Давать людям возможность начинать все сначала - в этом проявляется любовь Христа к нам

Чаканне Бога

У нашай краіне 25 снежня і 7 студзеня хрысціяне святкуюць урачыстасць Хрыстовага Нараджэння. Дзве розныя даты — гэта розніца календароў, але па-сутнасці гэта тое ж самае свята. Кожны год хрысціяне рыхтуюцца адзначыць успамін нараджэння Месіі. Аднак за простым успамінам хаваецца штосьці больш важнае — жаданне зразумець Божыя таямніцы і прыняць іх усім сэрцам.

Асоба Езуса настолькі зацікавіла людзей, што збіраліся велізарныя натоўпы, каб яго паслухаць. Яны хацелі слухаць Хрыста, бо ён прамаўляў вельмі нетыпова — не спасылаючыся на іншых аўтарытэтаў, з упэўненасцю. Больш за тое, натоўпы былі з Ім, бо Хрыстос аздараўляў хворых, памнажаў хлеб для галодных...

Нам таксама проста быць у такім натоўпе вучняў Хрыста, калі мы святкуем. На Божае Нараджэнне, не важна, калі мы яго адзначаем, мы сядаем за святочны стол, робім падарункі адзін аднаму, гаворым прыгожыя словы. У такой сітуацыі проста быць вучнем Хрыста і святкаваць яго Нараджэнне.

Натоўпы, якія хадзілі за Езусам, цалкам змянілі свой настрой, калі сутыкнуліся з тым, што за веру ў Хрыста, за вернасць Яму трэба будзе цярпець. У адно імгненне для гэтых людзей усё перастала быць такім простым і відавочным. Яны былі гатовыя радавацца разам з Хрыстом, але не былі падрыхтаваныя ставіць сабе патрабаванні. Тады, калі Езус запрасіў сваіх вучняў быць паслядоўнымі, не жыць толькі для сябе і “не плыць па цячэнні”, натоўп яго паплечнікаў стаў імгненна змяншацца. Настолькі імгненна, што былым слухачам Хрыста было прасцей забіць яго, чым пастарацца змяніць сваё жыццё.

Гэта так проста: быць хрысціянамі да таго моманту, пакуль Езус не будзе пералічваць патрабаванні да сваіх вучняў — прабачаць ворагам, не адказваць злом на зло, не засяроджвацца толькі на сабе і г. д. Аднак тады, калі Езус пачынае называць тое, што неабходна для таго, каб трапіць у Божае Валадарства, большасць хрысціян вырашае, што ім прасцей “адкупіцца” падарункамі, чым змяніць сваё жыццё на лепшае.

Чарговы год — гэта таксама зручны выпадак, каб пачаць новы этап жыцця. Даваць людзям магчымасць пачынаць усё спачатку — у гэтым праяўляецца любоў Хрыста да нас. Нават калі мы прызвычаіліся да нейкага стылю жыцця, Хрыстос ведае, якой прыгожай можа быць наша душа. Менавіта таму Ён прабачае і чакае нашага выпраўлення...

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter