паводле народных уяўленняў, валодаў звышнатуральнымі здольнасцямі.

Чарадзей, чараўнік — чалавек, які, паводле народных уяўленняў, валодаў звышнатуральнымі здольнасцямі.

Сама назва паходзіць ад спосабу выканання магічнага акту і характару зносін з сіламі іншага свету. 3 мэтай зазірнуць у будучыню або даведацца аб тым, хто прынёс шкоду аднавяскоўцам, чарадзей ставіў гліняную ёмістасць — чару і распачынаў спецыфічную магічную дзею — чара-дзей-ства. Так, чалавека, які валодаў тайнамі чарадзейства, сталі называць чарадзеем. 
3 аднаго боку, чарадзей знаходзіўся ў шэрагу такіх асоб, як знахар, калдун, вядзьмак, якія займаліся белай і чорнай магіяй і “прафесійныя” веды якіх былі звязаны фактычна з усімі сферамі жыцця і працоўнай дзейнасці чалавека, сям’і, грамадства. З другога боку, ён займаў выключнае месца ў вясковым жыцці разам з кавалём (уладаром агню, сынам бога Перуна) і млынаром (які, лічылася, сябраваў з нячыстай сілай). У народным асяроддзі існавала спецыфічная градацыя стаўлення да асоб, якія займаліся магіяй, і існаваў падзел сфер іх уздзеяння. Сфера ўплыву чарадзея — прадказанне будучыні з прымяненнем адпаведных тэхналогій, актыўнае ўздзеянне на яе. Напрыклад, калядная варажба аб суджаным; збліжэнне хлопца і дзяўчыны з дапамогай шматлікіх атрыбутаў і замоў-прысушак; прадказанне колькасці дзяцей у новастворанай шлюбнай пары і інш. Адным з найбольш пашыраных магічных дзеянняў было выліванне воску над галавой хворага чалавека ў посуд з вадою, па форме якога чарадзей “счытваў” інфармацыю аб прычынах хваробы і прымаў рашэнне аб спосабах процідзеяння. Яшчэ адзін спосаб — наліванне вады ў кубак або прапусканне яе праз розныя адтуліны — дужку замка, рэшата, клямку, адтуліну ад выпаўшага сучка ў смаліне, праз заручальны пярсцёнак. Найбольш выразна традыцыі чарадзейства прадстаўлены ў казачным эпасе, паданнях і легендах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter