“Чалавек я не кабінетны...”

Неяк у размове старшыня Камянецкага раённага камiтэта прафсаюза работнiкаў АПК Iрына Дуднiкава з усмешкай зазначыла: “Чалавек я не кабiнетны...” Так, яе часцей можна адшукаць у якой-небудзь гаспадарцы, дзе ў яе ёсць справы i да старшынi, i да iнжынера па тэхнiцы бяспекi, мясцовага прафсаюзнага лiдэра. Iдзе яна на фермы, у майстэрнi, цiкавiцца работай i бытам сельскiх працаўнiкоў, да якiх ставiцца з асаблiвай пашанай. Мо таму, што сама вяскоўка, нарадзiлася ў Бучамлi, i спрадвечнае кола сялянскiх работ ёй добра знаёма. I калi ў 2002 годзе была абрана старшынёй райкама прафсаюза работнiкаў АПК (да гэтага працавала дырэктарам даследчай установы Камянецкай аграхiмiчнай лабараторыi), дала пачатак добрай традыцыi.

Цяпер штогод паводле рашэння прэзiдыума работнiкаў АПК уручаюцца падарункi на жнiве лепшым камбайнерам, вадзiцелям на адвозцы зерня. Адбываецца ўсё гэта не на клубнай сцэне, а прама ў полi. Па колкай пожнi Iрына iдзе насустрач камбайнерам, каб удзячна пацiснуць iх спрацаваныя рукi, падбадзёрыць слоўкам. А да падарунка дарэчы i жнiўная песня вясковых кабет, i гарачы абед, прывезены ў поле.
У сёлетняе жнiво Iрына Уладзiмiраўна (а выязджала яна разам з iнфармацыйным штабам раёна) уручыла кухонныя камбайны перадавому экiпажу ААТ “Агра-Пелiшча” Уладзiмiру Бяскiшкiну i Сяргею Корзану, якiя першымi ўбралi збожжавыя з 200 гектараў, намалацiўшы пры гэтым больш за 500 тон збожжа.
Як след клапоцiцца прафсаюз аб бяспечных умовах працы аграрнiкаў. На кантролi — пытаннi забеспячэння спецадзеннем, iндывiдуальнымi сродкамi аховы, iнфармацыйнай дакументацыяй па тэхнiцы бяспекi. Райкамам прафсаюза праведзена сёлета 40 праверак, у тым лiку 28 з запрашэннем тэхнiчных iнспектараў абласных галiновых камiтэтаў прафсаюза i абласнога ўпраўлення Дэпартамента па працы.
Пры выпадках вытворчага траўматызму (а яны, на жаль, ёсць) сем’i пацярпелых не застаюцца сам-насам з бядой. Сумы для выплат матэрыяльнай дапамогi, закладзеныя ў прафбюджэт “пярвiчак”, складаюць каля чвэрцi ўсяго гадавога прафсаюзнага каштарысу па аграпрамысловай галiне раёна. Пажар у хаце, мнагадзетная сям’я, дзе адной мацi цяжка падняць на ногi дзяцей, — i тут дапамога прафсаюза прыспешыць.
А як не згадаць пра дабрачынныя акцыi “Прафсаюзы — дзецям”, у рамках якiх прафсаюзныя арганiзацыi раёна штогод аказваюць фiнансавую дапамогу сiротам Бучамлянскай школы-iнтэрната i Пелiшчанскага сацыяльнага прытулку на набыццё школьных прылад, прадуктаў, цацак да калядных свят i Мiжнароднага дня абароны дзяцей.
Пiльная ўвага надаецца i летняму адпачынку дзятвы. Толькi ў загарадных кругласутачных прафсаюзных лагерах гэтым летам аздаравiлася каля 200 дзяцей. На памяншэнне бацькоўскай платы затрачана больш чым 12 млн. рублёў з прафсаюзнага бюджэту раёна.
Каб быць яшчэ блiжэй да людзей працы, аператыўна вырашаць набалелыя праблемы Iрына Дуднiкава два разы на год наладжвае “прамыя лiнii”, выступае з артыкуламi ў раённай газеце, з кансультацыямi па мясцовым радыё. Пытаннi працоўнага заканадаўства, аплаты працы i проста жыццёвыя — чалавек заўжды атрымае кампетэнтны адказ, параду. Пры неабходнасцi на такiя “лiнii” бярэ на падмогу i юрыста. I зазначае, што на сэрцы робiцца цёпла, калi некаму дапамагла, пачула: “дзякуй”...
А свая сямейка? Не пакрыўджана клопатам i ласкай. З мужам — поўнае разуменне. Як жа — бралiся па шчырым каханнi. Сын Сяргей закончыў медыцынскi iнстытут, працуе ўрачом-рэанiматолагам у Камянецкай райбальнiцы. Дачка Алена вучыцца ў восьмым класе гiмназii.
Увiшная гаспадынька, любячая i любiмая — гэта ўсё пра яе. Якiя пiрагi пячэ, якiя мадэльныя ўборы шые на машынцы, якiя кветкi вырошчвае ля дома! А як цягнецца да беларускай песнi... Цi не з-за сваёй вялiкай схiльнасцi да мастацтва паспрыяла, каб занальны агляд абласнога фестывалю работнiкаў АПК, прысвечаны Году мацi, адбыўся напрыканцы верасня менавiта на Камянеччыне. У аграгарадок “Белавежскi” прыехала шэсць самадзейных калектываў, больш за 120 артыстаў з Пружанскага, Брэсцкага раёнаў. Камянеччыну прадставiў самадзейны гурт Белавежскага Дома культуры.
А ў сваiм настольным календары Iрына запiсвае новыя задумкi, адрасы, тэлефоны. Спяшаецца да людзей з дабрынёй у сэрцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter