Бывайце, мэтр…

Скончыўся зямны шлях народнага артыста Валерыя Раеўскага

Скончыўся зямны шлях народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага.

19 лістапада ў Мінску на 73-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр славуты рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валерый Раеўскі. Спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста краіны накіраваў Прэзідэнт Беларусі.

З 1967 года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Валерый Раеўскі пачаў працаваць у Купалаўскім. У 1973-м становіцца галоўным рэжысёрам тэатра, а з 1991 года — яго мастацкім кіраўніком, застаючыся на гэтай пасадзе да 2009-га.

Вучань знакамітага рэжысёра, педагога Уладзіміра Маланкіна і легендарнага Юрыя Любімава, у якога ў Тэатры на Таганцы стажыраваўся тры гады, Валерый Раеўскі прапанаваў Купалаўскаму новы стыль, заснаваны на філасофіі свабоды — свабоды пераканання і свабоды выяўлення. Яркая і паэтычная тэатральная мова, разняволеная форма, вострая праблематыка пастановак спалучалiся з высокім класічным стылем тэатра. На стыку акадэмізму і эксперымента нараджалася непаўторнасць Купалаўскага, яго своеасаблівасць і адметнасць.

Толькі на галоўнай сцэне краіны, Купалаўскай, Валерыем Раеўскім былі створаны больш за 35 спектакляў паводле беларускай, рускай, замежнай драматургіі. Шэраг пастановак быў ажыццёўлены ім за мяжой: у Расіі, Польшчы, Украіне, Славеніі, Эстоніі, Ірландыі. Многія работы адзначаліся прызамі вядомых тэатральных фестываляў.

За спектаклі «Радавыя» паводле А.Дударава (1985) і «Мудрамер» паводле М. Матукоўскага (1988) Валерый Раеўскі быў ушанаваны Дзяржпрэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Доўгі час Валерый Раеўскі з’яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацваў, вялікая колькасць яго вучняў — акцёраў і рэжысёраў — плённа працуюць сёння ў розных тэатрах Беларусі.

Развітанне з Валерыем Раеўскім адбудзецца сёння, 22 лістапада, з 11 да 13 гадзін у сталічным Доме літаратара.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter