Як Кацярына Ваданосава адкрывае гледачам дзiўны свет жывой народнай культуры

Чараўнiца Кацярына

Мадэль i навуковы супрацоўнiк музея ў мiнулым, а зараз выкладчык мастацкай вышыўкi i вядучая тэлеканала «Беларусь 3». А яшчэ паэтка, музыкант, мастачка i... крышачку чараўнiца. Бо ўсё, што Кацярына Ваданосава робiць сваiмi рукамi, думкамi ды сэрцам — творы мастацтва, музыка, вершы, а таксама займальныя вандроўкi разам з тэлепраектам «Жывая культура», складаецца з прыгажосцi, святла i высакароднасцi. Пасля чаго выносiцца на суд гледачоў i слухачоў. Калi вы яшчэ не знайшлi на пульце трэцюю кнопку, варта зрабiць гэта заўтра ў 10.00: сачыць за Кацярынай, якая то пячэ боханы жытняга хлеба, то вырабляе драўляных шчэпавых птушак, то танчыць басанож котчынскую кадрылю, адно задавальненне i радасць вачам. А калi паслухаць, як вядучая спявае i размаўляе на роднай мове, ёсць верагоднасць закахацца ў Кацярыну канчаткова i беспаваротна.


— Адданыя прыхiльнiкi тэлеканала «Беларусь 3» памятаюць вас яшчэ па праграме «Хата на хату». Прапанова стаць вядучай праекта пра нематэрыяльныя каштоўнасцi гiсторыка–культурнай спадчыны Беларусi — лагiчны працяг вашай тэлекар’еры?

— Ой, ну якая тут тэлекар’ера... Я зусiм не зорка тэлебачання, проста так склалiся абставiны, што зараз я асноўны час прысвячаю працы над «Жывой культурай». Iдэя гэтай перадачы, шчыра кажучы, плавала на паверхнi, бо зараз Год малой радзiмы i ёсць магчымасць ствараць шмат класных i ўдалых праектаў, звязаных з гэтай тэмай. Мне проста патэлефанавалi з тэлеканала i прапанавалi стаць вядучай. Але папярэдзiлi, што будзе шмат працяглых камандзiровак. Далi некалькi дзён, я параiлася з мамай, i яна згадзiлася браць маiх дзяцей на час камандзiровак. Так i пачалiся мае вандроўкi па Беларусi.

— Каб запiсаць адну праграму, колькi дзён вы праводзiце па–за межамi сталiцы?

— Увогуле, праводжу ў камандзiроўках прыкладна трацiну свойго часу. Усё залежыць ад таго, колькi аб’ектаў мы здымаем адразу. Звычайна адна камандзiроўка — гэта дзве праграмы. Адна паездка займае прыкладна 5 дзён: 2,5 дня на першы выпуск, столькi ж на другi. Усяго ў нас запланавана як мiнiмум 69 праграм, бо менавiта столькi аб’ектаў знаходзяцца ў спiсе нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусi, i мы мусiм расказаць пра ўсе. Iншая справа, што зараз лета, на вулiцы прыемна i прыгожа, таму мы хапаем гэты цёплы час за хвост, каб паспець усё запiсаць. Але ёсць таксама камандзiроўкi, прымеркаваныя да пэўных дат: напрыклад, абрад «Цары» цi свята Юр’я, якiя праходзяць у дакладна вызначаны час, i мы мусiм паехаць туды менавiта ў гэты дзень.

— Якiя з абрадаў цi традыцый вас найбольш уразiлi?

— Цяжка выбраць нешта адно, але ж вельмi эмацыянальнай стала паездка ў Лельчыцкi раён Гомельскай вобласцi, дзе людзi — у XXI стагоддзi, толькi ўдумайцеся! — пакланяюцца каменным iдалам, так званым «каменным дзевачкам». Гэтыя «дзевачкi» — старажытныя крыжы, якiя ўспрымаюцца носьбiтамi традыцыi як скамянелыя маленькiя дзяўчынкi. То бок для мясцовых яны жывыя, абсалютна натуральныя. Так, жанчыны з вёскi Данiлевiчы аздабляюць «дзевачак» пацеркамi, ахвяруюць iм хусткi, упрыгажэннi розныя, ходзяць да iх памалiцца. Побач нават будуюць невялiкiя каплiцы, прытым што нiводны бацюшка iх, вядома, не асвячае, гэта глыбокая язычнiцкая традыцыя. Па адукацыi я гiсторык–рэлiгiязнаўца, i мне было вельмi цiкава, адкуль пайшоў такi звычай. Верагодна, калiсьцi на тым месцы было язычнiцкае капiшча, пасля прыйшло хрысцiянства i з’явiлiся крыжы, а людзi як пакланялiся iдалам, так i пакланяюцца дагэтуль. Я кажу iм: «Крыж — гэта ж хрысцiянскi сiмвал», яны кiваюць: «Так, але гэта яшчэ i нашая «дзевачка». То бок у адзiн момант людзi дзiўным чынам змiксавалi язычнiцтва i хрысцiянства i перанеслi сваё светаўспрыманне i абраднасць на новыя хрысцiянскiя сiмвалы.

— Вы аб’ехалi ўжо ўсю Беларусь. Чым адметная кожная з абласцей? Наогул, праўду кажуць, што людзi ва ўсiх рэгiёнах розныя?


— Абсалютная праўда. Як па эмацыянальным складзе жыхароў, так i па эстэтыцы, густавых перавагах. Прычым часта памiж сабой адрознiваюцца не толькi вобласцi, але i блiзкiя адзiн да аднога раёны. Нават жаночыя строi ў суседнiх вёсках могуць быць кардынальна розныя. Што тычыцца жыхароў, то, напрыклад, у тым жа Лельчыцкiм раёне жывуць сапраўдныя палешукi: закрытыя, валявыя. Гэта людзi, якiя вельмi моцна стаяць на сваiм, да iх, як кажуць, на крывой казе не пад’едзеш. А, напрыклад, у Гродзенскай вобласцi, асаблiва ля польскай мяжы, людзi нясуць сябе як шляхцiчы, там у любога чалавека з любой вёскi ёсць унутраны стрыжань, якi дазваляе iм пастаянна трымаць спiну прама i перыядычна гаварыць пра сябе ў трэцяй асобе.

— Як вы шукаеце герояў: дамаўляецеся папярэдне цi ўжо знаёмiцеся з жыхарамi, прыехаўшы на месца? Бо вядома, што часцей за ўсё ў гэтых вёсках няма нi стацыянарнай, нi тым больш мабiльнай сувязi.

— Па–рознаму. Калi ёсць магчымасць, то, безумоўна, звязваемся з тымi, ад каго найперш залежыць асвятленне таго цi iншага элемента. Але часта мы вымушаны шукаць носьбiтаў i захавальнiкаў традыцый у рэальных палявых умовах. Здараецца, прыязджаем, а бабуля кажа: «Не магу, мне ксёндз забаранiў». I мы проста iдзём па вёсцы i шукаем тых, хто можа дапамагчы. Такiя неспадзяванкi здараюцца амаль што ў кожнай камандзiроўцы. Тут яшчэ цяжкасць у тым, што я не экстраверт, не занадта камунiкабельная з незнаёмымi людзьмi. Але ж прыходзiцца ламаць сябе i пачынаць камунiкацыю: «А куды вы iдзяце? Гатаваць ежу? А цi можаце нам дапамагчы i згатаваць тую аўтэнтычную страву?» Так нас запрашаюць у хату, дзе мы ўжо наводзiм свае парадкi.

— Былi выпадкi, калi вам адмаўлялi?

— I не раз. Нават праганялi, але ж я не маю права крыўдзiцца на гэтых людзей. Уявiце сiтуацыю: мы iдзём па вёсцы, я бачу мясцовую жыхарку i праз плот пачынаю крычаць: «А што вы ведаеце пра традыцыю выраблення драўляных шчэпавых птушак?» Зразумела, што людзi, якiя ў гэты час перабiраюць бульбу цi калупаюцца на градах, не вельмi настроены на пазiтыўны дыялог. Але часцей за ўсё да нас ставяцца з адкрытай душой, вiтаюць, запрашаюць у дом.


— Цi пазнаюць вас у гэты момант?

— Быў цiкавы выпадак, калi мы прыехалi ў адну вёсачку ў Бярозаўскiм раёне. Iдзём па вулiцы, бачым двор з хатай, заходзiм. Выбягае бабуля i з крыкам «Каця!» кiдаецца да мяне абдымацца. Аказалася, што гэтая бабуля — удзельнiца праекта «Хата на хату», якi я вяла раней. Што цiкава, дарослае пакаленне пазнае мяне ў асноўным у сувязi з «Хатай...», моладзь дзякуючы маёй музычнай дзейнасцi.

— Верагодна, адно з самых частых пытанняў у ваш бок: як вы ўсё паспяваеце?

— Праўду кажучы, цяжка. Асаблiва зараз, калi я пастаянна ў раз’ездах. Калi вяртаюся дадому, перш за ўсё бягу да дзяцей. Як любая мацi, стараюся iх накармiць, напаiць, улагодзiць. Акрамя таго, у мяне ёсць i музычнае «дзiця». Зараз мы працуем над альбомам, i мне вельмi сорамна, што музыкi ўжо ўсё запiсалi, засталiся толькi мае бэк–вакалы. Плюс я выкладаю мастацкую вышыўку ў школе вытанчаных рукадзелляў, але зараз летнiя вакацыi. Навошта мне ўсё гэта патрэбна? А проста ўсё страшэнна цiкава. Калi я доўга не выступаю на сцэне, пачынаю хварэць, мне фiзiчна становiцца блага. Тое, што раблю рукамi — нататнiкi, гiстарычныя кнiжкi, адзенне, вышыўку, без гэтага таксама цяжка. Вышываю, нават калi езджу на машыне ў камандзiроўкi. Аператары смяюцца: «Калi ж ты ўжо нашыешся?» Але ж здаецца, такое са мной нiколi не здарыцца.

leonovich@sb.by

Фота з асабiстага архiва.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter