Незаконная рыбалка: што рухае браканьерамi

Cеткі цягнуць на сябе

Захапленні каштуюць дорага. Хтосьці траціць вялікія грошы на падарожжа, лазанне па горах, на паляванне, а хтосьцi душу прадасць за магчымасць пасядзець на беразе вадаёма з вудай. Толькі вось рыбалка рыбалцы не роўная. Далёка не ўсе схільныя бавіць час у цішыні, медытаваць, пакуль паплавок не закалышацца, слухаць спевы вясновых птушак. Некаторыя давяраюць толькі сеткам, каб напэўна быць з уловам, або такім сучасным сродкам, як электравуды. Зараз рыба знаходзiцца на нерасце — з 20 сакавіка рыбалка на Брэстчыне і Гомельшчыне, а з 1 красавіка на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне такімі спосабамі ўжо сапраўды забароненая. Але заўсёды былі і застаюцца тыя, каму мора ці хаця б мясцовая рака па калена.

Рыбы, прычым як замарожанай, так і свежай, поўна амаль у любым прадуктовым магазіне. Хочаш — прыйдзі і тыкні пальцам у акварыум: табе вылавяць упадабаную. А далей смажыць яе ці парыць — справа асабістая. Але камусьці ў шопінгу паляўнічага азарту мала. Ды і за магазінную рыбку трэба плаціць. А ў вадаёме, глядзіш, нават калі парушаць па-буйному, здабыча можа быць і бясплатнай. Тады хочаш — сам ясі, хочаш — кошку корміш.


Толькі вось у рэальнасці дармавая рыбка можа стаць залатой, а то і залатой у буйныя брыльянты. Чытаючы аб сумах штрафаў, часам думаеш, што за гэтыя грошы можна было б рыбай харчавацца кругласутачна, а то і рыбачыць дзе-небудзь на Маўрыкіі. Але Маўрыкій далёка, а вёска Стайчанка Бярэзінскага раёна блізка. Так, мабыць, вырашылі два мінчанiны, што рыбачылі з электравудамі на тамтэйшым вадаёме. У выніку на штраф і пакрыццё шкоды за вылаўленую рыбу мужчыны выдаткуюць 9 (!) тысяч рублёў. Зрэшты, рэкорд шумілінскіх браканьераў 2016 года яны так і не пабілі — тады лік ішоў на дзясяткі тысяч рублёў. Пагадзіцеся, дарагое задавальненне!

Зрэшты, калі памер шкоды перавышае 100 базавых велічынь, так лёгка ад інспектараў не пазбавіцца. Гэта ўжо падстава для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Нават калі і тэрмін умоўны — не самы лепшы радок у біяграфіі. Так было і з парушальнікамі з Шуміліна. Больш за тое, вельмі часта адно парушэнне цягне за сабой ланцужок іншых. У Маладзечанскім раёне ў гэтым годзе начное падводнае паляванне для двух мінчан павярнулася паўтысячнымі штрафамі.

Гісторыі пра незаконную рыбалку, а іх нямала, мільгаюць кур’ёзамі. Але весела ад гэтага не становіцца. З аднаго боку, гэта сур’ёзная шкода прыродзе, з другога — удар па ўласных кашальку і рэпутацыі. Толькі за перадапошні тыдзень сакавіка Дзяржінспекцыя па ахове расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце выявіла каля паўсотні парушэнняў правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства i канфіскавала больш за 270 сетак і 38 кiлаграмаў незаконна вылаўленай рыбы. Уявіце, якой будзе лічба за месяц? А за год?

Дарэчы, са студзеня гэтага года былі ўнесены змяненнi ў адміністрацыйнае заканадаўства ў частцы такіх правапарушэнняў, спісаць наяўнасць у багажніку асабістага аўто сетак або электравуды на «шчаслівую знаходку» не атрымаецца. Цяпер гэта будзе падставай для немалога штрафу. Напрыклад, жыхару Клічава наяўнасць электравуды, нават без улову, абышлася амаль у тысячу рублёў. Хоць, пэўна ж, ён не прыходзіў на бераг ракі Несятка проста падыхаць свежым паветрам.

Што рухае гэтымі людзьмі? Сказаць складана. Прага нажывы? Экстрыму? На сённяшні дзень экстрэмалам сябе праявіць ёсць дзе. Можа, голад? Таксама наўрад ці. Так, некаторыя прадаюць дармавую рыбку дзеля пакупкі выпіўкі. Але самае страшнае, ёсць тыя, хто проста робіць, як усе. Быццам бы без злога намеру, але і не падумаўшы. Усе лавілі, і я пайшоў — самы распаўсюджаны і самы бязглузды аргумент. Таму што адказваць кожны будзе толькі сам за сябе.

veraart14@mail.ru   
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter