Чалавек нарадзіўся

Для кожнага з нас слова “мама” першае і галоўнае ў жыцці. Нават, калі становімся дарослымі, маючы ўласных дзяцей і ўнукаў. Дзе б мы ні былі, якой бы справай ні займаліся, стараемся заўсёды заставацца на сувязі з маці. Спяшаемся, хаця б па тэлефоне, спытаць: як ты, родная?

Для беларусаў паняцці сям’і і сямейных каштоўнасцей сярод галоўных жыццёвых прыярытэтаў. На ўзроўні дзяржавы — таксама.  

Сёння ў нашай краіне пражывае каля трох мільёнаў сем’яў, прыкладна паўтара мільёна выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

У нас высока цэніцца мацярынства: ордэнам Маці ўзнагароджаны 9104 шматдзетныя маці. Напярэдадні Дня жанчын Аляксандр Лукашэнка ўручыў чарговыя дзяржаўныя ўзнагароды за нараджэнне і выхаванне пяцярых і больш дзяцей 18 шматдзетным маці, заслужаным жанчынам.

Сацыяльная абарона маці і дзіця забяспечана дзеючым заканадаўствам. Найперш, Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, якая замацоўвае эканамічныя, сацыяльныя, працоўныя гарантыі і правы жанчын.

Для сем’яў, якія гадуюць дзяцей, існуюць 11 відаў дзяржаўных дапамог па трох асноўных напрамках: мацярынства, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці па дагляду за дзецьмі (найбольш значная з іх — дапамога па дагляду за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў). Для параўнання: у краінах Еўрасаюза тэрмін дэкрэтнага адпачынку вагаецца ад 84 да 196 календарных дзён.

Летась уступіў у дзеянне новы закон аб дзяржаўных выплатах сем’ям, што выхоўваюць дзяцей: дакумент прадугледжвае ўмацаванне сацыяльнай абароны найбольш уразлівых катэгорый сем’яў.

У ліку найважнейшых стымулаў развіцця ячэйкі грамадства — дадатковая падтрымка шматдзетных сем’яў: сямейны капітал у памеры дзесяці тысяч долараў пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга альбо наступных дзяцей. Такая сістэма дзейнічае ў нас з 2015-га: на 1 лютага бягучага года дзяржавай адкрыта больш за 48 тысяч дэпазітных рахункаў сямейнага капіталу на агульную суму звыш 487 мільёнаў долараў. Гэта дазволіла павялічыць узровень нараджальнасці ў Беларусі трэціх і наступных дзяцей (на 20 працэнтаў). Гаворачы мовай статыстыкі, тэмп росту колькасці насельніцтва ў згаданай сацыяльнай групе склаўся на ўзроўні больш за 121 працэнт адносна 2014 года. Для даведкі: за 2014-ы ў Беларусі нарадзілася 118,7 тысячы дзяцей —  найбольш вялікі паказчык за апошнія 20 гадоў.

Да таго, наша Беларусь увайшла ў міжнародны рэйтынг дзесяці краін з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю, займаючы восьмае месца. Першае месца ў Японіі — 0,9 на адну тысячу, другое — у Ісландыі — 1,0, трэцяе — у Сінгапура — 1,0.

Згодна звестак Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), паказчык неанатальнай смяротнасці нованароджаных на працягу першага месяца жыцця ў нас адзін з самых невялікіх у свеце — 1,5 на тысячу нованароджаных. Разам з тым у Беларусі самая нізкая дзіцячая смяротнасць у параўнанні з суседнімі краінамі: у Латвіі — 2,4 на тысячу, Літве — 2,5, Польшчы — 2,8, Расіі — 3,4, ва Украіне — 5,4. Самы негатыўны паказчык дзіцячай смяротнасці ў Пакістане — у гэтай краіне памірае адзін з 22 нованароджаных.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter