Народная газета

Cам сабе Кулібін

Як сабраць трактар “на каленцы” — майстар-клас ад сям’і з Лельчыцкага раёна

Узімку, калі наваліла гурбы па грудзі, у аграгарадку Буйновічы пад Лельчыцамі адбыўся маленькі перапалох. Некаторыя мясцовыя жыхары, мінаючы падворак сям’і Раманавых, падумалі, што здарылася сур’ёзнае ДТЗ, — снег у меліярацыйным рове быў перакапаны, засталіся выразныя сляды шын, вакол валяліся камякі бруду... На самай справе гэта Сяргей Раманаў з сынам, які прыехаў на канікулы, вырашылі зладзіць палявыя выпрабаванні новай “цацкі” — сабранага з нуля аўтамабіля павышанай праходнасці.


Сяргей Раманаў у Буйновічах чалавек вядомы. Былы вясковы настаўнік з амаль 20-гадовым стажам, па адукацыі філолаг, пасля закрыцця мясцовай школы ўзяў і перасеў за руль школьнага аўтобуса. Прычым дзеля гэтага прайшоў навучанне ў аўташколе і атрымаў адпаведную катэгорыю правоў вадзіцеля. “Галоўнае — без справы не сядзець. У сельскай мясцовасці гультайства — бяда”, — казаў Раманаў. Разам з тым класічны гуманітарый і яго сын захапіліся зборкай трактароў і аўтамабіляў. “Што там незразумелага ў тэхніцы? Варта аднойчы адкрыць невядомы агрэгат, зазірнуць унутр, і прынцып работы становіцца ясным”, — усміхаецца Сяргей, выціраючы рукі рыззём. Ён вось толькі дэманстраваў хадавыя якасці свайго “дракона” — міні-трактара, сабранага тут жа, у гаражы, усяго за два летнія месяцы.

Трактар сапраўды атрымаўся “драконам” і на сто працэнтаў працаздольны. Даедзе хоць да недалёкіх Лельчыцаў, хоць да Мінска, хоць да Берліна. Калі не ўпэўнены, што тэхніка не падвядзе, тады і пачынаць паездку не варта. Зрэшты, у самаробнага трактара мясцовага кулібіна іншае прызначэнне — дапамога па гаспадарцы.

— Пару гадоў таму купілі самаробны трактарок з рухавіком ад матацыкла. Неўзабаве зразумелі, што гэта, хутчэй, цацка, чым тэхніка, — узгадвае Сяргей. — Аднак які гэта быў агрэгат! Маламагутны, нефункцыянальны і ў той жа час пражэрлівы. Ні араць на ім, ні смецце вясной на звалку вывезці, але ж тэхніка ў вёсцы прастойваць не павiнна. Вось і вырашылі з сынам трохі дапрацаваць трактар. Пачалі з рухавіка, а потым пайшло-паехала...

Раманавы купілі стары “Масквіч”, “развалілі” яго, на самаробную раму ўстанавілі матор, каробку перадач, хадавую частку. Змайстравалі рулявую калонку. Сяргей прызнаецца, што пачыналі праект ад няма чаго рабіць — прасцей было б купіць новы мотаблок. Таму выразнага бачання сваёй будучыні творцы не мелі: “Якія там чарцяжы? Прыклаў жалязяку, на вока адпілаваў, прыварыў. Сяк-так сагнуў, малатком падраўняў. Вось і ўсё. Мог трактар атрымацца лімузінам, не спрачаюся. Але мы яго хутка пакарацілі б да зручных памераў”.

Хто б падумаў, што некалі гэты бадзёры “месяцаход” дарэмна іржавеў пад плотам?

Два месяцы варылі, круцілі, білі. Сёння сям’я Раманавых на трактары і зямлю арэ, і ў лес па грыбы ездзіць, і суседзям па гаспадарцы дапамагае. Тэхніка ніколі не падводзіла. Хаця, варта прызнаць, трактар час ад часу разбіраецца да шрубаў, падоўгу ляжыць у гаражы як машынакамплект. Гэта набівае руку Павел — студэнт Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Сяргей успамінае, што ў сына прага да тэхнікі выяўлялася яшчэ ў раннім дзяцінстве. Хлопца хлебам не кармі — дай паруліць. Бывала, мясцовыя ўголас смяяліся: едзе трактар па прасёлачнай дарозе, а з-за руля нікога не відаць, толькі маленькія рукі на ім ляжаць, побач Сяргей сядзіць, страхуе. “Яму ж у дзяцінстве з цацак нічога нельга было купляць — усё разбіраў, вывучаў канструкцыю, мадэрнізаваў. Усё прасіў канструктары яму дарыць. А да 11 гадоў назбіраў пэўную суму і набыў сабе “канструктар” — матацыкл”. Равеснікі па канавах лазілі ды катоў ганялі, а Павел суткамі ў гаражы сядзеў, разбіраў-збіраў “Іж”.

— Неяк кажу сыну: “Чаго ты ўсё поркаешся з гэтым матацыклам? Схадзіў бы з хлопцамі пагутарыў”. А ён у адказ: “Лепш каля крамы піва піць?” — смяецца Сяргей.

Вывучэнне канструкцыі тэхнікі Паўлу пайшло на карысць. Па профільных прадметах у каледжы ў яго вышэйшыя балы. Раздзелы, прысвечаныя канструкцыі трактароў і машын, “праглынае” на раз, бо на практыцы даўно вывучыў усе тонкасці рухавікоў унутранага згарання і іншых агрэгатаў. Высакакласныя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы на вагу золата, і ў Паўла, па ўсім відаць, вялікая будучыня.

Дзіўна і на першы погляд не паддаецца лагічнаму тлумачэнню іншае: адкуль веды ў тэхніцы з’явіліся ў Раманава-старэйшага — настаўніка-гуманітарыя? Сам ён толькі паціскае плячамі, успамінае, што яго дзед, а затым дзядзька працавалі ў калгасных майстэрнях. А ён сядзеў побач, глядзеў, падаваў гаечныя ключы: “Круціць жалязякі — гэта само сабой прыходзіць. Проста ў вёсцы без умення працаваць галавой і рукамі рабіць няма чаго — заробкі невялікія, па той жа трактар у краму асабліва не разгонішся. З іншага боку, без яго ў гаспадарцы нікуды. Ну ці ўвесь час да “конных” суседзяў будзеш хадзіць на паклон, прасіць ці то агарод пабаранаваць, ці то бульбу выбраць”.


Дарэчы, ад пераплаўкі Раманавы выратавалі і свой пазадарожнік — старажытны ЛуАЗ. Вастраносы зялёны “месяцаход” з гаражных варот задзірыста паглядае на курэй, якія бегаюць па двары. Ключ на старт, і аўтамабіль завуркатаў, упэўнена выбраўся з бокса і для праверкі фарсіруе меліярацыйны роў.

— Мінулым летам цешча, аматарка збіраць журавіны, запатрабавала сабе ЛуАЗ, — Сяргей Раманаў сцвярджае, што машына ў іх сям’і з’явілася выпадкова. — Сказала, што мяхі з ягадай з балота ўжо цягаць цяжка, а сусед вунь на “месяцаходзе” куды хочаш даехаць можа. Улагодзілі сваячку, купілі ёй машыну. Былы яе ўладальнік у нагрузку яшчэ два машынакамплекты аддаў. Куды іх? Прыцягнулі на лафеце ў Буйновічы, пачалі з сынам раіцца, што далей рабіць.

Думалі, варта сказаць, нядоўга. Стала цікава: ці змогуць ажывіць груду металалому, што ляжыць пад плотам? Ажывілі. Цяпер, як толькі па ягады або па грыбы, суседзі просяцца “на борт”. Ведаюць, што “месяцаход” пройдзе ўсюды і ніколі не падвядзе.

Сяргей увесь час смяецца, называе захапленне “балаўством” і “ад няма чаго рабіць”. Аднак навыкі ў слясарнай справе яму не аднойчы спатрэбіліся і па працы. Вадзіцелі школьных аўтобусаў у глыбінцы не толькі руль круцяць, але і рамантуюць тэхніку. Аўтобусы ездзяць па такіх дарогах, што сядзенні ў салоне ад вібрацыі адвальваюцца. Час ад часу пачынаюць збоіцца рухавікі, рассыпаецца падвеска. Але ж кожную раніцу на вясковых прыпынках у любое надвор’е стаяць дзеці, чакаюць рэйса ў школу. Вось і прыходзіцца вадзіцелям латаць тэхніку. Аўтобус Сяргея заўсёды прыходзіць дакладна па раскладзе.

— Што далей — гоначны балід? Верталёт? — пад’юджваю гаспадара, які ўтульна ўладкаваўся за рулём ЛуАЗа і, відавочна, не жадае пакідаць сваё месца.

— Тэхнікі пакуль хапае. Хіба што рукі зачэшуцца. Бачыце хлам каля гаража? Там “хаваецца” яшчэ адзін трактар. Сын на канікулы прыедзе — падумаем, што рабіць. Можа, збяром і каму з суседзяў падорым. У нас гэта хутка.

muravsky@sb.by

Фота аўтара

Версия для печати
ЛИЛИЯ, 40, БУЙНОВИЧИ
СПАСИБО ЗА СТАТЬЮ.ОЧЕНЬ ПРИЯТНО .ЭТО МОЙ РОДНОЙ СТАРШИЙ БРАТ.
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости