Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чачэнскі перакладчык Купалы і Коласа

Адзін з найболей актыўных сучасных чачэнскіх паэтаў і перакладчыкаў Адам Ахматукаеў — часты госць у Беларусі. Удзельнічаў летась у Дні беларускага пісьменства. Выступаў на сёлетнім Міжнародным сімпозіуме “Пісьменнік і час”, які праходзіў у лютым у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Пераклады яго вершаў на беларускую мову з’явіліся на старонках “Літаратуры і мастацтва” і “Маладосці”.

Адам Ахматукаеў на мінскім кніжным форуме
Юры Мазалеўскі

Праяўляе Адам Ахматукаеў увагу да беларускага мастацкага слова і як перакладчык. Апошнім часам ён пераўвасобіў на сваю родную мову вершы Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Міколы Купрэева, Пімена Панчанкі, Алеся Бадака, Алены Стэльмах, Марыі Кобец, Валерыі Радунь. Такая паэтычная падборка спланавана да друку ў трэцім нумары літаратурна-мастацкага часопіса “Вайнах”, які выдаецца ў Грозным. У бліжэйшы час гэты штоквартальнік пабачыць свет. Дарэчы, поруч з паэтамі XX—XXI стагоддзяў знайшлося месца і неўміручым радкам Францыска Скарыны з яго прадмовы да кнігі “Юдзіф”.

А 25 ліпеня 2017 года чачэнская газета “Даймохк” надрукавала паэму Янкі Купалы “Нікому” і тры вершы Якуба Коласа ў перакладзе на чачэнскую мову. Зазірнуўшы ў біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі”, можна зрабіць выснову, што дагэтуль на чачэнскай мове быў надрукаваны толькі адзін верш — “А хто там ідзе?” у кнізе Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на мовах народаў свету” (Мінск, 1982 год). Перакладчык — Алвадзі Шахіеў, які нарадзіўся ў Кыргызстане 12 красавіка 1947 года.

Але ўсё ж такі гэта не адзіная публікацыя нашых класікаў на чачэнскай мове. Перакладалі яшчэ і Якуба Коласа. Гісторыя, акалічнасці самога перакладу пакуль што да канца не высветлены, але тым не меней… Адам Ахматукаеў, гартаючы кнігі чачэнскіх паэтаў, якія выходзяць у апошнія гады, звярнуў увагу на другі том з двухтомніка вядомага чачэнскага паэта трагічнага лёсу Магамеда-Саліха Гадаева (1909–1972) “Духоўныя пошукі” (Грозны, 2010 год). У ім надрукаваны верш народнага паэта Беларусі Якуба Коласа “Фашысцкім бандытам”. Цяжка сказаць, ці друкаваўся гэты пераклад пры жыцці М.-С. Гадаева. Ужо хаця б з той прычыны, што ў 1944 годзе разам са сваімі суродзічамі паэт быў дэпарціраваны з роднай старонкі. Вярнуўся дадому ў 1957 годзе. Праз некаторы час быў арыштаваны і асуджаны да доўгатэрміновага пакарання.

Ці былі здзейснены згаданымі перакладчыкамі ці іх калегамі іншыя пераўвасабленні паэзіі Купалы і Коласа на чачэнскую мову — невядома. Магчыма, наступны біябібліяграфічны, гістарычна-літаратурны пошук нешта новае і прынясе. Пакуль жа застаецца падзякаваць Адаму Ахматукаеву за пашырэнне прасторы класічнай беларускай паэзіі ў Чачні.

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter