Творы народнага ўмельца Яўгена Палудвараніна ведаюць у вёсцы Жары Вілейскага раёна і нават за мяжой

Чаму Палудвараніну ў двары не сядзіцца

Цяпер у сябры ў «Аднакласніках» да вілейскага вынаходніка  папрасілася і я, каб сачыць анлайн за яго дзівосамі


ЯЎГЕНУ ПАЛУДВАРАНІНУ з вёскі Жары Вілейскага раёна на пенсіі і прысесці некалі: у хляве кароўка Малышка ды конь па мянушцы Сівы, ля хаты 30 сотак зямлі, куры, пад нагамі блытаецца асістэнт вынаходніка сабака Цімошка і белы вялізны, як лось, Валет. Справіўся 67-гадовы ўмелец па гаспадарцы — і бягом у свой “офіс”. Майстра на ўсе рукі ведаюць не толькі ў Людвінаўскім сельсавеце, але і на прасторах інтэрнэту. У роднай вёсцы яго ўспрымаюць як дзівака, а ў віртуальным жыцці яго творчасцю захапляюцца нават за мяжой.

Фірменная брычка


У “офісе” вясковага самародка ўтульна: на цвіку ля ганка вісіць фотаапарат, побач ноўтбук. Па сацыяльнай сетцы Яўген Палудваранін перапісваецца з былымі аднавяскоўцамі і такімі ж вынаходнікамі, як і ён. “Жонка не раўнуе да камп’ютара, толькі са смехам скардзіцца: “Паўночы з бабамі перапісваецца”. А я і сапраўды знайшоў дзвюх сябровак маладосці: адна — у Віцебску, другая — у Стаўбцах.

Інтэрнэт для вынаходніка як забава, там ён чэрпае ідэі і натхненне. Падгледзеў арыгінальную шпакоўню ў форме чалавечай галавы, зрабіў такую і выкінуў фота ў інтэрнэт, пайшлі заказы ад знаёмых. Шпакі дом аблюбавалі, штогод ціўкаюць над “офісам” майстра. “Зрабіў двухпавярховую шпакоўню на дзве сям’і — і прагадаў, — расказвае ўмелец. — Не хочуць птушкі такога блізкага суседства”.

Аднойчы ледзь не трапіў на вуду хакерам: “Сяджу ў інтэрнэце, на экране вылязае голая баба. Я націснуў, каб закрыць, а тут чырвоная палоска з паведамленнем ад міліцыі: вы абвінавачваецеся ў распаўсюджванні парнаграфіі, аплаціце штраф. Я ледзь не паверыў. А пасля бачу па тэлевізары: пасадзілі гэтых хакераў, што грошы вымагалі”.

Заўважаю ў “офісе” майстра швейную машынку. “Даў Бог, вочы не падводзяць. Нітку ў іголку ўцягну — і ў адзін момант са старой сукенкі пашыю сабе споднікі, — здзіўляе мяне вясковец. — Зацырую ці ўкарачу штаны. Для сваёй фірменнай брычкі тэнт пашыў”.

З палена майстар робіць драўляны келіх.

А брычка сапраўды аказалася незвычайнай: Кулібін зварыў яе з двух матацыклаў з каляскамі, ся- дзенне яна ўнаследавала ад ЗІЛа. Тэнт можна адкінуць. Яўген Пятровіч запрог Сівога, і мы паехалі катацца па Жарах. Ехалі мякка дзякуючы незалежнай падвесцы:

— Жары пусцеюць. Адзін-два чалавекі ў хаце, і тое добра. Спіўся, памёр — і так паўвёскі. Можа, з дзясятак трун у сваёй майстэрні збіў для жараўскіх нябожчыкаў. Жыў у нас адзін сталяр, прыйшоў і кажа: “Дошкі нарыхтаваў, яны ў хляве. Памру — саб’еш мне труну”. Памёр, прыходжу за дошкамі, а жонка: “Яны ў хляве завалены кармамі для жывёл, труну ў горадзе купім”. Шкада мне стала. Гэта ж была воля нябожчыка.

Самаробную «Вілію» для прыкола зрабіў


У майстэрні Палудвараніна чаго толькі няма: варштат, рубанкі, электралобзік, электрапілы, фрэйзерны і такарны станкі, некалькі самаробных апаратаў для выпальвання, дрылі… “Сусед-басяк рукі паціраў: “Як памрэш, доўга тваю спадчыну прапіваць будзем”. Не дачакаўся — у ЛПП трапіў”.

Майстар на маіх вачах з паленца выразае драўляны келіх. Свайму сыну Пятру ў новую хату зрабіў дзверы і вокны. Залатыя рукі Яўгену Пятровічу дасталіся ад бацькі (той быў сталяром ад Бога), а прафесію тэхніка-механіка атрымаў у Коханаўскім тэхнікуме механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. “Абы-хто вучыцца не трапляў: конкурс 4 чалавекі на месца быў, — успамінае вясковец. — Там пазнаёміўся з тэхналогіяй металу, зваркай, электрыкай. Пасля вучобы трапіў у Вілейскую райсельгастэхніку аўтамеханікам”.

Запрагаем Сівога — і катацца па Жарах на брычцы

Над самаробнай машынай “Вілія” вынаходнік працаваў год. Для прыкола і каб даказаць, што вучыўся нездарма. Лабавое шкло ў “Віліі” — ад ЛАЗа, борт — ад прычэпа, дзверы — ад халадзільніка, матор — ад матацыкла. Фары, падфарнікі, тармазы, стопы — усё працуе. Кузаў задраты ўгару, каб не гніў. “Выехаў неяк у вёску Ерхі на “Віліі” па грошы за цяля, пад’язджаю, а там “даішнікі” з палкай: “Стаяць”, — успамінае вынаходнік. — Хадзілі вакол, хадзілі: “Што за марка, дакументы ёсць? Па грошы прыехаў? Якраз штраф заплаціш”. Кажу: “Матаблок гэта!” Дрын — і паехаў дадому”.

У двары вынаходніка — музей пад адкрытым небам, хоць турыстаў запрашай. Два самаробныя трактары, касілка, млын і плуг-самародак, самаробная ветраэлектрастанцыя, а колькі аўтамабіляў! Адзін трактар унукі празвалі “Лунцікам”, матор у ім ад “Запарожца”. Хоць і пражора, затое надзейны: і з’ездзіш, куды хочаш, і агарод узарэш, і нават шансон у салоне паслухаеш. На другім трактары “Дырчыку” вясковец ездзіць па грыбы: “Ні лужын, ні калдобін не баюся, і рухавічок эканамічны”.

Самаходная касілка з захопам у 1,2 метра мае аж чатыры передачы ўперад і столькі ж назад. “Папросяць суседзі абкасіць участак — на здароўе, только траву для каровы забяру”, — кажа вынаходнік.

Так выглядае «офіс» народнага Кулібіна

Самаробнаму млыну ў двары Палудвараніна ўжо каля 20 гадоў, а млынаваму каменю больш за два стагоддзі. Раней са ўсёй ваколіцы прыязджалі муку малоць. “Чарга — метраў пад сто. Пакуль выстаяць, у хвасце панапіваюцца. Толькі і бегалі да бочкі з мочанымі яблыкамі, каб закусіць”, — смяецца Яўген Пятровіч. 

Гэтай вясной вынаходнік абкатае новы плуг, які адначасова і гной заворвае, і бульбу ў разору кідае. Здароўя не прыбывае, таму ручную працу ён таленавіта перакладае на вынайдзеную тэхніку.

— У сяле мяне лічаць дзіваком. Сядзеў бы сабе ў двары і дурніцамі не мучыўся, кажуць, — смяецца Яўген Палудваранін. — А я з самага ранку пілую ў майстэрні, рукі і сэрца просяць творчасці.

У самаробным трактары можна паслухаць шансон.

І сапраўды, людзей творчых у вёсцы лічаць бадай што крышку таго, якім няма куды рукі прыкласці. А вось на прасторах інтэрнэту вынаходнік і майстар знайшоў шматлікіх прыхільнікаў сваёй творчасці і аднадумцаў. Цяпер у сябры Яўгена Палудвараніна ў “Аднакласніках” папрасілася і я. Буду сачыць анлайн за дзівосамі Палудвараніна ў яго двары.

КАМЕНТАРЫЙ

Старшыня Людвінаўскага сельсавета Наталля ШАВЯЛЁВА:


— У многіх вёсках і аграгарадках нашага сельсавета ёсць самародкі: у Добравічах, Сцешыцах, Людвінаве, Касцяневічах. Такія вынаходнікі і актывісты, як Яўген Пятровіч, — наш гонар. Ён таленавіты, вельмі камунікабельны, заўсёды падтрымае аднавяскоўцаў, камусьці настаўленне дасць, лёгка адклікаецца на просьбы. Дзесьці ў 1994 годзе майстар зрабіў добрую справу: зварыў крыж з металу (ён стаіць на подступах у вёску) і агарадзіў яго. Крыж асвяцілі.  Два гады таму святкавалі 400-годдзе Жараў, Яўген Пятровіч катаў на сваёй эксклюзіўнай брычцы мясцовых жыхароў, гасцей і артыстаў. Я таксама пракацілася з ім.

ostapchuk@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter