Чаму цікавыя нам «Тастаменты»?

У ЦЭНТРЫ ўвагі аўтараў фаліянта аказаліся тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI стагоддя. Яны дасюль захоўваюцца ў актавых кнігах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. А гісторыкі і архівісты прызнаюць: тастаменты з’яўляюцца ўнікальнай па інфарматыўнасці крыніцай. І вось маладаступныя дакументы, апублікаваныя для непадрыхтаванага чытача…

Карэспандэнты «БН» зазірнулі на старонкі новай кнігі з аднайменнай назвай і паспрабавалі прачытаць старадаўнія завяшчанні

У ЦЭНТРЫ ўвагі аўтараў фаліянта аказаліся тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI стагоддя. Яны дасюль захоўваюцца ў актавых кнігах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. А гісторыкі і архівісты прызнаюць: тастаменты з’яўляюцца ўнікальнай па інфарматыўнасці крыніцай. І вось маладаступныя дакументы, апублікаваныя для непадрыхтаванага чытача…

Завяшчанне — рэч вельмі інтымная, сямейная, але і досыць цікавая. Гэта маё асабістае меркаванне. Разгортваем «Тастаменты»… Вось завяшчанне першай жонкі канцлера ВКЛ Льва Сапегі — Дароты Фірлей, затым маці княжны Сафіі Слуцкай — Барбары Кішка. А вось на старонках і смаленскі ваявода Васіль Тышкевіч… Пераважная большасць тастатараў гэта прадстаўнікі сярэдняй шляхты — зямяне, што валодалі невялікай маёмасцю. Аўтары завяшчанняў — і асобы вышэйшага стану, якія займалі розныя кіруючыя пасады і мелі важнае значэнне ў сістэме дзяржаўнага кіравання.

Усяго ў зборніку сабрана 116 дакументаў апошняй волі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага з Берасцейскага, Менскага, Новагародскага, Віцебскага, Слонімскага паветаў і Магілёва. Тастаменты, апублікаваныя ў кнізе, лёгка чытаюцца на сучаснай беларускай мове. Цяжка нават паверыць, што гэта дакладная інтэрпрэтацыя старабеларускай мовы, на якой быў напісаны знакаміты Статут ВКЛ 1588 года. Тастаменты адлюстроўваюць канфесійную прыналежнасць чалавека, яго маёмасны стан, склад сям’і, ступень адукаванасці. Яны выдатна ілюструюць стаўленне да жыцця і смерці, да сваіх родных, да пасмяротнай памяці. Менавіта тастаменты адносяцца да нешматлікай катэгорыі дакументаў, у якіх выразна гучыць голас тагачаснага чалавека.

— Мы папрацавалі над кнігай не адзін тыдзень, і дзякуючы падтрымцы дзяржавы наша навуковая праца ўбачыла свет. Хаця магла б застацца проста ў рукапісе, — падзялілася меркаваннем адна з аўтарак кнігі, загадчыца аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вольга Бабкова. — Над выданнем, акрамя мяне, працавалі супрацоўніцы нашага аддзела — галоўны палеограф Альбіна Аляксандрава і галоўны архівіст Ірына Бобер. Дзякуем за супрацоўніцтва і выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», якое ўзяло на сябе адказнасць працаваць над такім сур’ёзным выданнем.

Дарэчы, «Тастаменты» надрукаваны абмежаваным тыражом у 500 асобнікаў. Экзэмпляры ўжо паступілі ў кніжны гандль.

Таццяна УСКОВА, «БН»

НА ЗДЫМКАХ: у «Тастаментаў» — арыгінальнае аздабленне;  Ірына БОБЕР, Альбіна АЛЯКСАНДРАВА і Вольга БАБКОВА (злева направа) — аўтары «новаспечанага» фаліянта.

Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter