Бывайце, Паэт

Краіна развітваецца з народным паэтам Рыгорам Барадуліным

Краіна развітваецца з Рыгорам Барадуліным. Імша адбудзецца сёння раніцай у Чырвоным касцёле. Народнага паэта Беларусі не стала 2 сакавіка. Усяго за тыдзень да смерці яму споўнілася 79. Пахаваюць Рыгора Барадуліна ва Ушачах побач з магілай маці. «На таку майго веку зярняты дзён былі добрыя. Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. З іх хлеб для душы мае», — напісаў некалі паэт. Вобраз маці быў, бадай, самым галоўным і ў яго творчасці.

Рыгор Іванавіч нарадзіўся на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Ушацкую сярэднюю школу, а ў 1959 годзе — філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у розных газетах і часопісах, а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура».

Першыя вершы Рыгора Барадуліна з’явіліся ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена». Яшчэ студэнтам яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Першая кніжка паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшла ў 1959(м. У цэлым жа плён працы паэта налічвае каля 100 зборнікаў лірыкі, гумару, вершаў для дзяцей, кніг эсэ і ўспамінаў. Таксама пабачылі свет больш за 20 зборнікаў паэтычных перакладаў з іншых моў. На дзесяткі моў свету перакладаліся і вершы самога Рыгора Барадуліна.

Яго паэзія — з’ява надзвычай непаўторная, унікальная. Яго вершы пазнаюцца нават без подпісу. «Паэзія Барадуліна — чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхнення, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку. Тое асабліва адчувальна, калі апынуцца ў растанні з ёю...» — пісаў Васіль Быкаў, з якім вельмі блізка сябраваў Рыгор Іванавіч.

Рыгор Барадулін узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», латвійскім ордэнам Трох Зорак (1995), медалём Ф. Скарыны. З’яўляўся ганаровым доктарам БДУ і ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна.

Рыгор Барадулін атрымаў званне народнага паэта (1992). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсіі Лоркі. У 2006(м кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».

...Ён пайшоў з жыцця ў Даравальную нядзелю. І, напэўна, дараваў усім. I ўсё ж яшчэ раз даруйце нам, Рыгор Іванавіч.

І бывайце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter