Ксёндз Кирилл Бардонов: почему Бог допускает страдания людей?

Чаму Бог дапускае пакуты?

Неаднойчы чуў пытанне: калі Бог нас любіць, чаму церпяць ні ў чым не вінаватыя людзі, чаму так шмат зла, нянавісці, хвароб і пакут?



Святое Пісанне падказвае нам, што Бог не ствараў зла, але ўсё зло ў свеце паходзіць ад злоўжывання людзьмі свабодай, здольнасцю знішчаць тое Божае, што ёсць у нас, у іншых, у прыродзе. Калі мы робім гэта, нашы сэрцы страчваюць духоўнае святло і мы можам ператварыць сваё жыццё ці жыццё іншых у пекла. Грэх — гэта сапраўднае зло, якога трэба пазбягаць больш за ўсё.

Па нашай віне мы шкодзім сабе і іншым. Аднак не заўсёды мы церпім з-за сваёй віны. Адным з магчымых адказаў будзе такі: чалавечы розум не можа да канца зразумець Бога, паколькі Бог пераўзыходзіць інтэлектуальныя магчымасці і здольнасці чалавека. Таму часта найлепшым стаўленнем да зла і болю з’яўляецца даверлівая адданасць Богу, які заўсёды ведае і можа больш за нас.

Часам цярпенне мае за мэту ачышчэнне чалавека. Ёсць людзі, паглыб­леныя ў штодзённую мітусню, якія не задаюць сабе важных пытанняў, пакуль хвароба, фінансавыя або сямейныя няўдачы не прымусяць іх задумацца пра сэнс жыцця. Часта пры сутыкненні з няшчасцем чалавек мяняецца ў лепшы бок. У такой сітуацыі цярпенне з’яўляецца формай Божай педагогікі. Такім чынам, мы можам гаварыць пра зло, якое Бог пераўтварае ў дабро.

«Хрыстос цярпеў і нам вялеў», — кажа народная мудрасць, маючы на ўвазе не тое, што Бог атрымлівае асалоду ад цярпення, а тое, што цярпенне можна перанесці з годнасцю і за іншых. Тут хочацца прыгадаць гісторыю пра хлопчыка, хворага на анкалогію, якая адбылася не так даўно ў адным з касцёлаў Беларусі. Гэты хлопчык любіў ся­дзець у касцёле каля іконы Хрыста Міласэрнага і запісваць на паперцы нейкія свае думкі, складваючы ў невялікі куфэрак. Нягледзячы на старанні ўрачоў, хвароба перамагла і хлопчык пакінуў гэты свет. Апошнім яго жаданнем было тое, каб куфэрак з нататкамі аддалі святару. Адчыніўшы яго, святар прачытаў, што гэтае дзіця свой канкрэтны боль, хіміятэрапію, страх ахвяроўвала за нейкага канкрэтнага чалавека — бацьку, маці, сябра, святара…

У нашым зямным жыцці мы пакуль не можам да канца зразумець, чаму церпяць невінаватыя. Якімі б вялікімі і незразумелымі ні былі трагедыі жыцця, значна большай з’яўляецца творчая і любячая сіла Бога. Цярпенне — гэта не дом, у якім чалавек пасяліўся назаўсёды. Яно больш подобнае на вакзал, у якім мы знаходзімся толькі некаторы час. Гэты свет мае пераходны характар, і жыць трэба так, каб у вечнасці ўжо не цярпець.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter