Чалавек-аркестр. “У яго руках і саломінка зайграе”, — так кажуць землякі пра майстра-музыканта, ініцыятара стварэння першага ў Беларусі музея народных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча.

Нездарма нашы чытачы занеслі яго імя ў спіс “7 цудаў” Гродзенскага раёна

Нездарма нашы чытачы занеслі яго імя ў спіс “7 цудаў” Гродзенскага раёна

Адшукаць Мар’яна Антонавіча аказалася няпроста. Прынцыпова майстар не спяшаецца абзавесціся мабільным тэлефонам, які, як ён кажа, з-пад зямлі дастаць зможа. На лета з Гродна ў пошуках цішыні і натхнення ён перабіраецца ў бацькоўскую хату ў Адэльск.Тут амаль усё захавалася, як пры жыцці бацькоў, нават вытканыя матуляй дарожкі на падлогу. Знаёмыя з дзяцінства рэчы, здаецца, яшчэ захоўваюць бацькоўскае цяпло. Матуля з татам як жывыя на партрэтах, што ў рамках на сцяне. Калі б яны сапраўды маглі бачыць свайго сына, ганарыліся б: бацькоўскія надзеі спраўдзіў.

Менавіта з гэтых вытокаў чэрпае натхненне самабытны музыкант, спявак, майстар народных інструментаў Мар’ян Скрамблевіч.
Творчую жылку ён атрымаў з генамі. У руках яго дзеда скрыпка спявала так, што дзівілася ўся акруга, бацька быў спрытным гарманістам, сваяк — арганістам.
А Мар’яна адарыла прырода найбольш шчодра. Нездарма за здольнасць іграць адразу на некалькіх музычных інструментах, напрыклад барабане, гармоні і падгалоску, яго называюць “чалавек-аркестр”.
А ў дзяцінстве, расказвае, іграў на ўсім, што пад руку трапляла і магло гучаць. Першым музычным інструментам былі дудкі, якія вырабляў з кары дрэў. Праўда, была ў хлопца мара — купіць баян, маўляў, які ж музыкант без баяна. Яна збылася, але і па сённяшні дзень, прызнаецца, на дудцы іграе з асаблівым задавальненнем.
Не ведаючы нотнай граматы, Скрамблевіч мог лёгка падабраць мелодыю на слых. Але талент, заложаны прыродай, безумоўна, трэба было абавязкова развіваць. Хлопец разумеў, што павінен вучыцца. Ён паспяхова скончыў аддзяленне тэорыі музыкі ўніверсітэта імя Крупскай у Маскве, затым — прафсаюзную школу работнікаў культуры ў Ленінградзе. Яшчэ ў перыяд вучобы стварыў клуб аматараў музыкі і песні ў Гродзенскім аўтапарку. Хор аўтамабілістаў быў вядомы не толькі на Гродзеншчыне.
На біс успрымалі і сольныя нумары Мар’яна Скрамблевіча. Ён выконваў творы не толькі беларускіх аўтараў, але і польскіх, украінскіх, а таксама асабістыя.
Высокую ацэнку яго талент атрымаў на рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”, лаўрэатам якога ён прызнаны.

Нараджэнне музыкі

Той цудадзейны момант, калі звычайная кара дрэва ў руках пачынае спяваць, Мар’ян Антонавіч пранёс праз усё жыццё. Успамінае, што яшчэ ў школьныя гады займаўся таксама рэстаўрацыяй музычных інструментаў. Менавіта тады для школьнага ансамбля, які стварыў, спатрэбілася скрыпка. Знайшлі інструмент, якому было амаль 90 год. Здавалася, “жыццё” яго ўжо назаўжды пакінула. А Мар’ян змог надаць скрыпцы новае дыханне. Не без радасці бярэ ў рукі гэты рарытэт майстар і зараз.
Аб адным шкадуе, што заняўся вырабам музычных інструментаў не ў маладым ужо ўзросце. Але, як кажуць, усяму свой час. Затое да гэтага набыў вопыт работы з дрэвам. У жыцці былі такія перыяды, калі будаваў дамы, рабіў вокны і дзверы. Яго першая драўляная табурэтка і зараз захоўваецца ў гарадской кватэры як добры знак пачатку важнай справы.
Удзячны майстар гродзенскім токарам Мікалаю Пузыні і Мікалаю Смагіну, столяру Уладзіміру Кашко, якія дапамаглі зрабіць інструменты пад дрэваапрацоўку.
Справа пайшла. Самабытны майстар стаў сапраўднай знаходкай для прафесійных і фальклорных калектываў Гродзеншчыны, такіх як “Гасцінец”, “Белыя росы”, “Дударыкі” і іншых. Яго інструменты знаходзяцца ў музеях рэспублікі, уласных калекцыях у Аўстрыі, Францыі, Германіі. Член Саюза народных майстроў Беларусі Мар’ян Скрамблевіч з’яўляецца лаўрэатам прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко, удзельнікам міжнародных конкурсаў. За асабісты ўклад у развіццё народнай творчасці і адраджэнне нацыянальных музычных традыцый яго імя занесена ў энцыклапедыю “Беларускі фальклор”.

І акарына загучала...

Дудкі, дуды, жалейкі, тра-шчоткі , кляшчоткі... — цяжка пералічыць усё багацце, якое сабрана ў музейным пакоі народных інструментаў майстра Скрамблевіча, які быў адчынены ў адэльскім Доме культуры. Дарэчы, апрача беларускіх нацыянальных інструментаў з’явіўся з-пад рук самабытнага майстра своеасаблівы — акарына (у перакладзе з італьянскага — “гусёнак”). Гэты інструмент нагадвае па форме рыбу. Традыцыйна яго выраблялі з гліны, фарфору, а майстар Скрамблевіч рызыкнуў зрабіць з дрэва. І акарына загучала. Дарэчы, драўляны інструмент быў прызнаны спецыялістамі ў Еўропе. Мар’ян Антонавіч стварыў нават музычную сям’ю акарын, кожная з якіх мае свой голас: бас, альт, сапрана, тэнар.
Сярод унікальных інструментаў майстра таксама паляўнічы рог, створаны ў гонар 200-годдзя Адама Міцкевіча.
А майстар зноў у пошуку. Штодня ён штосьці майструе з дрэва. Цяжка паверыць, што звычайны драўляны кавалачак зможа зайграць. Хіба не цуд?
На самай справе музычны інструмент нараджаецца няпроста. Не адзін кіламетр пройдзе па лесе Мар’ян Антонавіч, пакуль не знойдзе патрэбнае дрэва. Затым яно сохне ў саломе не адзін год і толькі тады паддаецца майстру. Дробязей у гэтай справе не бывае. Важна нават, у якую пару года дрэва зрэзана. Калі вясною, яно напоўнена сокамі, таму інструменты будуць гучаць плаксіва, а восенню, калі ўсе сокі прыняла зямля, гучанне атрымліваецца высокае. Майстар аддае перавагу інструментам, якія перадаюць радасць жыцця.
Збылася даўняя мара Мар’яна Скрамблевіча — сабраць свае інструменты ў адзінае цэлае, адкрыць музейны пакой, куды маглі б прыходзіць людзі не толькі дзівіцца, але і вучыцца.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter