Бывайце здаровы, жывiце багата!

Як землякі Адама Русака выконваюць пажаданне-наказ свайго знакамітага паэта-песенніка

Недалёка ад месца, дзе ў Капыльскім раёне ў Нёман уліваюцца Нёманец і Лоша, раскінулася вёска Пясочнае. Яна ўзвышаецца над балотам на левым беразе ракі. У нізіне на заходнім канцы вёскі — пясчаная града, якая ў канцы дня чырванее на сонцы. Ад глебы, на якой стаіць вёска, і пайшла назва, лічаць мясцовыя жыхары. Яны ганарацца сваім аграгарадком, бо менавіта тут нарадзіліся паэты-песеннікі Адам Русак і Анатоль Астрэйка, а за кіламетр ад вёскі — сядзіба Наркевіча-Ёдкі.

Гэтае наваколле людзі аблюбавалі некалькі тысяч гадоў таму. У мінулым стагоддзі археолагі выявілі старажытнае паселішча. Продкі эпохі неаліту і бронзавага веку размяшчаліся тут уздоўж Нёмана. Знайшлі падобныя на нож пласцінкі, разцы, скрабкі, кераміку. Упершыню вестка пра само Пясочнае з’явілася ў XVI стагоддзі. Тады яно ўваходзіла ў склад Слуцкага княства Вялікага Княства Літоўскага. Князь Юрый Алелькавіч ведаў, што мястэчка ў вярхоўях Нёмана можа прынесці нямала прыбытку, таму звярнуўся з просьбай да Жыгімонта II Аўгуста. Прывілей быў падпісаны: «Князю Слуцкаму на грунце маёнтка свайго Капыльскага ва ўрочышчы Пясочным, што над ракою Нёманам ляжыць, мястэчка людзьмі сваімі і прыхаджанамі вольнымі засадзіць і ў ім торг весці кожны тыдзень у той дзень, у які яго міласць пажадае...» Сотні плытоў гналі па рацэ, і неўзабаве Пясочнае ператварылася ў буйны гандлё- ва-рамесны цэнтр.

Шырокія вуліцы вёскі ляжаць тут перпендыкулярна галоўнай, на якой  з пачатку XVII стагоддзя размясцілася вядомая рыначная пляцоўка. Такая планіроўка — заслуга Хадкевічаў, кажуць пясочненцы. Зямлю род набыў для будаўніцтва рачных судоў. Захавалася ў Пясочным інвентарнае апісанне 1744 года, з якога відаць, дзе што размяшчалася і якіх пабудоў ужо не засталося.

Пасля вайны 1812 года мястэчка перайшло ў маёмасць Наркевічаў-Ёдкаў. Іх сядзіба на правым беразе ракі, у суседняй вёсцы Наднёман Уздзенскага раёна. Якім быў маёнтак,  відаць з малюнка вядомага беларускага мастака XIX стагоддзя Напалеона Орды. Зараз ад яго захаваліся руіны галоўнай брамы і цэнтральнай часткі палаца. Помнік сядзібнай архітэктуры цяпер аднаўляецца.

Менавіта тут тварыў «электрычны чалавек», як празвалі беларускага прыродазнаўцу Якуба Наркевіча-Ёдку французскія газеты ў канцы XIX стагоддзя. Даследчык меў у наднёманскім маёнтку лабараторыю, вывучаў, як уздейнічае электрычнасць на чалавечы арганізм. Потым перанёс сюды метэаралагічную станцыю з другой сваёй сядзібы Атонава, якая знаходзілася ў цяперашняй вёсцы Калінаўка-2.

Ганарацца гісторыяй сваёй вёскі ў Пясочненскай сярэдняй школе імя Сцяпана Умрэйкі, яна стаіць у цэнтры аграгарадка. Сцяпан Умрэйка — былы вучань, які потым працаваў тут настаўнікам. Разумнік з сяла стаў прафесарам, загадчыкам кафедры педагогікі БДУ, намеснікам міністра адукацыі.

Вучыліся некалі ў Пясочненскай школе і Адам Русак, і Анатоль Астрэйка. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Майсюк, якая кіруе школьным музеем, паказвае здымкі: любімае месца Русака, дом яго сям’і, побач на стэндзе — Анатоль Астрэйка. Самае ўнікальнае фота – Адам Русак, Анатоль Астрэйка і Сцяпан Умрэйка разам са сваім таленавітым настаўнікам рускай мовы і літаратуры, пазаштатным членам Саюза пісьменнікаў Іванам Шаблюком. Алена Майсюк распавядае:

— Калі Адам Русак ад`яджаў на вучобу ў Ленінград, маці Марыя Ігнацьеўна прасіла: «Сыночак, напішы колькі слоў па прыездзе». Аднойчы ён адказаў бацькам тэкстам песні «Бывайце здаровы!». Марыя Ігнацьеўна пачала спяваць яе ў Пясочным, потым разышлася песня па Капыльскім раёне. Вершы Адама Русака так і пылаюць сваёй народнасцю, а вось Анатоль Астрэйка быў лірыкам. Казалі, што нарадзіўся ён у полі, сярод жытнёвага калосся. Сімвалічна, ці не праўда?

У школе 64 вучні. У першы клас у гэтым годзе пойдзе пяць дашкалят, сем выпускнікоў паступаюць у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Дзяцей усё менш, хвалююцца настаўнікі.

Зараз тут поўным ходам ідзе рамонт, клеяць шпалеры, фарбуюць падлогу. Да адкрыцця аграгарадка ў 2008 годзе паставілі некалькі шклопакетаў, памянялі дах, купілі новае абсталяванне ў сталовую. А ў новым навучальным годзе вучняў чакае сапраўдная падзея.

— Першага верасня пасля рамонту адкрыецца абноўленая спартыўная зала, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Яна знаходзіцца ў будынку Цэнтра культуры і вольнага часу.

Школьнікі тым часам займаюцца ландшафтным дызайнам вёскі. Хлопцы разам са сваім настаўнікам працоўнага навучання Ларысай Мікалаевіч распрацавалі праект «Мая маляўнічая Радзіма».

— Хочацца, каб па вёсцы было прыемна прайсціся, — расказвае настаўніца і паказвае самаробны вадаём, бусла ў гняздзе, яркую клумбу каля ўваходу ў Цэнтр культуры. — У наступным годзе будзем упрыгожваць тэрыторыю каля ўчастковай амбулаторыі. Вядома, усё на грамадскіх пачатках. Дзесьці саўгас «Луч» дапамагаў, дзесьці сельсавет. Грошы на будаўніцтва вадаёма дала арганізацыя «Белая Русь».

Не зацiхае ў Пясочным і культурнае жыццё. Сцэна тут нават большая, чым у раённым Доме культуры. І часцяком вядомыя беларускія артысты аддаюць перавагу гэтай вёсцы. На нядаўняе 110-годдзе з дня нараджэння Адама Русака, якое адзначалі ў траўні, прыехаў аркестр Белдзяржфілармоніі. На мінулыя юбілеі наведваў вёску з дабрачынным канцэртам Міхаіл Фінберг, былі тут Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Запомніліся вяскоўцам візіты Ірыны Дарафеевай, Надзеі Мікуліч, Яўгена Слуцкага.

— Я працую тут 27 гадоў, і за ўвесь час змянілася 11 дырэктараў, — кажа бібліятэкар Пясочненскага цэнтра культуры і вольнага часу Надзея Баранава. — Цяперашні дырэктар Любоў Карповіч — наша золата, вельмі творчая асоба. Складае вершы, піша сцэнарыі для п’ес, якія потым і ставім. Здолела раскрыць таленты ў школьнікаў.

— А ці шмат чытачоў у бібліятэцы? — пытаюся.

— А як жа! Прыходзяць студэнты, бабулі з унукамі. Вядома, асноўнай нашай чытацкай аўдыторыі — за трыццаць. Школьнікі, шкада, абмяжоўваюцца вучэбнай праграмай. Але стараюся неяк зацікавіць, заахвоціць прыйсці сюды лішні раз. Ёсць у нас настольныя гульні, запрашаю дзяцей удзельнічаць у розных пастаноўках. Сёння, напрыклад, будзе «Падарожжа ў краіну здароўя».

Надзея Баранава паказала дзве экспазіцыі. У холе — экспанаты, якія перадаюць мясцовы побыт мінулага стагоддзя. Хтосьці з вяскоўцаў аддаў свой куфар, гліняныя гаршкі, старую драўляную паліцу, зробленую ўручную, маслабойку, прасла. А ў спецыяльнай зале — рэчы Адама Русака: скрыпка, рукапісы, партфель, крэсла і стол, за якім працаваў.

Наступным прыпынкам для карэспандэнта «СГ» стаў дом сям’і Умрэйка. Называюць іх у вёсцы чамусьці Карпеевы. Гаспадыня, убачыўшы старшыню Слабада-Кучынскага сельсавета Нэлі Гусеву, звяртаецца з жыццёвай праблемай: «Ліпа, што расце на школьным участку,  каранямі разбурае падмурак суседскага дома...»

Яраслаў Лук’янавіч і Надзея Васільеўна Умрэйкі ў шлюбе ўжо 61 год. Працавалі ў мясцовым саўгасе «Луч», выхавалі чацвёра дзяцей. Разышліся яны — хто ў Мінск, хто ў Светлагорск, адна дачка засталася ў Пясочным. Сваімі нашчадкамі старыя ганарацца. І ёсць за што. Напрыклад, сын Аляксандр стаў гісторыкам, напісаў пра родную вёску кнігу «Запіскі аб Радзіме».

— Асабліва добра ён раскрыў тэму Вялікай Айчыннай вайны, — распавядае Яраслаў Лук’янавіч. — Вы, напэўна, бачылі помнік каля Цэнтра культуры. Мне было 11 гадоў, і я добра запомніў той цяжкі час. 5 лютага 1943 года ў вёсцы адбылася трагедыя. Немцы ўчынілі расправу над мірнымі жыхарамі. Сын вывучаў архівы — забілі 278 чалавек.

— Дзядуля, а чаму вас клічуць Карпеевымі?

— О, гэта асаблівасць нашай вёскі. Будзеце шукаць чалавека па прозвішчы — не знойдзеце. У нас столькі Шаблюкоў, Умрэйкаў, Астрэек, што мясцовыя пачалі прыдумваць мянушкі. Майго дзеда звалі Карп, вось мы і Карпеевы. Быў у нас дзед Матрос, клікалі яго так таму, што служыў на флоце. Нашчадкі — Матросавы. У Баравіковых дом з самана — гліны, змяшанай з саломай, вось яны і Саманавы, — працягвае Яраслаў Лук’янавіч. — Жывецца нам тут нядрэнна, да крамы — рукой падаць, бабуля з бібліятэкі па пяць кніг цягае...

Сацыяльныя аб’екты ў Пясочным ёсць — дзіцячы садок, паштовае аддзяленне, участковая амбулаторыя. У 2010 годзе пабудавалі новую царкву.  Грошы збіралі некалькі гадоў усёй вёскай, у саўгасе дапамаглі з тэхнікай. Захавалася тут старая гандлёвая традыцыя, прыязджае кожны тыдзень рынак, ёсць дзве прадуктовыя крамы раённага спажывецкага таварыства. Не так даўно прыватны прадпрымальнік прывёў у належны стан забыты богам будынак, прыбраў з тэрыторыі звалку смецця і адкрыў трэці магазін.

Праўда, сутыкаюцца пясочынцы ў летнюю пару з некаторымі цяжкасцямі. У вёсцы не хапае вады, здараюцца  і «гідраўдары» — з-за павышанага ціску зрывае краны.

— Вадаправод праведзены ў 60-я гады, разлічваўся на невялікае спажыванне. Быў на балансе саўгаса, пабудавалі яго без праектных дакументаў, не выконваючы правільнай тэхналогіі, — тлумачыць старшыня сельсавета Нэлі Эдуардаўна. — Тры гады таму прарылі дадатковую свідравіну, але гэта не вырашыла праблему. Вадаправод на балансе Капыльскага ЖКГ, пытанне разглядаюць, кожны год нешта робяць, аднак гэтага недастаткова...

Пясочненцы працуюць у асноўным у мясцовых установах, каля 50 чалавек — у саўгасе «Лясное». Некаторыя ездзяць у райцэнтр, частка ўладкавалася ў Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце ў вёсцы Калінаўка-2 і ў санаторыі «Пад’ельнікі». Нэлі Гусева расказвае:

— У пачатку гэтага года саўгас «Луч», які знаходзіўся ў Пясочным, і саўгас «Лясное» аб’ядналі. Без працы не застаўся ніхто. У Пясочным 224 дамы, дзе пастаянна жывуць людзі, і 232 домаўладанні сезоннага плану. У асноўным яны пераходзяць у спадчыну, але на шматлікія ўчасткі знайшліся пакупнікі — месца чыстае і прыгожае, Нёман. Хаця жыхароў паступова становіцца менш.  Калі ў пачатку мінулага стагоддзя было 900 чалавек, то цяпер каля 500.

Месца тут сапраўды дзіўнае, не хацелася нават вяртацца ў Мінск. Вось толькі б праз некалькі дзясяткаў гадоў не пуставалі гэтыя дамы, крамы, школа, дзіцячы садок... Здаровым і багатым можна ж быць не толькі ў сталіцы.

Вікторыя КОРШУК, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter