Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На Пружаншчыне, дзе 125 гадоў таму нарадзіўся Рыгор Шырма, ладзіліся розныя мерапрыемствы ў гонар знакамітага этнографа і дырыжора

Чараўнік народнай песні

Угодкі адзначаліся і ў іншых месцах Беларусі.
Рыгор Раманавіч — адметная асоба, выдатны дзеяч беларускай культуры, стваральнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь, якая з 1978 года носіць ягонае імя. Прыгожа, вобразна сказаў пра светлы талент народны паэт Ніл Гілевіч: “Колькі птахаў пявучых у родных лясах,/ Колькі нот непаўторных у іх галасах,/ Колькі тонаў, адценняў, ладоў, перабораў,/ Столькі песень у сэрцы дзядзькі Рыгора”. Памяць пра ягоную самадданую песенную працу жыве ў народзе, таму й адзначаўся юбілей як у Мінску, так і на Пружаншчыне: там, у вёсцы Шакуны, 20 студзеня 1892 года будучы маэстра нарадзіўся.

Юбілейны канверт

У Мінску, у гарадской Нотна-музычнай бібліятэцы 18 студзеня ладзіўся вечар, прысвечаны юбіляру. Сваімі ўспамінамі пра яго дзяліўся прафесар кафедры харавога мастацтва Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Жураў. Гэта, скажу з гонарам, мой дзядуля. Ён — старэйшы ўдзельнік знакамітай капэлы, шмат гадоў працаваў побач з яе стваральнікам. Аляксандр Васільевіч паведаміў шмат цікавага пра асобу Рыгора Раманавіча, пра адметнасці ягонай працы з хорам, канцэртную дзейнасць капэлы, а я паказваў на экране дакументальныя фота і відэа, ілюструючы аповед.

Разам мы паехалі й на Пружаншчыну, дзе цэлы тыдзень, з 20 па 28 студзеня, праходзілі розныя мерапрыемствы ў гонар юбілею знакамітага земляка пад назвай “Чараўнік беларускай народнай песні”. І ў першы ж дзень у Пружанскай дзіцячай школе мастацтваў прайшла ўрачыстая цырымонія гашэння маркі з выявай Рыгора Шырмы (мастак Яўгенія Бядонік). Як адзначыла дырэктарка Брэсцкага філіяла прадпрыемства “Белпошта” Вялянціна Пух, мініяцюрная выява — нібы яшчэ адна прыгожая кветка, якую мы ўплятаем у вянок памяці Рыгора Раманавіча. Спецыяльна выпушчаныя 50 тысяч паштовых канвертаў пойдуць па Беларусі, за яе межы. А “шырмаўская” марка стала нітачкай, якая звязвае Пружаншчыну з усім светам. Сімвалічна, што месцам гашэння, выхаду ў свет юбілейнай маркі сталі Пружаны, Дзіцячая школа мастацтваў, якая носіць імя Рыгора Шырмы, стаіць на вуліцы, названай у яго гонар, мае музей земляка.

На ўрачыстасці разам з Валянцінай Пух марку гасіў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалай Кудравец. Абодва паставілі подпісы ў альбомах, дзе будуць захоўвацца адбіткі гашэння: адзін — у паштовым музеі Брэста, а другі — у музеі ДШМ у Пружанах. Трымаючы ў руках юбілейны штэмпель, Мікалай Пятровіч казаў: для яго 1892-і важны й таму, што ў той жа год нарадзілася ягоная прабабуля. “Часта думаю пра Рыгора Шырму: ён з вясковай сям’і, змог атрымаць адукацыю, развіць здольнасці ды праславіць не толькі нашу Пружаншчыну, але і ўсю Беларусь… Вось адкуль гэты талент? — разважаў Мікалай Кудравец. — Відаць, шмат узяў чалавек ад нашай пружанскай пявучай зямлі, ад тых шчырых землякоў, з якімі вырас, ад бацькоў, бо гэта былі па-свойму творчыя і цікавыя людзі… Час бяжыць, і нам варта зрабіць як мага больш, каб Рыгора Шырму памяталі, у тым ліку й маладыя людзі”.

Да вялікай духоўнай спадчыны Рыгора Шырмы ў Пружанах — вялікая павага

Вобраз Рыгора Шырмы ўжо быў і раней ушанаваны дзякуючы пошце. Пад час урачыстасці гаварылі: 10 студзеня 1992 года прайшло спецгашэнне мастацкага маркіраванага канверта, які выйшаў да 100-х угодкаў Рыгора Шырмы, а 10 красавіка таго ж года было спецгашэнне маркі “100 гадоў з дня нара-джэння Р. Р. Шырмы”. Марка пайшла ў свет тыражом 2,5 мільёны ў Маскве (мастак Б. Ілюхін). І вось Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі Беларусі рэалізавала новы праект. Добрая традыцыя!

З цікавасцю ўспрынялі ўсе, хто прыйшоў на ўрачыстасць, аповед прафесара Аляксандра Журава. Ён расказаў пра першую сустрэчу з маэстра ў 1955 годзе, а таксама й апошнія, малавядомыя старонкі яго жыцця. Вось што я запісаў: “Ён мяне праслухаў і сказаў: “Добра, Шура, — так проста мяне заўсёды і называў — пайшлі ў аўдыторыю”… А там чалавек семдзясят. І ўсе як заспяваюць! Гэта было нешта чароўнае... І пасадзіў мяне Рыгор Раманавіч у першыя барытоны. На некаторых здымках я тут і ў вашым музеі ёсць: стаю ў чацвёртым радзе. Вось так увесь час і працаваў у Шырмы. І якія добрыя ў нас былі адносіны! Мне здаецца, я быў, мабыць, адзіны, з кім ён мог у любы час звязацца і пагаварыць. Можа, людзі саромеліся да яго падысці: маўляў, зорка, велічыня… А ён жа быў вельмі просты і шчыры чалавек… У апошнія гады быў нечым усхваляваны. Яму прыйшлося вельмі цяжка з-за нагавораў... Хтосьці наверх напісаў паклёп, пайшлі-закруціліся размовы. Ён усё ведаў, ва ўсякім разе, адчуваў. Рыгор Раманавіч не даказваў праўду, а моўчкі сышоў. Рэпетыцыя прайшла, ён пакланіўся на тры бакі, паклаў сваю дырыжорскую палачку — і пайшоў. І больш не вярнуўся…”

Прырода надзялiла Рыгора Раманавiча бездакорным слыхам i мастацкiм густам. Не верылася нават некаму, што ён — з сялян, бо такая вытанчанасць была яму ўласціва. А між тым універсітэтаў, акадэмій не заканчваў. У 1905-м паступіў у Пружанскае гарадское вучылішча, пасля вучыўся на Свянцянскіх настаўніцкіх курсах ды на літаратурным факультэце ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (Польшча). У 1922-м Рыгор Шырма вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, на Пружаншчыну. Захапіўся ж народнай беларускай песняй з дзяцінства, і ўжо ў час вучобы, настаўніцкай працы пачаў запісваць народныя песні, паданні.

У інтэрнэце я знайшоў запісы: “Адказны сакратар управы Таварыства беларускай мовы Рыгор Шырма не ведае стомы, ездзячы і ходзячы і па вёсках Заходняй Беларусі з лекцыямі, дакладамі, будзіць народную свядомасць, не дае згаснуць веры, актывізуе волю да барацьбы з цемраю і прыгнётам. Ён арганізуе ў Пружанах хор, запісвае народныя песні ды заахвочвае да гэтай працы здольных людзей, наладжвае канцэрты. Хутка выступленні хору, імя яго кіраўніка становяцца вядомымі па ўсёй Беларусі”.

Да вялікай духоўнай спадчыны Рыгора Шырмы ў Пружанах — вялікая павага

Дасведчаны фалькларыст, паэт Ніл Гілевіча лепшым выданнем беларускіх народных песень з нотамі за ўсю гісторыю беларускай фалькларыстыкі называў чатырохтомнік Рыгора Шырмы “Беларускія народныя песні”: гэта вынік амаль 70-гадовай збіральніцкай і творчай дзейнасці падзвіжніка. Ён, нагадаем, аўтар запісаў, гарманізацый, музычнага афармлення і публікацыі каля 5000 беларускіх народных песень, шматлікіх артыкулаў, даследаванняў па пытаннях беларускага мастацтва, фальклору, харавога майстэрства. Ён жа складальнік шматлікіх фальклорных зборнікаў.

Талент, заслугі Рыгора Шырмы атрымалі з часам шырокае прызнанне: народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржпрэміі БССР... Рыгор Раманавіч жыў і працаваў, не шкадуючы сябе, каб зберагчы душу народную — песню. Дзякуючы ягонай працы жывуць, гучаць бясцэнныя скарбы народнай творчасці. Некаторыя з песень мы пачулі на ўрачыстасці. Уявім сабе: свет непазнавальна змяніўся з таго часу, як Рыгор Раманавіч іх пачуў у народзе, запісаў, апрацаваў… Будзе і надалей усё мяняцца, а песні беларускія будуць жыць і, спадзяюся, не толькі ў нотах. Вось і на свяце ў Пружанскай ДШМ прыгожа выступілі як народны фальклорны гурт “Бабіна лета” з Аранчыцкага сельскага Дома фальклору, так і юныя артысты — з фальклорнага гурта выхаванцаў Пружанскай ДШМ.

На працягу “Шырмаўскага тыдня” розныя імпрэзы, выставы, творчыя сустрэчы ладзіліся і ў шэрагу сельскіх бібліятэк, школ раёна, Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” (фотавыстава “Рыгор Шырма: асоба і час”), раённым Дом рамёстваў, Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Міколы Засіма (выстава кніг “Сейбіт прыгажосці” ды вечар-партрэт “Чарадзей народнай песні”). А ў пружанскім саборы Аляксандра Неўскага прайшоў канцэрт духоўных хваласпеваў “Калі песня шчырая хвалюе” — выступалі народны камерны хор гарадскога Палаца культуры і вакальны ансамбль “Амафор” Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры. Ладзіліся экскурсіі “Творчымі шляхамі Рыгора Шырмы”. А ў малой зале гарадскога Палаца культуры прайшло свята “Песня на ўсё жыццё”.

Голас Радзімы № 8 (3512), чацвер, 23 лютага , 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter