Чаму сумуе “Фартушок”...

або Ці гарантавана музею рэкордная наведвальнасць, калі ён – адзіны ў свеце?Калекцыяніраваць можна ўсё, што заўгодна, таму нядзіўна, што ў свеце шмат цікавых музеяў. Напрыклад, у фінскім Тамперэ назбіралі велізарную калекцыю кубачкаў для кавы, а ў сталіцы Аўстрыі – калекцыю абсурду. Амерыканцы ганарацца сваёй галерэяй дрэннага мастацтва і музеем гарчыцы (што тут дзіўнага, калі 5 жніўня ў ЗША святкуецца нацыянальны дзень гэтай прыправы). Пра тэматыку галандскіх экспазіцый нават казаць страшна. Кожны “вар'яцее” на свой лад. Але вось у гэтым, мабыць, і праяўляецца шматграннасць жыцця: тое, што адным падаецца вар'яцтвам, у другіх выклікае самую жывую цікавасць.Што тычыцца беларускіх музеяў, то ледзь не ўсе яны пазбягаюць эпатажу і маюць традыцыйную накіраванасць (этнаграфічную, краязнаўчую ці прысвячаюцца якому-небудзь вядомаму земляку). Праўда, і сярод іх можна адшукаць такія, што прэтэндуюць на званне адзінага ў свеце. Напрыклад, у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна стварылі музей у гонар… сялянскага фартушка. Музея з адпаведнай “спецыялізацыяй” няма ні ў Беларусі, ні за яе межамі.

Фартух з “працоўнага класа”
Не так даўно мы распавядалі вам пра хлебныя традыцыі 600-гадовага Бездзежа. Пра тое, што ў гэтай вёсцы нават сёння мала хто ходзіць па хлеб у магазін, бо вяскоўцы выпякаюць яго самі. З ткацтвам у гэтым кутку Палесся амаль тая ж гісторыя. Практычна ў кожнай хаце можна ўбачыць спраўныя кросны. Захоўваюцца яны не ў якасці рарытэту, а як актыўны элемент гаспадаркі. Хтосьці з жанчын тчэ для турыстаў, хтосьці — для сябе. Ткуць, як ткалі іх мамы і бабулі.
Кажуць, раней мясцовых дзяўчат было проста пазнаць здалёк. Іх адрозніваў бялюткі тонкі фартух. Гэта быў фірмовы выраб бездзяжанак — аб’ект суседскай зайздрасці. У яго гонар і быў створаны ў 1999 годзе музей, які атрымаў назву “Бездзежскі фартушок”.
— Наша калекцыя налічвае каля 200 фартухоў, і сярод іх вы не знойдзеце двух аднолькавых, — запэўнівае дырэктар музея Марыя Астаповіч.
Сапраўды, кожны фартух не падобны на іншы. Сярод іх ёсць і бялюткія з вытканымі каляровымі ўзорамі, а ёсць і простыя, з грубай кудзелі. Першыя апраналі па святах ці ў царкву, другія насілі падчас штодзённай працы.
Самы старэйшы экспанат музея (яго выткалі ў 1880 годзе) — з “працоўнага класа”. Такія фартухі дапамагалі жанчынам не запэцкацца падчас гаспадарчых клопатаў. Мелі яны і яшчэ адно прызначэнне. Пакуль не з’явіліся спадніцы, сялянкі насілі андаракі. Гэтае паясное адзенне, па вялікім рахунку, было падобнае да спадніцы, ды толькі яно не зашпільвалася ззаду ці збоку, а завязвалася спераду. У тоўстых кабет тканіна не заўжды сыходзілася, і прыкрыць гэты зазор дапамагаў менавіта фартух.
Каліна чырвоная ў дапамогу
Увогуле, калі глядзіш на льняны сноп, цяжка зразумець, як з гэтага атрымліваецца адзенне, прычым белага колеру. Але ў бездзежскім музеі сабраны ўсе прылады, каб зрабіць відавочным дзівоснае ператварэнне.
Спачатку галоўкі з насеннем аддзялялі ад сцябла. Для гэтага лён калацілі драўляным пранікам. Затым сцябліны мялі-трапалі, каб выбіць кастрыцу і атрымаць ільняное валакно. Гэтае валакно вычэсвалі шчоткамі. Прычым, калі хацелі атрымаць кужаль высокай якасці, часалі свіным шчаціннем. Увесь працэс быў вельмі пыльным, таму падчас яго жанчыны завязваліся хусткамі на ўсходні манер, пакідаючы толькі шчыліну для вачэй...
Надзея Навумаўна Янушчык пачала прасці з дванаццаці гадоў. А калі неўзабаве захварэла яе маці, то стала сама і лён трапаць, і нават ткаць (з гэтым справіцца не кожная дарослая жанчына). Ужо ў чатырнаццаць яна адправілася ў заробкі “на Украіну”. Так чамусьці сталыя бездзежцы называюць расійскія тэрыторыі — Саратаў, Томск. За чатыры месяцы там можна было зарабіць тры тоны пшаніцы. У “камандзіроўку” дзяўчына ўзяла навалачкі, прасціны, якія выткала сама. Нядзіўна, што ў такой руплівай гаспадыні было шмат кавалераў.
— Калі дзяўчына выходзіла замуж, яна павінна была падрыхтаваць сабе пасаг, — распавядае 67-гадовая Навумаўна, седзячы за кроснамі, пра мясцовыя традыцыі — на другі дзень яна прыязджала з ім у дом свайго мужчыны. У мяне было дванаццаць ручнікоў, іх я павесіла на іконы. Было таксама восем абрусаў на стол і падарункі (разнастайнасць вясельнага ручніка. — А.Г.) для ўсёй мужавай радні.
Гэты скарб Надзейка сабрала падчас вясковых вячорак. Пакуль хлопцы дурэлі, дзяўчаты пралі. Ледзь бачная нітачка, такая тонкая, хуценька выбягала (ды і зараз выбягае) з кудзелі і намотвалася на верацяно. Каб працэс не стопарыўся, дзяўчатам трэба было пастаянна слініць пальцы, якімі яны цягнулі нітку. Калі ў роце перасыхала, руплівіцам дапамагалі ягады каліны.
Бочка на трох ножках
Ніткі ў Бездзежы вытрымлівалі кантроль якасці, бы кітайскі шоўк. Калі адразу трыста нітачак праходзіла праз невялічкі пярсцёнак, лічылася, што тады з іх можна ткаць палатно для фартушкоў. Інакш яно не будзе тонкім.
Натуральны колер ільнянога палатна — шараваты, таму, каб пашыць урачыстае адзенне, яго трэба было выбеліць. Рабілася гэта пры дапамозе спецыяльнай бочкі на трох ножках — жлукты. У бочку кідалі тканіну і залівалі яе адварам самага звычайнага попелу з печы (дарэчы, мясцовыя і сёння выкарыстоўваюць попел для ачысткі гарэлкі). Зверху клалі яшчэ і цяжкі камень. Такі “кактэйль” стаяў цэлую ноч, а зранку праз дзірку ў нізе жлукты ваду спускалі і даставалі палатно. Яго выносілі на сонца, сушылі, а пасля зноў залівалі попельным растворам. І так раз, другі, трэці... Сонца і попел рабілі палатно белым. Калі адбельванне праходзіла ўзімку, то тканіну не сушылі на сонейку, а паласкалі ў сцюдзёнай вадзе, не шкадуючы рук.
Як стаць турыстычнай Меккай?
Сёння бездзежцы не ідуць на такія выдаткі сіл і часу. Куды прасцей купіць ільняныя ніткі ў краме. Фартухоў таксама ніхто не носіць. Кажуць, яшчэ напачатку 80-х бабулькі апраналі іх, калі ішлі да царквы, але паступова гэта мода аджыла. Тым не менш у шафах і куфрах мясцовых жанчын можна знайсці багата фартушкоў — хоць ты ў кожным доме адкрывай музей.
— Але вось які парадокс. Калі турысты прыязджаюць да нас, то купляюць не фартухі, а ручнікі. Хаця добры фартух каштуе 50 тысяч, а добры ручнік — 140, — кажа дырэктар “Бездзежскага фартушка”.
Дарэчы, званне “адзінага ў свеце” яшчэ не зрабіла з музея турыстычнай Меккі. За мінулы год тут пабывала ўсяго тры тысячы наведвальнікаў. Гэта не мала, але і не шмат. Напрыклад, у Мотальскім этнаграфічным музеі, што ўсяго за 20 кіламетраў ад Бездзежа, наведвальнікаў у тры разы больш. Мала таго, гэты музей аказвае платных паслуг нават больш, чым многія раённыя ўстановы. Чым жа прывабліваюць мотальцы турыстаў?
— Мы адмовіліся ад аглядных экскурсій, бо гэта мала каму цікава, — распавядае дырэктар мотальскага музея Вольга Мацукевіч. — Дзеці ў нас слухаюць казку пра лён “Як у полі вырасла кашуля”. Таксама малых у госці запрашае бабуля Алена, якая частуе іх выпечкай і гарбатай на травах. Для дарослых мы праводзім экскурсію з прысмакамі, пасля якой частуем іх стравамі нацыянальнай кухні. Людзям гэта вельмі падабаецца, і яны не шкадуюць 22 тысячы за экскурсію. Дарэчы, кулінарную тэму мы вырашылі развіць і летась правялі фестываль “Мотальскія прысмакі”. Ён атрымаўся даволі паспяховым, і ў жніўні мы зноў чакаем гасцей.
***
Пашанцавала тым музеям, што знаходзяцца на шляху да Нясвіжскага палаца ці Мірскага замка. Туды і так валам едуць турысты, якія заадно гатовы паглядзець усё, што трапляецца па дарозе. Музеям, што стаяць у баку ад турцэнтраў, прыходзіцца выкручвацца, выдумляць нешта такое, каб людзі да іх усё ж такі дабраліся. У кагосьці гэта атрымліваецца лепш, у кагосьці горш.
У Бездзежы не збіраюцца сядзець склаўшы рукі. Ля музея фартушкоў збіраюцца будаваць (як толькі дазволяць фінансы) сялянскую хату. Там будуць і хлеб выпякаць, і рыбу капціць, і агуркі з капустай квасіць. Побач з хатай з’явіцца агарод з зелянінай, а на падворку будуць хадзіць сапраўдныя козы, гусі і куры. Таксама ў планах — дэманстрацыя народных абрадаў. Магчыма, сярод гэтых задумак (дарэчы, рэалізаваных у многіх іншых музеях) і знойдзецца фішка, якая прывабіць турыстаў. У гэта хочацца верыць, бо ў Бездзеж варта з’ездзіць хаця б для таго, каб купіць там танны фартушок, а заадно пакаштаваць мясцовага свежавыпечанага хлеба з казіным малаком.

 Цікава

Магчыма, “Бездзежскі фартушок” мог бы больш шчыльна супрацоўнічаць з Мотальскім музеем па абмене турыстамі. Адлегласць паміж імі ўсяго 20 кіламетраў, калі напрамкі. Але прамая дарога, дакладней, яе невялікі кавалак ад Моталя да Упірава —  не ў самым лепшым стане, і турыстычныя аўтобусы баяцца па ёй ездзіць. А калі ехаць у аб’езд, шлях расцягваецца да 50 кіламетраў.

 Дарэчы

Узоры на фартухах самыя разнастайныя. У музеі кажуць, што нейкага таемнага сэнсу ў арнаментах няма — людзі проста імкнуліся адлюстраваць прыгажосць навакольнага свету. Хаця сярод вяскоўцаў лічылася, што чырвоны і чорны колеры адганяюць нячыстую сілу, таму на фартухах іх можна сустрэць даволі часта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter