Чаму на вяселлі павінна быць горка!..

Людзі сталага веку даюць некалькі іншую трактоўку зместу рытуальнага заклінання “Горка”. Давайце яшчэ раз узгадаем пачатак заручын, калі нечаканыя госці з’явіліся на парозе хаты будучай нявесты і завялі іншасказальны дыялог, каб, крый Божа, не сурочыць запланаваную акцыю. Хрэсьбіны нованароджанага, як правіла, імкнуліся прымеркаваць да саракавога дня.

(Заканчэнне. Пачатак у № 120.)

А да таго часу немаўля называлі незвычайным імем — Багданька, г.зн. дадзены Богам (параўнайце: адно з найбольш пашыраных сярод украінцаў імя — Багдан). Ідэальнай лічыцца сітуацыя, калі чалавек мае два імені: храмавое, духоўнае, якое не павінен ведаць ніхто, акрамя хросных бацькоў і святара, а таксама свецкае імя або вулічную мянушку, якое, па перакананні біяэнергетыкаў і знаўцаў народнай традыцыі, не можа быць транслятарам шкоднага ўздзеяння на чалавека. А ўспомніце, як мы паводзім сябе тады, калі першы раз наведваем парадзіху і яе дзіця? Баючыся сурочыць немаўля, мы тройчы сплюнем праз левае плячо, а затым тройчы прамовім заведама ілжывую, але амаль абавязковую і ўсім зразумелую ў дадзеным кантэксце формулу-зман: “Цьфу! Які ж ты гідкі, непрыгожы, плюгавы!” Гэты прынцып міжасабовых стасункаў захоўваецца і ў сучасным жыцці. Мы не хочам гаварыць пра свае блізкія планы, каб не разбурыць задуманае (асабліва гэта характэрна для спартсменаў, прадстаўнікоў культуры і мастацтва). Калі ў нас пытаюцца пра наша матэрыяльнае становішча, мы сціпла заўважаем: “На хлеб з маслам хапае”.
Усе ўзгаданыя сітуацыйныя кантэксты даюць нам нечаканую падказку і дапамагаюць расшыфраваць сэнс пажадання “Горка” ў структуры вясельнага абраду: маладым сапраўды жадалі сямейнага дабрабыту, узаемаразумення і салодкіх пацалункаў, але, каб зберагчы маладых ад людской зайздрасці і жадання нашкодзіць, збіць нячыстую сілу з панталыку, ім крычалі зусім іншае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter