Новый МТЗ-82.У «подарил» Глубокскому государственному колледжу его учащийся Андрей Бортник

Чакае родная гаспадарка

Адразу ўзнікае пытанне: «Адкуль навучэнец, хлопец з вёскі, узяў столькі грошай, а каштуе такая тэхніка нямала, каб набыць трактар?» Аказваецца, зарабіў сваімі рукамі і галавой. Восенню на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства аратых сярод прадстаўнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі заняў першае месца, паказаўшы трывалыя веды сельгастэхнікі і высокае майстэрства валодання ёю. За гэта ўзнагароджаны дыпломам першай ступені, плюс трактар МТЗ-82.У — для роднай установы ад упраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Новую тэхніку прадаставілі абкатаць Андрэю Бортніку.
Фота Андрэя ПАНКРАТА.

Літара «У» на агрэгаце не выпадкова: ён спецыяльна абсталяваны дзвюма парамі педалей — для інструктара і навучэнца, што палепшыць умовы выкладання ваджэння.

Трактар атрыманы напярэдадні новага года, і абкатаць яго па праве прадаставілі Андрэю Бортніку.

Некалькі слоў пра героя дня. Андрэй вучыцца на трэцім курсе. Сам з аграгарадка Чарневічы. У сям'і трое дзяцей, ён старшы. Брат Кірыл таксама набывае разам з ім прафесію механізатара. Сястра Яна ходзіць у пяты клас. Бацька — вадзіцель, маці — выхавацельніца дашкольнай групы Чарневіцкай базавай школы. У час канікулаў Андрэй працаваў у родным сельгаспрадпрыемстве «Чарневічы», там жа праходзіў вытворчую практыку. Сюды плануе вярнуцца пасля заканчэння вучобы.

У апошнія два гады машынна-трактарны парк Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя (так ён называўся раней) значна абнавіўся. У якасці спонсарскай дапамогі атрыманы зернеўборачны камбайн КЗС-1420 («Гомсельмаш»), трактар «Беларус-2123». Летась закуплены прэс-падборшчык, аўтобус. Значна ўмацавалася вучэбна-метадычная база. Адрамантаваны першы і трэці карпусы, кабінеты, харчблок, інтэрнат, спартыўная зала, на што выдаткавана з бюджэту 301 тысяча рублёў і яшчэ 18 тысяч пазабюджэтных. Усё гэта дазваляе павысіць якасць навучання. Трое навучэнцаў — Аляксандр Гайдукоўскі, Надзея Касінская, Аляксандр Лонскі — станавіліся стыпендыятамі прэміі Прэзідэнта. Андрэй Бортнік заняў першае месца на абласным прафесійным конкурсе аратых.

І як вынік, з 1 студзеня гэтага года Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй стаў каледжам.

Гэта больш высокая ступенька, чым ліцэй, — тлумачыць яго дырэктар Васіль Любоза. — Дае магчымасць рыхтаваць не толькі кадры рабочых прафесій, але і спецыялістаў сярэдняга звяна для аграпрамысловага комплексу. Сёлета, напрыклад, ужо ствараецца група для навучання загадчыкаў ферм, начальнікаў вытворчых участкаў.

saulich@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter