“Чакаем цябе, Вiка!”

Самалёт спазняўся. Рэйса з Iталii з нецярпеннем чакалi сустракаючыя, а тут, у Вiлейцы, дырэктар спецыялiзаванай школы-iнтэрната Мiкалай Iванавiч Валчкоў штораз нацiскаў кнопкi мабiльнага тэлефона. Мiкалая Iванавiча я ведаю гадоў трыццаць i, бадай, нiколi за гэты час не бачыла яго такiм стомленым i засмучаным. Перажываў вечарам у пятнiцу не толькi ён. Бадай, не засталося ў школе-iнтэрнаце людзей, якiя ў гэтыя вераснёўскiя днi не думалi пра лёс дзесяцiгадовай Вiкi, якая яшчэ тыдзень таму павiнна была прыляцець з адпачынку з Iталii.

“Мы чакаем цябе, Вiка!” — вялiкiмi друкаванымi лiтарамi напiсалi чацвёртакласнiкi на класнай дошцы. А месца Вiкi ў класе так i засталося незанятым.
Саша Чарняўскi зайшоў у клас, калi стрэлкi гадзiннiка наблiжалiся да сямi гадзiн вечара. I сябры абступiлi яго шчыльным колам, па-дзiцячаму радасна i непрыкрыта выказваючы свае эмоцыi.
— Ну, як адпачываў? Цi спадабалася? — такiмi былi першыя пытаннi.
I адразу ж другое:
— А дзе Вiка?
Саша — адзiн з чатырох вучняў Вiлейскай спецшколы-iнтэрната, якiя ў складзе групы беларускiх дзяцей 4 чэрвеня ад’язджалi за мяжу на аздараўленне. Так было ўжо некалькi разоў — iтальянскiя сем’i запрашалi да сябе на адпачынак беларускiх дзяцей на канiкулы. Вiка, напрыклад, ехала ў сям’ю Марыi Кьяра Борначын i Алесандра Гвiсто сёмы раз. Ехала з задавальненнем, з добрым настроем. На развiтанне сказала сябрам:
— Да сустрэчы!
— У мiнулым годзе iтальянская сям’я была ў нас у гасцях, — згадвае Мiкалай Iванавiч. — Мы iм паказалi ўсё: дзе дзецi жывуць, чым займаюцца. Сакрэтаў не рабiлi, бо верылi, што iтальянскiя “бацькi” Вiкi шчыра адносяцца да дзяўчынкi. Тады, будучы ў нашай краiне, яны маглi зрабiць спробы па ўсынаўленню дзiцяцi, ды, на жаль, гэтага не зрабiлi. Нават размоў пра ўсынаўленне не было. Акрамя таго, вось дакумент, — Мiкалай Iванавiч паказвае распiску, якую атрымаў ад iтальянскай сям’i ў маi гэтага года разам з запрашэннем дзяўчынкi на адпачынак. У ёй iтальянская сям’я абавязуецца вярнуць Вiку на радзiму ў вызначаны тэрмiн.
Што ж здарылася пасля таго, як больш чым два месяцы дзiця пабыло ў Iталii, педагогi са спецшколы-iнтэрната не ведаюць.
На думку намеснiка дырэктара школы Марыi Анатольеўны Дзяруга, слоў пра жорсткасць i здзекi Вiка сказаць не магла. Вiлейская спецшкола-iнтэрнат — установа для дзяцей з цяжкiмi парушэннямi мовы. Дзецi, што тут вучацца, не ўсе гукi вымаўляюць правiльна, маюць iншыя праблемы з маўленнем. За тыя тры гады, што Вiка знаходзiлася ў вiлейскiм iнтэрнаце, спецыялiстам удалося паставiць правiльнае вымаўленне гукаў, але складаць свае думкi ў правiльныя фразы яна яшчэ не навучылася, слоўнiкавы запас у дзяўчынкi яшчэ недастатковы, i расказаць пра насiлле i жорсткасць яна не магла нават па-беларуску, не кажучы ўжо пра iтальянскую мову. Так што не выключана верагоднасць, што iтальянская сям’я з маленькага горада Кагалета няправiльна зразумела дзяўчынку.
Нягледзячы на рашэнне iтальянскага суда аб вяртаннi дзяўчынкi ў Беларусь, Вiку 8 верасня ў аэрапорт не прывезлi. Не з’явiлася яна там i 15 верасня, калi ўся група, якая чакала дзяўчынку, адлятала на радзiму.
Саша, Жэня i Яша вярнулiся без Вiкi. А сябры-чацвёртакласнiкi яе па-ранейшаму чакаюць.
“Мы чакаем цябе, Вiка!” — напiсалi дзецi на дошцы крэйдай на роднай мове.
Ты вяртайся, Вiка!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter