Чаму дзесяты год на мінскім складзе ляжыць скульптура, якой збіраліся ўпрыгожыць вуліцу ў Брэсце

Чаканне, адлiтае ў бронзе

Амаль дзесяць гадоў на складзе ліцейнага прадпрыемства ў Мінску пускае мыльныя бурбалкі бронзавы хлопчык. Скульптура павінна была ўпрыгожыць пешаходную вуліцу Брэста, аднак у апошні момант горад скасаваў дамову з вытворцам. Фінансаванне спынілі. Гатовая праца завісла. Аўтар скульптуры Руслан Усманаў, як мог, спрабаваў вярнуць «сасланага» на радзіму, але безвынікова. І вось новая думка: а што калі адміністрацыя іншага горада «прытуліць» у сябе бронзавага хлапчука? З такой ідэяй «тата» звярнуўся ў рэдакцыю  «Р».

Адзін з варыянтаў размяшчэння работы «Мыльныя бурбалкі»

Форма малая — праблема вялікая


Гарадскія ўлады пазнаёміліся з праектам бронзавага хлопчыка ў 2008 годзе. Тады шырока абмяркоўвалася пытанне, чым упрыгожыць галоўную пешаходную вуліцу Брэста — Савецкую. Варыянтаў ад мясцовых аўтараў атрымалі шмат. Зацвердзілі прапанову Руслана Усманава з рабочай назвай «Мыльныя бурбалкі». Нават месца скульптуры вызначылі — на тумбе па суседстве з выставачнай залай і кінатэатрам «Беларусь».

Каторы год бронзавы хлопчык пускае мыльныя бурбалкi
Як гаворыцца, бяды нішто не прадвяшчала. Мастак-скульптар размясціўся на вытворчых плошчах унітарнага мастацкага прадпрыемства «Мастацтва» ГА «Беларускі саюз мастакоў» і выканаў мадэль. З адобранага ўзору знялі форму. Адвезлі яе ў Мінск. Тут на ліцейным мастацка-вытворчым прадпрыемстве ТАА «Мiаран» зрабілі васковую мадэль. Руслан дапрацаваў яе, пасля чаго знялі яшчэ адну, заключную форму. Прыйшоў час адліваць скульптуру.

Ліцейны завод паспяшаўся зрабіць гэта, не дачакаўшыся аплаты ад брэсцкага «Мастацтва», з якім працаваў Усманаў. У сваю чаргу, камбінат «Мастацтва» не атрымаў грошай ад заказчыка скульптуры ААТ «Будаўнічы трэст № 8». Неўзабаве будтрэст і зусім скасаваў дамову.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў» і член мастацка-манументальнага савета пры аблвыканкаме Павел Рабаў чытаў гэты дакумент:

— Там гаварылася, што ў выпадку скасавання заказчык выплачвае выканаўцу фактычныя выдаткі. У выніку будтрэст заплаціў каля дзесяці мільёнаў  рублёў камбінату «Мастацтва» ў цэнах 2008 года. І на гэтым усё.

На добрых ваду возяць


Такім чынам, з носам засталіся ліцейны завод і скульптар Руслан Усманаў. «Мiаран» абурыўся, таму што ўклаў у вытворчасць скульптуры асабістыя сродкі і прагарэў. Іх можна зразумець: сёння бронзавая скульптура — задавальненне дарагое. Малыя формы ў гарадах усё часцей выконваюць з танных кампазітных аналагаў. Дададзім да дарагога матэрыялу заработную плату, выкананне тэхнічных умоў. Ды і дзесяцігадовую «арэнду» ўключыць не перашкодзiла б. Карэспандэнт «Р» далікатна пацікавілася на прадпрыемстве, колькі сёння каштуе скульптура. З улікам дэнамінацыі, дэвальвацыі, пераацэнак... Дырэктар «Мiарана» Алена Кавалёва абмяркоўваць фінансавы бок гатовая, але не з журналістамі, а з тымі, хто рэальна аплаціць заказ:

— Кірую прадпрыемствам дваццаць гадоў, падобны выпадак у маёй практыцы першы і адзіны.

Моцна перажывае разлуку з хлопчыкам яго стваральнік. За дзесяць гадоў куды ён толькі не звяртаўся. Пару гадоў таму пытанне прагучала ў мясцовай прэсе. Быццам бы пачалося ажыўленне. Але не — падалося.

Павел Рабаў пацвярджае:

— Рэакцыі не было ніякай. Тэма па-ранейшаму вісіць у паветры.

Бронзавая прапанова


Руслан УСМАНАЎ
Аднак настаўнік выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 10 горада Брэста Руслан Усманаў рукі апускаць не жадае. Калі ў адміністрацыі Брэста за столькі гадоў не знайшлося сродкаў выкупіць скульптуру, трэба стукаць у дзверы суседзяў:

— Складаю ліст у адпаведныя ўстановы Мінска, буду прапаноўваць распаўсюдзіць інфармацыю пра мае «Мыльныя бурбалкі» па раёнах. Напэўна, у краіне ёсць населены пункт, у якім знойдзецца годнае месца нашаму бронзаваму хлопчыку.

Яшчэ раз нагадаў у гарвыканкаме пра «манументальную» праблему і цяперашні кіраўнік камбіната «Мастацтва» Уладзімір Лемех. Канфлікт разгарэўся яшчэ да яго прыходу на гэты пост, але Уладзімір Фёдаравіч у тэме:

— Мы прапанавалі ўладам устанавіць скульптуру Руслана Усманава ў святле будучага 1000-годдзя Брэста. Чакаем адказу.

«Р» будзе трымаць чытачоў у курсе і абавязкова раскажа пра наваселле. Калi толькі яно здарыцца.



 ДАРЭЧЫ 

Разам з эскізам «Мыльныя бурбалкі» Руслан Усманаў прапанаваў Брэсту яшчэ некалькі ідэй. Дзве былі рэалізаваны. На скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкінскай стаiць стылізаваная пад комін вентыляцыйная труба, на ёй пасялілася парачка катоў. Прайдзіце ўглыб Савецкай. Над уваходам у будынак ААТ «Белтелеком» красуецца другая работа Руслана Усманава: лэдзі і джэнтльмен у стылі рэтра бесклапотна балбочуць па тэлефоне.

hanna.petrachenka@yandex.ru

Фота з архіва суразмоўцаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter