Кузьма Чорный пел в церковном хоре, а Петрусь Бровка скрывал профессию отца

Чабор на Млечным Шляху

Гэтымi днямi мы адзначаем юбiлеi адразу двух класiкаў беларускай лiтаратуры. 24 чэрвеня — 120 гадоў Кузьме Чорнаму, чыё сапраўднае iмя Мiкалай Карлавiч Раманоўскi, а 25-га — 115 гадоў народнаму паэту Беларусi Пятрусю Броўку. Давайце ўспомнiм цiкавыя факты пра абодвух юбiляраў.

Кузьма Чорны

1. Парушаў мяжу, каб прынесцi лекi мацi

Кузьма Чорны з першай жонкай Iдай, сёстрамi и братам. Канец 1925 года.
ФОТО CITYDOG.BY
Зiма 1920 — 1921-га выдалася цяжкай. У родных Цiмкавiчах, як i паўсюль, разруха, голад. А мацi Глiцэра Мiхайлаўна дужа хварэе — сухоты. Мiкола хадзiў за лекамi i ў Слуцк, i ў Капыль… Безвынiкова. Нарэшце нехта параiў: патрэбныя лекi можна дастаць у Нясвiжы! А горад хоць ад вёскi i непадалёк, апынуўся па той бок савецка-польскай мяжы. Мiкола наважыўся i таемна перайшоў мяжу. Лекi прынёс, але яны, на жаль, не дапамаглi. 

2. Граў на балалайцы i спяваў у хоры

Мiкола Раманоўскi быў музычна адораны, разам з мацi спяваў у хоры Скiп’ёўскай царквы, па суседстве з Цiмкавiчамi. Умеў граць на балалайцы, фiсгармонii, пiянiна. Iграў i ў аматарскiх тэатрах. Яшчэ любiў кветкi i заўсёды вырошчваў iх на балконе мiнскай кватэры.

3. У якасцi псеўданiма ўзяў мянушку дзеда

Упершыню Мiкола Раманоўскi падпiсаўся вядомым псеўданiмам у 1923 годзе пад артыкулам у газеце «Савецкая Беларусь». Мiхась Чорны — гэта вулiчная мянушка яго дзеда, Мiхася Парыбкi, чалавека творчай натуры, якi навучыў унука бачыць хараство прыроды. 

4. Ажанiўся за кампанiю з сябрам

Аднойчы Кузьма Чорны паехаў разам з сябрам Язэпам Пушчам выступаць у Слуцк. Пасля лiтаратурнага дыспуту сябры пазнаёмiлiся з дзвюма мясцовымi дзяўчынамi — Станiславай i Iдай. Мiкола Раманоўскi ўпадабаў пачынаючую паэтку Iду Чырвань, Пушча — сцiплую Стасю. Сталiчныя паэты запрасiлi правiнцыйных знаёмых да сябе ў Мiнск. У Пушчы i Станiславы атрымалася моцная, шчаслiвая сям’я. Кузьма Чорны ажанiўся з Iдай Чырвань, але шлюб хутка распаўся, ёсць сведчаннi, што пiсьменнiка нават даставалi з пятлi.

5. Бацька памёр, калi даведаўся, што сын у турме

Кузьму Чорнага арыштавалi ў 1937-м разам з многiмi iншымi. Пра тое, якiя страшныя катаваннi давялося вытрымаць, Чорны запiсаў у сваiм дзённiку. Бацька даведаўся пра арышт сына выпадкова, калi пайшоў на базар. Вярнуўся дадому, паспеў звязаць венiк. Лёг спаць — i не прачнуўся. 

6. Пiсаў нават аслепшы

Пасля перажытага ў засценках здароўе было нiякiм, надарыўся iнсульт. Пiсьменнiк практычна аслеп. Але не ствараць не мог, таму браў аркуш паперы, клаў трафарэт, намацваў пальцамi лiтары i пiсаў. Менавiта такiм чынам узнiк раман «Пошукi будучынi».

7. Пакiдаючы Мiнск, прыхапiў карту Беларусi

Калi пачалася вайна, давялося тэрмiнова, пад бамбёжкай пакiдаць горад. У апошнi момант пiсьменнiк сарваў са сцяны карту Беларусi i забраў з сабою. Цудам яна захавалася i знаходзiцца ў музеi ў Цiмкавiчах. Цiкава, што карта — да 1939 года, таго часу, калi побач з Цiмкавiчамi праходзiла мяжа. 

Кузьма Чорны памёр ад паўторнага iнсульту, у маленькай няўтульнай кватэрцы. За сцяной у гэты час грукатаў рамонт у шыкоўнай кватэры суседа-чыноўнiка. Рабочыя пабаялiся прыпынiцца, нават калi сястра пiсьменнiка паведамiла, што за сцяной памiрае яе брат, якому перашкаджае грукат. Апошнi запiс у дзённiку Кузьмы Чорнага: «Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?»
Кузьму Чорнага з самых першых надрукаваных аповедаў пачалi называць беларускiм Дастаеўскiм. 

Пятрусь Броўка

1. Хаваў, што бацька быў стражнiкам

Пятрусь Броўка.
З самага пачатку анкета будучага класiка была сапсаванай. Хоць ён часцяком сцвярджаў, што да рэвалюцыi бацька быў беззямельным селянiнам, але насамрэч спачатку працаваў фурманам у памешчыка, а потым малодшым стражнiкам у Лепелi. У спецпаведамленнi сакрэтна-палiтычнага аддзела НКУС ад 12 жнiўня 1934 года гаворыцца: «Бровко П.У., беспартийный, сын полицейского, белорусский поэт. Ярый нацмен». 

2. Пайсцi на пахаванне бабулi перашкодзiла iдэалогiя

У вёсцы Петруся паважалi — ён з трынаццацi гадоў працаваў пiсарам, потым справаводам. Пачынаючага паэта абралi ўзначальваць камсамольскую арганiзацыю. Да канца жыцця ён шкадаваў, што не пайшоў на пахаванне сваёй бабулi, бо яе хавалi «з папом». А камсамольцу Броўку нельга было прысутнiчаць на богаслужэннi.

3. Меў мянушку «ад’ютанта Купалы»

Нядобразычлiўцы называлi Броўку то «прыдворным паэтам Янкi Купалы», то «ад’ютантам Купалы». Як даносiў невядомы ў ГПУ з нагоды падрыхтоўкi да 50-годдзя Купалы, «баючыся, што пiсьменнiкi—камунiсты юбiлей «скомкаюць», пiсьменнiкi Баранавых i Броўка ўзялi iнiцыятыву арганiзацыi юбiлею на сябе i яе з уздымам ажыцьцяўлялi… Уся ж соль шкоднасьцi ў тым, што i Баранавых, i Броўка кожнае мерапрыемства «пагоджвалi» з Купалам, заяўляючы: «мы, бачыце, вас шануем — хай каму i не падабаецца, а ваш юбiлей Беларусь адсвяткуе».

4. Мацi цаной жыцця выратавала дзяўчыну

Падчас вайны мацi паэта стала сувязной у партызанскiм атрадзе Лабанка. Яе схапiлi i адправiлi ў Асвенцым. Там яна пайшла ў газавую камеру замест маладзенькай дзяўчынкi. Пятрусь Броўка напiсаў пра гэта паэму «Голас сэрца».

5. Цешча жыла ў паэта нелегальна

Пятрусь Броўка ажанiўся з дачкой Мiхала Рыдзеўскага, дырэктара Белпедтэхнiкума. Рыдзеўскi быў расстраляны як вораг народа 29 кастрычнiка 1937 года. Цешча Броўкi i два яе сыны апынулiся ў лагерах. Броўка дабiўся вызвалення цешчы. Алена Рыгораўна была прапiсана ў Мар’iнай Горцы, але Броўка пасялiў яе ў сябе, у шыкоўнай кватэры ў цэнтры Мiнска, дзе зараз музей. Кажуць, што мiлiцыянеру, якi дзяжурыў у наменклатурным пад’ездзе, давалi бутэльку, каб прапускаў нелегальную жылiчку.

6. Раман «Калi злiваюцца рэкi» быў скарочаны сябрам

Пасля вайны Броўка наважыўся на стварэнне празаiчнай эпапеi. Тэмай узяў будаўнiцтва ГЭС на мяжы трох рэспублiк. Раман «Калi злiваюцца рэкi» пiсаўся доўга i пакутлiва. Якраз вярнуўся з высылкi сябар Броўкi Ян Скрыган, выдатны стылiст. Броўка ўзяў яго на працу ў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», якое ўзначальваў. Вось i папрасiў адрэдагаваць рукапiс… Скрыган скарацiў больш чым палову. Броўка быў старшынёй Саюза пiсьменнiкаў БССР. Вядома, ягоны эпiчны твор не маглi не хвалiць, адзначылi лiтаратурнай прэмiяй iмя Якуба Коласа. Але Ян Скрыган успамiнаў: «A ў нетрыбунных гутарках старшынёў раман называўся iнакш: «Калi злiпаюцца векi». 

7. Верш «Александрына» прысвяцiў вядомай актрысе

Пятрусь Броўка — выдатны лiрык, ягоныя вершы неаднойчы рабiлiся песнямi… Як, напрыклад, «Александрына». Ёсць версiя, што верш прысвечаны актрысе вiцебскага Коласаўскага тэатра Зiнаiдзе Канапельцы, у якую ў маладосцi быў закаханы паэт. 

Дарэчы. Нягледзячы на тое, што Броўка на пяць гадоў старэйшы за Чорнага, памёр ён на 36 гадоў пазней.

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter