Чалавек вялікага сэрца

Фундатар Чырвонага касцёла, беларускі мецэнат, вядомы грамадскі дзеяч Эдвард Вайніловіч можа быць далучаны да ліку благачынных.

Фундатар Чырвонага касцёла, беларускі мецэнат, вядомы грамадскі дзеяч Эдвард Вайніловіч можа быць далучаны да ліку благачынных. На днях у беларускай сталіцы прайшло першае пасяджэнне Міжнароднай пастулатарскай камісіі па справах беатыфікацыі нашага земляка.

Па даручэнні Папы Рымскага камісію ўзначалілі прадстаўнікі з Кангрэгацыі Ватыкана па справах далучэння да ліку святых — гэтыя ж духоўныя асобы ўзначальвалі працэс беатыфікацыі і кананізацыі Яна Паўла ІІ. Як яны выказаліся падчас пасяджэння, ёсць добры шанец, каб Вайніловіч быў праслаўлены.

Цяжка пералічыць усе дасягненні Эдварда Вайніловіча. Гарадскі суддзя, прадпрымальнік, стацкі саветнік, дэпутат расійскай Дзяржаўнай Думы, старшыня Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, ён, нягледзячы ні на гучныя званні, ні на высокія пасады, ні на матэрыяльную забяспечанасць, у першую чаргу быў чалавекам вялікага сэрца, добрым сем’янінам, хрысціянінам і апекуном простага люду.

— Вайніловіч можа стаць прыкладам для многіх людзей. Ён ідэал сем’яніна, палітыка, гаспадара, амбасадара, міратворцы, — лічыць пробашч касцёла Святых Сымона і Алены і ініцыятар беатыфікацыі Вайніловіча ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк.

Вайніловіч працаваў старшынёй Таварыства дабрачыннасці ў Слуцку, узначальваў камітэт абароны яўрэяў і татараў з цэнтрам у Клецку, арганізаваў вялікі дом для дзяцей-сірот, адкрыў сярэднюю гандлёвую школу ў Слуцку. У розных мясцінах Беларусі ён будаваў касцёлы, праваслаўныя цэрквы, сінагогі. Яго экуменічныя погляды на пераломе ХІХ—ХХ стагоддзяў здзіўляюць нават сучаснага чалавека. У гісторыі цяжка знайсці асобу, якая спрыяла б будоўлям святыняў для розных веравызнанняў. А Вайніловіч казаў: “Няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі славіць аднаго Бога на небе!” Нават Чырвоны касцёл, узведзены ва ўшанаванне памяці яго памерлых дзетак Сымона і Алены, ён пабудаваў у досыць незвычайнай форме, жадаючы, каб каталіцкі храм не спаборнічаў з праваслаўнымі цэрквамі, але спрыяў аб’яднанню людзей розных веравызнанняў.

Пра Вайніловіча памятаюць да сёння. І не толькі ў тых мясцінах, дзе ён жыў і працаваў, але і ў Расіі, Літве, Польшчы, Украіне. Гавораць пра яго і архіўныя дакументы, і тэксты яго выступленняў, і асабістыя ўспаміны.

— Выслухаўшы меркаванні людзей, якія добра ведаюць гісторыю жыцця Эдварда Вайніловіча, правёўшы кансультацыі з прадстаўнікамі Кангрэгацыі Ватыкана па справах далучэння да ліку святых, мы прыйшлі да высновы, што надышоў час распачынаць беатыфікацыйны працэс, — расказвае  Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Пасяджэнне камісіі ў Мінску — першы неафіцыйны крок да пачатку гэтага працэсу. Яшчэ шмат давядзецца зрабіць. Правесці шэраг кансультацый — падобная падзея адбываецца ў Беларусі ўпершыню, для нас гэта вельмі нова і незнаёма.  Атрымаць дазвол Ватыкана на пачатак працэсу. Вывучыць усё, што засталося пасля гэтага чалавека — лісты, дакументы, успаміны і гэтак далей. І апошняе — маліцца і чакаць цуду. Толькі тады працэс завершыцца паспяхова.

Вядома, на гэта могуць пайсці гады. Але чаканне таго вартае. Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча — падзея, важная і для беларускага касцёла, і для краіны ў цэлым. Важнасць яе заключаецца яшчэ і ў тым, што беатыфікуецца не святар, не законнік, а свецкі чалавек.

— Эдвард Вайніловіч апярэдзіў Другі Ватыканскі Сабор, які адбыўся 50 гадоў таму, — расказвае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Адзін з прынятых дакументаў Сабора быў прысвечаны служэнню свецкіх людзей у касцёле. Вайніловіч ацаніў ролю свецкага чалавека ў рэлігійных справах яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя.

Пажадаем поспеху камісіі ў справе беатыфікацыі нашага земляка. Няхай хутчэй надыдзе той час, калі мы зможам назваць Эдварда Вайніловіча слугой Божым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter