Чаго мы не ведаем пра князёў Радзівілаў?

Адкрыць новыя старонкі гісторыі знакамітага роду стане магчымым дзякуючы передадзеным з Варшаўскага галоўнага архіва копіям дакументаў па гісторыі Беларусі з фонду “Князі Радзівілы” за XVII—XIX стагоддзі.

Як расказала дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Ала Галубовіч, на 160 тысячах кадраў мікрафотаплёнкі змяшчаюцца звесткі аб адміністрацыйнай, гаспадарчай дзейнасці князёў Радзівілаў, іх сямейных справах, перапісцы з рознымі дзяржаўнымі, палітычнымі і грамадскімі дзеячамі, сведчанні аб асаблівасцях бытавога ўкладу жыцця сялян, якія жылі ў тыя часы на тэрыторыі Беларусі.
“Так атрымалася гістарычна, што ў мінулым Беларусь і Польшча на працягу шасці стагоддзяў былі цесна пераплецены, — адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір Адамушка. — І сёння дзякуючы таму, што паміж архівамі нашых краін падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, мы можам ствараць сумесныя праекты, абменьвацца гістарычнымі матэрыяламі дзеля яшчэ больш дасканалага вывучэння нашай мінуўшчыны. Атрымліваючы дакументы пра род Радзівілаў, мы значна павялічваем Нясвіжскі архіў князёў”.
У сваю чаргу, галоўны архіў старажытных дакументаў горада Варшавы атрымаў ад Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі 24 кампакт-дыскі з электроннымі версіямі копій дакументаў па гісторыі Падляшша з фонду “Бранскі гродскі суд” за XVI—XVII стагоддзі. Навукоўцы яго ацэньваюць як сапраўдны помнік пісьменства, нацыянальнай культуры. “Вывучаючы гэты арэал, мы вывучалі гісторыю Польшчы і разам з тым — Беларусі, — адзначыў прафесар, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгій Галенчанка. — Падляшша нагадвае ў нейкай ступені познюю Амерыку. Там таксама сыходзілася мноства эміграцыйных плыняў, вельмі хутка развівалася культура”.
Якімі будуць новыя старонкі гісторыі роду Радзівілаў, пакуль што не ведаюць нават самі архівісты. Трэба пачакаць да новага года. Усе атрыманыя копіі патрэбна апісаць, і толькі тады яны будуць аддадзены на вывучэнне. Заставайцеся з “Народнай газетай” і вы першымі зможаце даведацца пра новыя скарбы нашай гісторыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter