Чалавек на вайне

Гэтыя нататкi — пра глыбокi i ўсхваляваны роздум, часам боль, якiм была прасякнута...

Адказная i высакародная мiсiя лiтаратуры — уславiць народны подзвiг, сказаць праўду пра гераiчнае i трагiчнае ў нашай гiсторыi, зберагчы i данесцi нашчадкам святую памяць

Поклiчна i хвалююча

Гэтыя нататкi — пра глыбокi i ўсхваляваны роздум, часам боль, якiм была прасякнута работа пленума праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Творцы гаварылi пра тое, чым жыве напярэдаднi 65-й гадавi­ны Перамогi краiна, i тэма вызначана так: «Подзвiг народа ў гады Вялiкай Айчыннай вайны на старонках нашай лiтаратуры».

Мiкалай Чаргiнец, старшыня СПБ, зазначыў ва ўступным слове, што хоць пасля вайны мiнула шмат гадоў, вырасла не адно пакаленне, але мужнасць i гераiзм нашых людзей, iх пакуты, самаахвярнасць жывуць у сэрцах сучаснiкаў. Беларускiя пiсьмен­нiкi змагалiся з нена­вiсным ворагам сваiм вострым словам. Успомнiм, да прыкладу, поклiчныя i глыбока хва­люючыя вершаваныя радкi Янкi Купалы, прысвечаныя нашым партызанам.

У тыле ворага, у Маскве, а потым у прыфрантавой паласе ў Белiцы пад Гомелем i ў Мiнску выдавалася знакамiтая газета-плакат «Раздавiм фашысцкую гадзiну», рэдактарамi якой былi Мiхась Чавускi i Кандрат Крапiва. Праз яе Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Максiм Танк, Кандрат Крапiва, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевiч, Iлья Гурскi, Максiм Лужанiн, Мiхась Машара падымалi баявы дух землякоў-беларусаў, якiя змагалiся на франтах i ў партызанскiх атрадах.

Многiя пiсьменнiкi, як, напрыклад, народны паэт Бела­русi Аркадзь Куляшоў, праца­валi ў армейскiх газетах, бывалi на перадавой i ведалi вайну не па чутках. Вось чаму глыбока краналi душу вядомая паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады», верш «Камсамольскi бiлет». Як не згадаць раманы Мiхася Лынькова «Векапомныя днi», Iвана Шамякiна «Глыбокая плынь» i «Зенiт», Iвана Наву­менкi «Сасна пры дарозе», раманы i аповесцi Васiля Быкава «Альпiйская балада», «Здрада», «Трэцяя ракета», дакументальную аповесць пiсьмен­нiка-франтавiка Iвана Новiкава «Руiны страляюць ва ўпор». А хвалююча пранiк­нёная, глыбока патрыятычная, поўная бязмежнай любовi да Радзiмы лiрыка Пятра Глебкi, Петруся Броўкi, Максiма Танка, Пiмена Панчанкi, Анатоля Вялюгiна, Аляксея Пысiна i многiх iншых беларускiх паэтаў.

Гераiчны летапiс

Новае пакаленне нашых пiсьменнiкаў, якiя не ваявалi, але ўспрымалi вайну сваiмi чуйнымi душамi, стварылi цэлы летапiс таго часу. Гэта Iван Чыгрынаў, Iван Пташнiкаў, Барыс Сачанка, Сцяпан Гаўрусёў, Еўдакiя Лось, Уладзiмiр Карызна, Валянцiн Лукша, Уладзiмiр Скарынкiн. Мы шчыра радуемся, што яны жывуць побач з намi, актыўна пра­цуюць. Пiсьмен­нiкi-франтавiкi Уладзiмiр Федасеенка, Аляксандр Суслаў, Анатоль Сульянаў, Анатоль Дзялендзiк, Алесь Савiцкi выдаюцца i сёння. Як паведамiў М. Чаргiнец, iх творы ўжо выйшлi ў свет у серыi «Бiблiя­тэка пiсьменнiкаў Бела­русi». А да 65-годдзя Вялi­кай Пера­могi выйдуць кнiгi пiсьмен­­нiкаў-франтавiкоў Мiколы Iванова, Юрыя Iванова, Анатоля Кузьмiчова.

Нялёгкая дарога праўды

З асноўным, выключна змястоўным дакладам на пленуме выступiў доктар фiлалагiчных навук, акадэмiк НАН Беларусi пiсьменнiк Уладзiмiр Гнiламёдаў. Лiтаратура перыяду вайны, зазначыў ён, свядома паставiла сваёй мэтай служэнне народу, здолела ў самых трагiчных абставi­нах знайсцi правiльны тон, устанавiць даверлiвыя кантакты з чытачом, стаць магутным акумулятарам вiталь­най сiлы i энергii.

Трэба прызнаць, што праўда вайны не адразу знайшла дарогу на старонкi лiтаратурных твораў, доўга шкодзiла прыблiзнасць у яе паказе, лiшак iдэалагiчнай нагрузкi, тэндэнцыйнасць, канфармiзм.

Новы вобраз Вялiкай Айчыннай вайны ў значнай ступенi фармiруюць 60-я гады. Той вопыт не страчвае сваёй надзейнасцi, але яго ацэнка аказваецца больш складанай i неадназначнай, i гэта прынцыпова. Публiка­цыя ўспамiнаў франтавi­коў, сведчанне жыхароў спаленых вёсак i былых вязняў лагераў смерцi пралi­ваюць святло на падзеi, пакiнутыя без увагi ў момант усеагульнай пераможна-параднай эйфа­рыi, на факты, якiя свед­чылi­ пра тое, што вайна была куды больш жудасная i бессэнсоўная, чым гэта здавалася раней.

Добры творчы ўнёсак

Iван Навуменка, Вiктар Казько, Яўген Каршукоў, Мiхась Федасеенка, Валянцiн Мыслi­вец, Уладзiмiр Федасеенка шчымлiва балюча пiсалi пра апаленае вайной дзяцiнства. Алесь Савiцкi, прадстаўнiк пакалення партызанаў i фран­тавiкоў, якi, нягледзячы на свае амаль 90 гадоў i сёння ў творчым страi, мае добры ўнёсак у ваенна-гiстарычную тэматыку. Яго творы перакладзены на рускую мову, выдадзены ў Маскве, галоўная iх вартасць — праўдзiвасць.

Героi з дылогii Мiкалая Чар­гiнца — раманаў «Вам — заданне» i «За секунду да стрэлу» — простыя, але мужныя людзi, што жылi i дзейнiчалi ў цяжкае лета 41-га. Сфера пiсьменнiцкай кампетэнцыi ў гэтых творах — чалавек, яго маральны воблiк, асаблiвасцi характару, супрацьстаянне сiлам зла. Названая дылогiя за два апошнiя дзесяцiгоддзi выдавалася болей як дваццаць разоў. Нялёгка чытаць раман «У падзямеллi» i аповесць «Палон» Мiколы Аўрам­чыка, бо аўтар на матэрыяле сваёй драматычнай ваеннай бiяграфii гаворыць пра ўсё тое, як было на самай справе. Вострая i балючая праўда перажытага жыве ў цудоўнай паэзii Аляксея Пысiна. Спавядальнасць стала для паэта маральнай патрэбай.

Безумоўна, беларуская ваенна-гiстарычная лiтаратура — гэта гiстарычны феномен у культурным жыццi чалавецтва, падкрэслiў У. Гнiламёдаў. Намаганнi многiх пакаленняў пiсьменнiкаў паглыбляюць нашу памяць i ўяўленнi пра вайну, паказваюць яе ва ўсёй праўдзiвасцi перажытага i выпакутаванага народам, пазбягаючы iранiчых iнтанацый фальшу. У гэтым заслуга пiсьмен­нiкаў, якiя сумленна i адказна распрацоўваюць ваенную тэматыку — Анатоля Сульянава, Анатоля Кузьмiчова, Алеся Шашкова, Паўла Мiсько, Вiктара Трыхманенкi i iншых. Да 65-годдзя Перамогi выйдзе надзвычай змястоўная антало­гiя пiсьменнiцкiх апавяданняў на тэмы Вялiкай Айчыннай.

Не пакiнь нас, памяць

Тэма Вялiкай Айчынай — важная i вечная, перакананы Анатоль Сульянаў. На жаль, у нас мала радыё- i тэлеперадач, якiя выхоўваюць пачуццё патрыятызму ў моладзi, бракуе iх для падлеткаў. Не стае праграм, якiя б рэкламавалi сучасныя кнiгi, асаблiва такiя, якiя выклiкаюць павагу да старых людзей, выхоўваюць гераiзм, сумленнасць, прыстойнасць. Няма тэлеспектакляў паводле кнiг беларускiх аўтараў.

Мiхась Пазнякоў, у прыватнасцi, паведамiў, што Мiнскае гарадское аддзяленне СПБ абвясцiла паўгода таму лiта­ратурны конкурс сярод юных творцаў на лепшы твор, прысвечаны 65-годдзю Вялi­кай перамогi. Праводзiцца ён сумесна з камiтэтам па адукацыi Мiнгарвыканкама, сталiчным аддзяленнем БРСМ, Мiнскiм гарадскiм iнстытутам развiцця адукацыi. З цягам часу конкурс перарос у мiжнародны, бо да яго далучылiся падлеткi i моладзь з самых розных рэгiёнаў Бела­русi, Расii, Латвii, Лiт­вы, Украi­ны. Ужо паступiла больш як 800 работ, яны сведчаць, што ў нас падрастае зда­ровая, свядомая, адукаваная моладзь, якая шчыра ганарыцца сваёй роднай краiнай, шануе ветэранаў вайны, удзячна ўспрымае стваральнае сягоння i ўзнёсла глядзiць у заўтра.

Слушнымi думкамi па­дзя­лiлiся ў сваiх выступленнях пiсьменнiкi Алесь Савiцкi, Яўген Каршукоў, Рыгор Сакалоўскi.

Пiсьменнiк абавязаны

Пленум прыняў адпаведную пастанову. У прыватнасцi, адзначана, што тэма Вялiкай Айчыннай, подзвiгу народа мае магутную энергетыку, у яе невычэрпны творчы патэнцыял. I ў далейшым яна павiнна знаходзiць глыбокае, яркае i таленавiтае ўвасабленне ва ўсiх жанрах лiтаратуры. Мы выказываем рашучае «Не!» тым, хто скажае, перарабляе гiсторыю, здзекуецца з усенароднага подзвiгу i памяцi пра яго, прынiжае ролю савецкага народа ў вызваленнi свету ад фашысцкага iга. Пiсаць пра вайну праўдзiва — грамадзян­скi абавязак пiсьмен­нiка, бо лiтаратура — жывая гiсторыя народа, i яна павiнна данесцi гiстарычную праўду наступным пакаленням. У пастанове вызначаны канкрэтныя задачы СПБ на блiжэйшы час па тэме Вялiкай Айчыннай.

У гэтых нататках я спынiўся толькi на самых важных момантах размовы, якая вялася на пленуме. Узнятыя пытаннi маюць выключнае значэнне для нашага грамадства. У жыццё ўступiла ўжо не адно пасляваеннае пакаленне, у тым лiку i самае маладое. Як даць яму адчуць, паставiў пытанне У. Гнiламёдаў, усю горыч страт, усе пакуты, якiя прынесла вайна? I ўспрыняць радасць Перамогi, за якую так дорага, вялiкай крывёю за­плацiў народ? Вырашэнне та­кой складанай задачы — абавязак лiтаратуры, якая ў гэтай сувязi мае патрэбу ў «iнавацыях» — прытоку свежых сiл i новых каштоўных iдэй i арыентацый. Вобраз вайны, уяўленне пра чалавека на вайне ў памяцi наступных пакаленняў будуць жыць менавiта дзякуючы лiтаратуры i мастацтву. Значыць, высокая i адказная мiсiя творцаў — сказаць так пра гэтую жахлiвую трагедыю, каб яна больш не паўтарылася.

На здымку: першы сакратар Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Генадзь ПАШКОЎ, галоўны рэдактар часопiса «Полымя» Мiкола МЯТЛiЦКi, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай ЧАРГiНЕЦ, пiсьменнiк-ветэран Алесь САВiЦКi i пiсьменнiк Людмiла КАЛЕНДА (злева направа).

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter