Чаму дрыжыць асіна

Ёсць у нашых лясах яшчэ адно незвычайнае дрэва — асіна, вакол якой мноства легенд і паданняў, прыкмет і павер’яў.

Ёсць у нашых лясах яшчэ адно незвычайнае дрэва — асіна, вакол якой мноства легенд і паданняў, прыкмет і павер’яў.

Самае дзіўнае ў яе “паводзінах”: нават калі прырода, здавалася б, заснула глыбокім сном, які не парушаецца і лёгкім павевам ветру, асіна трымціць, шапоча сваім лісцем, бы хвалюецца за нейкі непапраўны грэх. Так яно ці не так — адзін Бог ведае. Але праз стагоддзі, з глыбокай даўніны даляцела легенда, быццам наканавана ёй вечна трэсціся за тое, што з яе быў зроблены крыж, на якім быў распяты іншаверцамі Сын Божы Ісус Хрыстос. Народнае паданне сцвярджае, што і цвікі, якімі прыбілі Збавіцеля да крыжа, таксама былі асінавымі. А адна са старажытных легенд паведамляе, што на асіне павесіўся самы вядомы здраднік з роду чалавечага — Іуда.
Больш позняе беларускае паданне “Пра бярозу і асіну” па-свойму “асэнсоўвае” прыродную асаблівасць дрэва. Яно зазначае: бяроза і асіна — гэта няверная жонка і яе палюбоўнік. Жонка разам з каханкам забіла свайго мужа, за што Бог ператварыў яе ў бярозу, і тая штогод абліваецца слязамі (сок пускае) за свой учынак. “Палюбоўнік жа астаўся асінаю, якая ўвесь час трасецца ад страху дрыжачай лістотай,” — падводзіць вынік паданне, укладваючы ў гэтыя словы маральна-этычнае асэнсаванне злачынства.
Усе гэтыя аповеды пра лёс дрэва, відаць, у многім і прадвызначылі стаўленне да яго беларусаў і іншых славянскіх народаў. Каб засцерагчыся ад хваробы, нашы продкі не выкарыстоўвалі гэта дрэва пры будаўніцтве хаты, не садзілі на падворку. Але, каб пазбавіць гумно і хлеў ад нячыстай сілы, у сцяну абавязкова клалі некалькі асінавых плашак.
Асіна выкарыстоўвалася падчас розных святкаванняў як надзейны абярэг гаспадарчых пабудоў і свойскай жывёлы. Напрыклад, на Юр’я, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыня сцёбала карову галінкамі вярбы, а вось каб засцерагчы яе ад ведзьмаў, якія спраўлялі шабас у купальскую ноч, у дзверы хлява ўтыкалі некалькі галінак асіны. Праз асінавае галлё, пакладзенае перад парогам хлява, павінен быў пераступіць конь, якога толькі што купілі і прывялі дадому.
Неаднаразова на сваім уласным вопыце пераконваліся, што збіць павышаны ціск і суцішыць галаўны боль можна вельмі простым спосабам: да патыліцы прыкласці асінавы кругляк і патрымаць некалькі хвілін. А каб адчуваць сябе лепш, на тое ж месца затым пакладзіце бярозавую дошчачку. Вельмі хутка ваша стомленасць пройдзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter