Чаму пасыпаюць галовы попелам?

21 лютага ў каталiкоў пачынаецца Вялiкi пост — саракадзённы лiтургiчны перыяд падрыхтоўкi да Вялiкадня. Першы дзень посту — гэта заўсёды серада, якую называюць папяльцовай. Адкуль пайшла гэтая назва, “Народная газета” запытала ў адказнага за сувязь са СМI пры сакратарыяце Канферэнцыi каталiцкiх бiскупаў у Беларусi ксяндза Аляксандра АМЯЛЬЧЭНI.

— Папяльцовая серада, альбо Папелец, як гавораць у народзе, носiць гэтую назву ад абраду пасыпання галоў вернiкаў попелам. Святар, здзяйсняючы гэты абрад, прамаўляе: “Памятай, што ты прах i ў прах вернешся” або “Навяртайцеся i верце ў Евангелле”.
Звычай пасыпання галоў попелам як знак пакаяння i жалобы сустракаецца ў многiх старажытных культурах i традыцыях. Мы можам знайсцi яго ў старажытных Егiпце i Грэцыi, у юдэйскiх плямёнаў i, канешне ж, на старонках Бiблii. У лiтургii каталiцкага касцёла гэты звычай з’явiўся ў ХI стагоддзi падчас пантыфiкату папы Урбана II. З гэтага ж часу для пасыпання галоў вернiкаў ужываецца попел ад спаленых галiнак вярбы, асвечаных у мiнулагоднюю Пальмовую (Вербную) нядзелю.
Чаму пост саракадзённы? Лiчба 40 азначае ў Святым Пiсаннi выраз цэласнасцi i працягласцi, час, прызначаны чалавеку або Богу на нейкае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца збаўленне. У гэты перыяд каталiкi ўзгадваюць i па-новаму перажываюць тыя сорак дзён, якiя Езус правёў у пустынi ў посце i малiтве. Таму днi Вялiкага посту — гэта час духоўных практыкаванняў, пакутнай лiтургii, пакаянных паломнiцтваў, дабравольных устрыманняў, дабрачыннасцi i мiласцiны. З лiтургii знiкае радасны заклiк “Алiлуя!”, святары апранаюць на лiтургiю адзенне фiялетавага колеру. I працягваецца гэта да Вялiкадня, якi ў гэтым годзе мы будзем святкаваць 8 красавiка разам з праваслаўнымi братамi.
Дарэчы, у першыя стагоддзi хрысцiянства падрыхтоўка да ўрачыстасцi Уваскрэсення доўжылася толькi сорак гадзiн. Пазней яна адбывалася на працягу тыдня, i толькi ў V стагоддзi гэты час расцягнуўся на сорак дзён.
Сэнс посту ў тым, каб звярнуць сваё сэрца да Бога, прызнаць сваю слабасць i грэшнасць перад Тым, хто адзiны святы. Многiя ў гэты час спрабуюць адказацца ад курэння, алкаголю, устрымлiваюцца ад паездак на асабiстай машыне, каб зэканомленыя на бензiне грошы ахвяраваць бедным людзям.
Што датычыцца цялеснай часткi посту, то абавязковым у католiкаў з’яўляецца толькi ўстрыманне ад мяса па пятнiцах i ад усяго тлустага у Папелец i ў Вялiкую пятнiцу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter